«Дэмілітарызацыя»: Еўропа дапаможа Украіне распрацаваць альтэрнатыву сістэме Patriot

На фоне нястачы ракет-перахопнікаў для Patriot, Вялікабрытанія разам з краінамі Еўрапейскага Саюза дапаможа Украіне распрацаваць альтэрнатыву. Расія ва Украіне страціла забітымі насельніцтва Смаленска, і гэта яшчэ не канец: Германія і Нарвегія абвясцілі пра новыя грошы на зброю ва Украіне. Ідуць 1568-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота Gatty Images

Фота Gatty Images

У цэлым на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 234 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 40 штурмаў расіян ў раёнах Шахава, Залатога Калодзежу, Вольнага, Біліцкага, Радзінскага, Шаўчэнка, Грышына, Сяргееўкі, Котліна, Удачнага, Новапаўлаўкі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 22 атакі ў раёнах Рыбнага, Уздвіжаўкі, Раздзянкі, Дабраполля, Залізнічнага, Гуляйпольскага, Аленаканстанцінаўкі, Верхняй Тэрсы.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 16 атак паблізу Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яру, Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Мікалайполля і Тарэцкага.

На Ліманскім кірунку армія РФ 14 разоў спрабавала уклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Баравой, Чырвонага Ставу, Навасёлаўкі, Дробышава, Азёрнага, Ліману і Дзіброва.

На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 13 разоў у раёнах Закітнага, Рызнікаўкі і ў бок Крывой Лукі і Рай-Аляксандраўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 11 разоў атакавала пазіцыі УСУ у раёнах Прыліпак, Заходняга, Старыцы, Ахрымаўкі і Ліману.

* * *

У сярэднім расійскія войскі ў 2026 годзе губляюць на фронце каля 9 тысяч загінулых у месяц, або прыкладна 300 чалавек у дзень. Адпаведныя падлікі прывёў эксперт нямецкага Інстытута праблем міжнароднай бяспекі Яніс Клюге на аснове даных бюджэтаў рэгіёнаў РФ.

Па бюджэтнай статыстыцы суб’ектаў РФ, якія выплачваюць кампенсацыі за загінулых ваеннаслужачых, рэкордныя страты расійская армія панесла ў жніўні і снежні мінулага года — больш за 12 тысяч чалавек на месяц. У параўнанні з пачаткам 2024 года колькасць загінулых на фронце вырасла прыкладна ўдвая — тады гаворка ішла пра каля 4 тысяч у месяц.

Па ацэнцы Вашынгтонскага Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS), агульныя страты расійскай арміі, уключаючы параненых, на пачатак 2026 года дасягнулі 1,198 млн чалавек.

Паводле даных CSIS, за чатыры гады вайны армія РФ страціла ў 17 разоў больш ваеннаслужачых, чым савецкія войскі ў Афганістане, у 11 разоў больш, чым падчас абедзвюх Чачэнскіх войнаў, і ў 5 разоў больш, чым ва ўсіх войнах, у якіх удзельнічалі Расія і СССР пасля 1945 года. З агульных страт да 325 тысяч чалавек — загінулыя, што роўнае насельніцтву такіх гарадоў, як Смаленск, Белгарад або Чыта.

* * *

У ноч на 10 чэрвеня Расія атакавала Украіну 207 ударнымі БПЛА тыпу Shahed, у тым ліку рэактыўнымі, «Гербера», «Італмас», баражыруючымі боепрыпасамі «Бандэроль» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіты ці задушаны 181 БПЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны, паведамляе камандаванне Паветраных сіл Украіны.

У ноч на 10 чэрвеня расійская армія ў чарговы раз атакавала Харкаў, у прыватнасці на Халаднагорскі раён прыйшлося каля 26 удараў дронамі. Ёсць пацярпелыя, іх колькасць і стан удакладняюцца.

У ноч на 10 чэрвеня Адэса падверглася чарговай атацы ворага, у выніку чаго зафіксаваны траплянні ў два жылыя дамы, выгарэла кватэра, пацярпелі жанчына і двое дзяцей.

