«Расія можа стаць падобнай на гіганцкую еўразійскую Паўночную Карэю»

У Расіі прызналі, што ў іх не хапае розуму — для падрыхтоўкі мірных перамоў з Украінай выкарыстоўваецца штучны інтэлект. Дэмакраты ў будучым сенаце будуць больш падтрымліваць Украіну, а ў РФ нарастаюць унутраныя праблемы, з-за якіх яна можа страціць «геапалітычную веліч». Ідуць 1739-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з esp.md

Фота з esp.md

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 146 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 лістапада.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 12 атак у раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Мікалаеўкі, Навапаўлаўкі, Кучарава Яру.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне 10 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў бок населеных пунктаў Новае Запарожжа, Далінка і ў раёне Дабраполля, Горкага, Чароўнага, Белагор'я.

Восем атак здзейснілі расійцы на Пакроўскім кірунку, сем — на Славянскім кірунку, пяць — на Паўднёва-Слабажанскім кірунку.

* * *

Расійскія войскі атакавалі Крэменчуг у Палтаўскай вобласці: былі пашкоджаны дзве навучальныя ўстановы, 4 чалавекі пацярпелі, у тым ліку 3 дзяцей.

27 лістапада расійскія войскі атакавалі транспартную інфраструктуру ў Дняпры: двое чалавек параненыя.

Па даных сацсетак, у расійскім Новашахцінску другі раз за тыдзень падвергся атацы НПЗ, пасля чаго ўзнік маштабны пажар. Таксама паведамляецца пра паражэнне расійскай лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі (ЛВДС) «Самара».

* * *

935858823_1910957156933824_2224643774571394557_n.jfif

* * *

Спецпрадстаўнік кіраўніка Крамля Кірыл Дзмітрыеў выкарыстоўвае штучны інтэлект для падрыхтоўкі да мірных перамоў з Украінай, расказаў ён падчас канферэнцыі AI Journey 2026 у Маскве, паведамляе Astra.

Дзмітрыеў, які таксама ўзначальвае Расійскі фонд прамых інвестыцый, сцвярджае, што нейрасеткі дапамагаюць яму прапрацоўваць перамоўныя прапановы і рабіць іх больш адпаведнымі пазіцыі Расіі.

«Як зрабіць так, каб гэтае пагадненне больш адлюстроўвала расійскую пазіцыю, яшчэ больш аргументавана адлюстроўвала тыя занепакоенасці, якія ёсць у Расіі, і вырашала іх?» — растлумачыў ён прынцып выкарыстання ШІ.

Па словах прадстаўніка Крамля, штучны інтэлект можа стаць інструментам не толькі для вырашэння практычных задач, але і для падрыхтоўкі так званых «геапалітычных прарываў».

Варта адзначыць, што Дзмітрыеў раз-пораз піша вельмі дзіўныя допісы ў сацсетках.

* * *

Новы Кангрэс ЗША, дзе са студзеня большасць будуць мець дэмакраты, можа прыняць закон, які абавяжа адміністрацыю падтрымліваць Украіну і Тайвань. Абедзве краіны знаходзяць шырокую падтрымку ў абедзвюх партыях, піша The Washington Post.

Амерыканскія сенатары сустракаліся з прадстаўнікамі саюзнікаў на Галіфакскім міжнародным форуме бяспекі ў Канадзе. Па словах сенатара-дэмакрата Эндзі Кіма, ад іх ён пастаянна чуў адну просьбу — гаварыць больш гучна, таму што адзіны амерыканскі голас, які чуюць іх краіны — гэта Дональд Трамп.

Еўрапейскія чыноўнікі заклікалі новы Кангрэс узмацніць падтрымку Украіны. У пачатку 2025 года Трамп спыніў большую частку дапамогі Кіеву і затрымаў наданне сродкаў, якія заканадаўцы ўжо ўзгаднілі.

Сенатар-дэмакрат Цім Кейн нагадаў, што дзеючы Кангрэс восенню прыняў закон пра санкцыі супраць Расіі. Аднак ужо праз месяц Трамп адмовіўся прымяняць большасць прадугледжаных ім абмежаванняў.

Удзельнікі форуму прагназуюць, што Кангрэс прыме законы, якія абавязваюць адміністрацыю падтрымліваць Тайвань і Украіну. Кейн не выключае, што Трамп можа падтрымаць такія крокі. «Калі дадаць фінансаванне для Украіны ў законапраект разам з іншымі рэчамі, якія падабаюцца Трампу, магчыма, ён вырашыць не накладваць вета», — сказаў сенатар.

