Спецпрадстаўнік Пуціна і галоўны перамоўшчык ад Расіі па Украіне з'ехаў з глузду?

Кірыл Дзмітрыеў, галоўны перамоўшчык Крамля па Украіне, ужо не першы раз піша дзіўныя допісы ў сацсетках. Цяпер ён просіць іншапланецян паспрыяць адстаўцы брытанскага прэм'ер-міністра. У той жа час у РФ усё кепска з наборам у войска, а прэзідэнт Украіны атрымаў запрашэнне на саміт G7. Ідуць 1569-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Малюнак: AI

Малюнак: AI

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 251 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 55 штурмаў расіян ў раёнах Радзінскага, Ніканораўкі, Іванаўкі, Грышына, Котліна, Удачнага і ў кірунку Біліцкага, Аляксандраўкі, Шаўчэнка, Сяргееўкі Навапаўлаўкі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 29 атак у раёнах Рыбнага, Прылук, Залізнічнага, Чароўнага і ў бок Дабраполля, Уздвіжаўкі, Верхняй Тэрсы, Горкага, Навасёлаўкі, Гуляйпольскага.

На Ліманскім кірунку расійцы 16 разоў спрабавалі уклініцца ў абарону УСУ каля Навасёлаўкі, Дробышава, Ямпалю і ў бок Лімана і Азёрнага.

На Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках расіяне штурмавалі пазіцыі абаронцаў Украіны па 14 разоў на кожным.

* * *

У ноч на 11 чэрвеня Расія атакавала Украіну дзвюма балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М», а таксама 221 ударным БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 195 БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дроны іншых тыпаў на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Уначы РФ атакавала балістыкай Палтаву. На фоне абвешчанай паветранай ракетнай трывогі ў Палтаве прагучалі магутныя выбухі. Трохі пазней абласному цэнтру пагражаў рэактыўны беспілотнік. Пра наступствы пакуль не паведамляецца.

Расійскія войскі на працягу ночы 11 чэрвеня атакавалі Канатоп Сумской вобласці. У выніку атак частка горада без газазабеспячэння, электрычнасці і вады. Ёсць пашкоджанні жылых дамоў, пацярпела жанчына.

У ноч на 11 чэрвеня беспілотнікі атакавалі Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі РФ, у выніку чаго на тэрыторыі прадпрыемства ўспыхнуў моцны пажар.

У акупаваным Крыме ноччу гучалі выбухі, паблікі паведамілі пра пашкоджаныя масты на сухапутных уездах. Расійскія акупацыйныя ўлады заявілі, што 11 чэрвеня ў горадзе не будуць прадаваць паліва, паколькі бензавозы не змаглі прыехаць.

Куйбышаўскі нафтаперапрацоўчы завод расійскай кампаніі «Раснафта» ў Самары поўнасцю спыніў перапрацоўку нафты пасля атакі беспілотнікаў у ноч на 10 чэрвеня, паведамляе Reuters са спасылкай на дзве крыніцы ў нафтагазавай галіне.

* * * 

718733471_1356664879979920_8782800289299082005_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон запрасіў украінскага калегу Уладзіміра Зяленскага прыняць удзел у саміце G7 у аўторак, 16 чэрвеня. Мэта ўдзелу Зяленскага — садзейнічаць аднаўленню кансэнсусу сярод лідараў «Вялікай сямёркі» па падтрымцы Украіны, паведаміла Le Monde.

«Гэта вельмі важна для нас, таму што нам трэба аднавіць кансэнсус у рамках G7 па падтрымцы Украіны з розных аспектаў вайны, уключаючы неабходнасць перамоў», — падкрэсліў Макрон, намякаючы на рознагалоссі паміж пазіцыямі еўрапейскіх лідараў і амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа.

Саміт G7 пройдзе ў Эвіяне, на паўднёвым усходзе Францыі, і стартуе ў панядзелак, 15 чэрвеня. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк заклікаў удзельнікаў засяродзіць увагу на правах чалавека ў сваіх дыскусіях.

Акрамя Зяленскага на сустрэчу запрошаныя лідары Егіпта, Саудаўскай Аравіі, Катара і ААЭ. Галоўнай тэмай абмеркаванняў будзе вайна на Блізкім Усходзе, у прыватнасці пытанне закрыцця Армузскага праліва, які ўплывае на сусветную эканоміку праз рэзкі рост цэн на паліва. Таксама плануюцца перамовы па Іране.