У Запарожжы ў выніку атакі на досвітку 10 чэрвеня загарэўся прыватны дом, раненні атрымала жанчына.

У ноч на 10 чэрвеня жыхары Самарскай вобласці РФ паведамілі пра выбухі, губернатар напісаў пра ракетную пагрозу ў рэгіёне. Згодна з паведамленнем Astra, гарыць Куйбышаўскі НПЗ у Самары.

Губернатар Чувашскай рэспублікі РФ Алег Нікалаеў паведаміў, што Чэбаксары падвергліся ракетнай атацы. Згодна з OSINT-аналізам Astra, атацы падверглася абароннае прадпрыемства «ВНІІР-Прагрэс». Прадпрыемства займаецца вытворчасцю спадарожнікавых ГНСС-прыёмнікаў і антэн для сістэм Glonass, GPS і Galileo модуляў тыпу «Камета», якія прымяняюцца ў дронах-камікадзэ «Шахед», ракетах «Іскандэр-М» і «Калібр».

* * * 

721736672_1355828316730243_4550151929410700096_n.jpg

* * *

Вялікабрытанія разам з краінамі Еўрапейскага Саюза дапаможа Украіне распрацаваць альтэрнатыву амерыканскай сістэме супрацьпаветранай абароны Patriot, каб паменшыць яе залежнасць ад ЗША, піша The Telegraph.

Як адзначае выданне, СПА Украіны сутыкаецца са значным дэфіцытам ракет для сістэм Patriot, чым актыўна карыстаецца Масква, узмацняючы ракетныя і дронавыя атакі на ўкраінскія гарады. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да лідара ЗША Дональда Трампа з просьбай забяспечыць дадатковыя пастаўкі ракет-перахопнікаў Pac-3, якіх не хапае з пачатку вайны ЗША супраць Ірана.

У сувязі з нястачай ракет-перахопнікаў Зяленскі прапанаваў пачаць распрацоўку еўрапейскай альтэрнатывы амерыканскай сістэме Patriot.

Пасля перамоў з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам прэзідэнт Украіны адзначыў, што Францыя, Германія і Вялікабрытанія падтрымаюць намаганні па стварэнні новых супрацьбалістычных абаронных сістэм. Ён выказаў спадзяване, што гэтая супраца дазволіць рэалізаваць еўрапейскі праект, які будзе карысны не толькі Украіне, але і неабходны самой Вялікабрытаніі.

Па інфармацыі ўкраінскіх крыніц, асноўнай часткай плана з’яўляецца вытворчасць ракет-перахопнікаў ва Украіне. Іх плануюць інтэграваць з еўрапейскім абсталяваннем — радарнымі сістэмамі, прыладамі для адсочвання і навядзення ад вядучых еўрапейскіх вытворцаў. Украіна ўжо праводзіць выпрабаванні новых супрацьбалістычных ракет і будзе адыгрываць ключавую ролю ў вытворчым складніку праекта.

* * *

Германія надасць фінансаванне ў падтрымку чэшскай ініцыятывы па пастаўках боепрыпасаў для Украіны. Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус абвясціў аб выдзяленні 300 мільёнаў еўра, на якія ўдасца закупіць каля 50 тысяч артылерыйскіх снарадаў для ўкраінскіх патрэб. Заява прагучала пасля яго сустрэчы ў Берліне з міністрам абароны Чэхіі Ярамірам Зунам, піша выданне Novinky.

Зуна падкрэсліў важную ролю Германіі як ключавога пастаўшчыка ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў, адзначаючы яе значны ўнёсак у забеспячэнне еўрапейскай бяспекі. Пісторыус, са свайго боку, выказаў падзяку Чэхіі за падтрымку і назваў гэтую ініцыятыву важным інструментам дапамогі.

Як адзначыў Пісторыус, Германія з’яўляецца найбуйнейшым замежным донарам гэтай праграмы, бо ў мінулым годзе яна выдзеліла ў агульнай складанасці 1 мільярд еўра.