Па яго словах, у наступным годзе Кангрэс будзе значна больш рашуча падтрымліваць НАТА і саюзнікаў.

«Магчыма, мы не зможам змяніць паводзіны Трампа. Але, па меншай меры, мы можам гаварыць як Кангрэс — і я веру, што будзем, — значна гучней і рашуча пра тое, наколькі цэнім саюзы», — адзначыў Кейн.

* * *

Нямецкі канцэрн Rheinmetall разглядае адмову ад будаўніцтва завода па вытворчасці боепрыпасаў ва Украіне, хоць канчатковага рашэння яшчэ няма, заявіў генеральны дырэктар Rheinmetall Армін Папергер на прэзентацыі для інвестараў Capital Markets Day у Гамбургу, піша German Aid To Ukraine.

Адной з прычын называюць адсутнасць прыкметнага прагрэсу ў развіцці вытворчасці ва Украіне за апошні год. Раней Папергер таксама гаварыў пра бюракратычныя перашкоды.

Паводле інфармацыі выдання, кіраўнік канцэрна растлумачыў сітуацыю яшчэ і тым, што Украіна не хоча адмаўляцца ад намеру самастойна вырабляць узбраенне. Ва Украіны ўжо ёсць значныя вытворчыя магчымасці. У прыватнасці, яна выпускае артылерыйскія боепрыпасы малой і сярэдняй далёкасці, таму ўплыў украінскага рынку на бізнес Rheinmetall стаў абмежаваным.

Па словах Папергера, Сілы абароны выкарыстоўваюць ад 1 да 1,3 мільёна артылерыйскіх снарадаў штогод — больш за палову з іх вырабляюцца ва Украіне.

* * *

Амаль паўстагоддзя Расія жыве ва ўмовах нафтавага дастатку, абменьваючы сыравіну на валюту і тэхналогіі. Аднак гэтая эпоха з пагрозлівай хуткасцю набліжаецца да заканчэння, піша TMT.

Па словах віцэ-прэм'ера РФ Аляксандра Новака, у гэтым годзе здабыча нафты складзе каля 494 млн тон. Першапачатковы ўрадавы прагноз на 2026 год складаў 525 млн тон. Пазней яго знізілі да 511 млн тон, аднак і гэтага паказчыка дасягнуць не ўдалося.

У параўнанні з пікавымі паказчыкамі 2019 года, калі здабыча дасягнула рэкорду з савецкіх часоў, вытворчасць скарацілася на 66 млн тон, або 12%. Бягучы паказчык з'яўляецца самым нізкім з 2008 года, калі Расія здабыла 488 млн тон нафты.

Нават у крызіс пандэміі, калі нафтавікі вымушана спынялі свідравіны, вытворчасць нафты была вышэйшай — 512,7 млн тон.

Аналітык UBS Джавані Стаўнова звязвае скарачэнне здабычы, у прыватнасці, з атакамі беспілотнікаў на нафтавую галіну. Цяжкасці з вывазам залішняй нафты таксама прымусілі кампаніі скарачаць здабычу. Акрамя таго, расійская нафтаздабыўная галіна сутыкаецца са знясіленнем радовішчаў, адкрытых у савецкія часы. У прыватнасці, у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе, на якую прыпадае 40% здабытай нафты, з 2009 года вытворчасць скарацілася на 20%, адзначае навуковы супрацоўнік Baker Institute па энергетычных пытаннях Габрыэль Колінз.

Па яго ацэнцы, эпоха лёгкадаступнай нафты Заходняй Сібіры падыходзіць да канца. Нягледзячы на павелічэнне свідравання гарызантальных свідравін на 60% за апошнія 15 гадоў, гэта не дапамагло нарасціць здабычу. Сітуацыю таксама ўскладняюць санкцыі, якія абмяжоўваюць доступ да заходняга абсталявання і фінансавання.

Нафта забяспечвае Расіі каля $120 млрд валютных паступленняў штогод і з'яўляецца асновай яе геапалітычнага ўплыву. Далейшае скарачэнне здабычы аслабіць здольнасць Крамля праецыраваць гэты ўплыў.

«Расія можа стаць больш падобнай на гіганцкую еўразійскую Паўночную Карэю, з вялікімі запасамі ядзернай зброі і структурна», — мяркуе Колінз.