З аграрыяў у салдаты. Як ваенная істэрыя ў Беларусі прывяла да дзіўнага выніку

Бразганне зброяй да добрага не даводзіць. Усім вядомая фраза пра стрэльбу, якая ў першым акце вісіць на сцяне, а ў трэцім страляе. У нашым выпадку яна страляе ціха і незаўважна, але мы ўсё адно вешаем і вешаем яе на сцяну.

_belarus_vajna_vaenny_ljudzi_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Каардынацыйны штаб Украіны па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі на гэтым тыдні прывёў цікавую статыстыку. За дзевяць месяцаў 2026 года Расія завербавала на вайну ва Украине больш за 16 тысяч грамадзян замежных дзяржаў. Усяго з пачатку вайны кантракты з расійскай арміяй падпісалі 45 959 замежнікаў з 151 краіны.

Больш за тое, у РФ існуе нават план па вярбоўцы замежнікаў. Згодна з ім, у 2026 годзе армія РФ мусіць прыцягнуць на вайну 18 500 замежных грамадзян.

Хто ж лідзіруе па колькасці наёмнікаў? Паводле ўкраінскіх даных, гэта Узбекістан, Таджыкістан і — канешне ж, Беларусь.

Пры гэтым, паводле ўкраінскай статыстыкі, 46,7% замежных грамадзян падпісалі кантракт з арміяй РФ дзеля атрымання расійскага грамадзянства. Гэта зразумела наконт грамадзян Узбекістана і Таджыкістана. А беларусам яно навошта?

Не трэба. Але проста ўсеагульная ваенная істэрыя ў краіне спрыяе мілітарысцкім настроям. І беларускія ўлады гэтую справу ўсяляк падтрымліваюць і прапагандуюць.

Мы ўжо пісалі пра тое, што сайт па вярбоўцы грамадзян Беларусі ў расійскую армію створаны фактычна пад дахам Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. А на гэтым тыдні ў праграме «Навіны 24 гадзіны» на СТБ паведамілі, што ў Беларусі плануецца стварыць больш за тысячу (!) атрадаў народнага апалчэння.

«Практычная падрыхтоўка добраахвотнікаў ідзе бесперапынна. На вучэннях байцы народнага апалчэння адпрацоўваюць барацьбу з дыверсантамі, ахову жылых кварталаў, вучацца абыходзіцца са зброяй і асвойваюць тыя ж беспілотнікі», — заявілі ў сюжэце.

«У склад атрадаў народнага апалчэння могуць быць залічаныя добраахвотнікі з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і здольныя па асабістых якасцях і стане здароўя выконваць задачы народнага апалчэння», — сказаў начальнік упраўлення мабілізацыйнай падрыхтоўкі, забеспячэння тэрытарыяльнай і цывільнай абароны МУС Беларусі Руслан Мамедаў.

На мінулым тыдні Лукашэнка заявіў, што атрады народнага апалчэння мусяць быць створаныя ў кожным сельсавеце. Усяго ў Беларусі такіх структур («адзінак першаснага ўзроўню») 1142. Пры гэтым сельсавет не можа быць там, дзе менш за 1000 жыхароў, а атрад народнага апалчэння не мусіць перавышаць 100 чалавек.

Такім чынам мы атрымліваем лічбу каля 115 тысяч «апалчэнцаў» па ўсёй Беларусі, што амаль удвая перавышае колькасць беларускай арміі. Не «баявых частак» арміі, а ўсю армію цалкам.

А потым гэтыя «апалчэнцы», атрымаўшы веды і навыкі, мусяць жа прымяніць іх на практыцы? Ведаючы зарплаты ў беларускіх калгасах і параўноўваючы іх з абяцанай зарплатай расійскага салдата ва Украіне… Мала хто з іх не спакусіцца такімі магчымасцямі, калі цябе бясплатна навучылі і абыходзіцца са зброяй, і абыходзіцца з беспілотнікамі, і нават «барацьбе з дыверсантамі».

І вось мы дзівімся вялікай колькасці «наймітаў з Беларусі» ва Украіне.

А яшчэ ў Беларусі працягваецца праверка баявой гатоўнасці. Адное з падраздзяленняў сіл неадкладнага рэагавання 38-й брыгады будзе праводзіць «кантрольныя заняткі па тактычнай, агнявой, фізічнай падрыхтоўцы». І такія навіны мы чуем кожны тыдзень.

Можна было б падумаць, што мы рыхтуемся адбіваць агрэсію падступнага НАТА, якое агрэсіўна рухаецца да нашых межаў. Але на самой справе ўсё наадварот: гэта з нашай тэрыторыі ў Латвію забеглі невядомыя «зялёныя чалавечкі» са зброяй. І дарэчы, нам туды лепш больш не цягацца, паколькі падступнае НАТА выслала на дапамогу латышам польскіх пагранічнікаў., якія акажуць саюзнікам «тэарэтычную і практычную дапамогу ў маніторынгу мяжы».

Так што калі хтосьці зноў «памацае» мяжу з нашай тэрыторыі — як бы нам сапраўды не атрымаць паўнавартасную армію Альянсу ў сябе на парозе.

А вось чым сапраўды варта было б заняцца беларускім уладам…

Беларусь увайшла ў пяцёрку найбуйнейшых імпарцёраў расійскага малака і вяршкоў, паведамляе цэнтр «Аграэкспарт» расійскага Мінсельгаса. Беларусь займае чацвёртае месца ў рэйтынгу імпарцёраў расійскага ўпакаванага малака і вяршкоў з сумай паставак больш за 2,5 млн долараў.

Малако, Карл! Ма-ла-ко! Яшчэ нядаўна мы з Расіяй вялі «малочныя войны» за тое, каб пастаўляць у РФ малако без межаў, у тым ліку і сухое. Яшчэ нядаўна расійскія аграрыі скардзіліся на дэмпінг па малаку з боку беларусаў, Рассельнагляд масава забараняў беларускую прадукцыю, са Смаленска ехалі ў Оршу і Віцебск па знакамітую беларускую «малочку», а цяпер… Мы купляем малако ў Расіі.

І штосьці мне падказвае, што гэта неяк звязана з тым, што «работнікаў вёскі», як кажа наша прапаганда, замест іх непасрэднай працы масава прыцягваюць у «атрады народнага апалчэння», адкуль яны ў сельскую гаспадарку могуць ужо і не вярнуцца.

Ці мне здаецца?