* * *

Віцэ-прэзідэнт па стратэгіі і развіцці бізнесу ракетнага падраздзялення Lockheed Martin Браян Дан заявіў, што кампанія не можа даць саюзнікам ЗША ніякіх гарантый адносна тэрмінаў пастаўкі ракет для сістэм СПА Patriot, нягледзячы на абяцанні патроіць вытворчыя магутнасці, піша Financial Times.

Дан заявіў, што кампанія працуе над нарошчваннем вытворчасці ракет-перахопнікаў PAC-3, аднак дэфіцыт паставак істотна абвастрыўся з-за вайны з Іранам. Ён адзначыў, што дадатковыя вытворчыя магутнасці «відавочна, дазволяць задаволіць патрэбы многіх карыстальнікаў у больш сціслыя тэрміны», у той жа час «мы не кантралюем, якім будзе размеркаванне гэтых ракет».

«Цяпер гучыць шмат заяў ад Пентагона... пра тое, як яны плануюць мяняць чаргу, рэарганізоўваць тое, хто першым атрымае ракеты. Мы не можам нікому сказаць, якое месца вы зоймеце ў гэтым спісе. Мы нічога з гэтага не кантралюем», — адзначыў ён.

Нагадаем, на фоне дэфіцыту ракет PAC-3 Украіна і ЕС распрацоўваюць свой комплекс СПА, аналагічны Patriot.

* * *

У Расіі ўсё менш людзей, якія жадаюць падпісваць кантракт з Мінабароны РФ і ісці ваяваць супраць Украіны. Тэндэнцыя на спад пачалася год таму, і цяпер толькі ўзмацнілася, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

У справаздачы аналітыкі спасылаюцца на даныя аб выдатках федэральнага бюджэту РФ. Згодна з імі, у першым квартале 2026 года аднаразовыя бонусы за прызыў пасля падпісання кантракта з Мінабароны атрымалі 71.200 чалавек. Гэта на 20% менш, чым у 2025 годзе.

«За ўвесь 2025 год кантракты з Міністэрствам абароны Расіі падпісалі 363.900 чалавек, што на 10% менш, чым у 2024 годзе», — пішуць аналітыкі.

ISW адзначае, што Расія ўсё больш адчувае цяжкасці з вярбоўкай на фоне растучых страт. Крэмль вымушаны выдаткоўваць рэзервы, павялічваць бонусы за падпісанне кантрактаў і пашыраць патаемныя мабілізацыйныя намаганні для барацьбы з дэфіцытам.

Таксама аналітыкі пішуць, што РФ па-ранейшаму імкнецца прадставіць сваю галоўную перавагу ў колькасці, аднак перавага Украіны ў дронах і ўдарах сярэдняй далёкасці нейтралізавалі гэтую перавагу. Сілы абароны Украіны наносяць РФ непрапарцыйна высокія страты ў жывой сіле і тэхніцы.

«На фоне зніжэння паказчыкаў набору навабранцаў і росту колькасці ахвяр Крэмль стварае ўмовы для правядзення абмежаваных, паэтапных прызываў рэзервістаў з мэтай папоўніць страты ва Украіне», — рэзюмавалі ў ISW.

* * *

Спецпрадстаўнік Пуціна Кірыл Дзмітрыеў у сацсетцы Х звярнуўся да «іншапланетных цывілізацый» з просьбай паспрыяць адстаўцы прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармера.

«Дарагія іншапланецяне, пакуль вы рыхтуецеся да кантакту з чалавецтвам, калі ласка, праявіце сваю ўсемагутнасць і дабрыню, пераканаўшы Кіра Стармера сысці ў адстаўку», — гаворыцца ў допісе.

Гэта не першы дзіўны допіс Дзмітрыева ў адносінах да брытанскага прэм’ера. У траўні расійскі чыноўнік напісаў, што брытанскага прэм’ера аб’яднана крытыкуюць «людзі Зямлі і нядаўна выяўленыя іншапланетныя цывілізацыі».

Усё б нічога, але Кірыл Дзмітрыеў — спецыяльны прадстаўнік Пуціна па інвестыцыйна-эканамічным супрацоўніцтве з замежнымі краінамі, і адзін з ключавых прадстаўнікоў Крамля на перамовах з ЗША па мірным урэгуляванні расійска-ўкраінскай вайны.