* * *

Улады Нарвегіі вырашылі даць 1,2 млрд крон (109 млн еўра) у бягучым годзе на распрацоўку і закупку марскіх дронаў для Украіны, паведаміў нарвежскі ўрад.

Сродкі, якія вылучаюцца з праграмы Нансена, пойдуць на распрацоўку, закупку і пастаўку марскіх беспілотнікаў ад нарвежскай і ўкраінскай абароннай прамысловасці. «Нарвежская марская прамысловасць з’яўляецца сусветным лідарам. Я рады, што гэты вопыт таксама можа быць выкарыстаны для падтрымкі барацьбы Украіны за свабоду. Украіна выкарыстоўвае марскія беспілотнікі для разведкі, наступальных аперацый і для абароны ад расійскіх атак», – заявіў прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сторэ.

У нарвежскім урадзе лічаць, што гэтыя беспілотнікі адыграюць вырашальную ролю для гарантавання бяспекі экспарту збожжа і іншых тавараў праз Чорнае мора.

* * *

Вайна ва Украіне паказала, што звышдзяржавы валодаюць не такой ужо вялікай уладай, як ім здавалася, і традыцыйныя заваёўныя войны больш немагчымыя, паколькі сучасныя тэхналогіі выраўноўваюць шанцы моцных і слабых краін, піша The Wall Street Journal.

Нягледзячы на велізарную розніцу ў ваеннай моцы, Украіне ўдалося пераламаць ход вайны супраць Расіі, утрымліваючы лінію фронту і наносячы ўсё больш балючыя ўдары па цэнтральных раёнах Расіі, адзначае выданне.

«Гэтыя падзеі паказалі, наколькі тэхналагічныя дасягненні – такія як беспілотнікі і значна больш танныя высокадакладныя ракеты – выраўноўвалі ўмовы гульні паміж малымі дзяржавамі і вялікімі дзяржавамі, якія выдаткоўваюць сотні мільярдаў долараў на ўзброеныя сілы», — піша WSJ.

«Тып вайны, да якога мы прывыклі, тып вайны, які Расія планавала ва Украіне – уварванне і акупацыя краіны – больш немыслімы. Войны працягваюцца да таго часу, пакуль у нацыі ёсць стойкасць і воля да супраціўлення. Заваяваць краіну, калі яе грамадзяне гатовыя да барацьбы, немагчыма нават пры наяўнасці значнай перавагі ў сіле, як гэта было паміж Расіяй і Украінай», — адзначыў міністр абароны Італіі Гвіда Кразэта.

Начальнік штаба абароны Нідэрландаў Онна Эйхельсхайм таксама падкрэслівае, што змена рэжыму ў сучасным свеце больш не можа быць дасягнута толькі сілай зброі.

«Амаль немагчыма заваяваць такія краіны, выкарыстоўваючы ўсе наяўныя магчымасці, ці то ЗША супраць Ірана, ці Расія супраць Украіны. А калі вам не ўдасца дамагчыся поспеху ў першыя два тыдні, то вы апынецеся ў тупіковай сітуацыі, з якой вельмі цяжка выйсці. Калі вы хочаце чагосьці дамагчыся, вы павінны дабіцца гэтага вельмі, вельмі хутка», — лічыць ён.

У гэтай сувязі WSJ адзначае магчымую агрэсію Кітая ў дачыненні да Тайваня. Сінгапурскі вучоны Білахары Каусікан сказаў, што ў Тайваня, у адрозненне ад Украіны, можа проста не быць волі да супраціву, бо Кітай паспяховей падрывае рашучасць насельніцтва супраціўляцца магчымай ваеннай аперацыі.

«Я кажу сваім тайваньскім сябрам — што вы вынеслі няслушны ўрок з Украіны, — сказаў Каусікан. — Урок не ў тым, што дэмакратыі дапамагаюць іншым дэмакратыям. Урок у тым, што ўкраінцы дапамаглі сабе самі, і іншыя людзі затым былі гатовыя ім дапамагчы».