Трамп анансаваў маштабнае перамір’е паміж Расіяй і Украінай

Амерыканскі прэзідэнт сказаў, што новае перамір’е будзе па прынцыпу Алешак, але калі яно адбудзецца, не паведаміў. Україна гатовая на такі крок, і нават вызначыла населеныя пункты для эвакуацыі. Аднак пра гатовасць РФ нічога не паведамляецца. Ідуць 1733-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

552397164_1147543420892068_1816617457297644456_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 131 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 лістапада.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 12 атак расійцаў у раёне Канстанцінаўкі і ў бок Навапаўлаўкі, Дружкоўкі.

На Пакроўскім кірунку адбылося 16 атак непадалёк населеных пунктаў Вольнае, Дабраполле, Вадзянскае і ў бок населеных пунктаў Кучараў Яр, Чарнігаўка, Святагораўка, Мірнае, Сяргееўка, Навапаўлаўка.

На Гуляйпільскім кірунку расіяне сем разоў атакавалі пазіцыі нашых абаронцаў, на Ліманскім кірунку — шэсць разоў.

* * *

З-за разбурэння кватэр у 5-павярховым доме ў выніку атакі расійскіх дронаў у Вышгарадскім раёне Кіеўскай вобласці праводзіцца эвакуацыя жыхароў, два чалавекі атрымалі траўмы, сярод іх — дзіця, таксама пад заваламі могуць знаходзіцца людзі. Выбуховай хваляй пашкоджаны будынак размешчанага побач дзіцячага сада.

Вечарам 21 лістапада расійскія войскі атакавалі Запарожжа, паранены тры чалавекі, сярод іх двое дзяцей.

У ноч на нядзелю, 22 лістапада, расійскі беспілотнік нанёс удар па тэрыторыі прыватнага прадпрыемства ў Палтаўскай вобласці.

У расійскім Краснадары пасля атакі дронаў і выбухаў назіраецца задымленне ў раёне Афіпскага НПЗ і ў раёне размяшчэння ўпраўлення Расгвардыі Краснадарскага края.

У Калінінградскай вобласці РФ усю ноч была паветраная трывога. 21 лістапада выбухі былі ў партовым горадзе Балтыйск, дзе размешчана галоўная ваенна-марская база Балтыйскага флоту РФ. Таксама было атакавана расійскае судна Sparta II, якое перавозіла ваенны груз з Санкт-Пецярбурга ў Калінінградскую вобласць.

Рэактыўны беспілотнік 21 лістапада двойчы парушыў паветраную прастору Малдовы на фоне расійскіх атак на Украіну, паведаміла Міністэрства абароны Малдовы.

* * *

920482168_1463820445896657_5586432559762145447_n.jfif

* * *

Вашынгтон працуе над пашырэннем гуманітарных дамоўленасцей пасля паспяховай эвакуацыі людзей з акупаваных Алешак у Херсонскай вобласці, запэўнівае прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

«Гэта было выдатна. Гэта было перамір'е. Людзей эвакуіравалі з гарадоў і населеных пунктаў, што, верагодна, выратавала ім жыццё. Цяпер мы працуем над больш маштабнай версіяй гэтага», — заявіў лідар ЗША.

Амерыканскі лідар таксама высока ацаніў намаганні першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп у адносінах паміж Масквой і Кіевам.

* * *

Украіна прапанавала правесці новыя гуманітарныя аперацыі ў асобных населеных пунктах на часова акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай абласцей па аналогіі з аперацыяй у Алешках, паведаміў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас зносін з журналістамі.

Ён выказаў падзяку першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп за разблакіраванне і эвакуацыю ўкраінцаў з Алешак.

«І ёсць вось такі абноўлены спіс, які мы перадалі амбудсмену і амерыканскаму боку. Алешкі — гэта ўжо зроблена. Далей — Радэнск, Кастагрызава, Голая Прыстань, Старая Збур'еўка, Новая Збур'еўка, Гладкоўка, Вялікія Капані, Кардашынка, Вялікая Кардашынка. Гэта была Херсонская вобласць. Запарожская вобласць — Маячка, Златаполь, Днепраруднае, Каменскае, Верхняя Крыніца, Васільеўка», — сказаў Зяленскі.

Па словах кіраўніка Украіны, гэты спіс можа абнаўляцца ў залежнасці ад паўнаты інфармацыі і колькасці людзей, якіх можна будзе выратаваць з расійскай акупацыі.

* * *

Украінскія беспілотнікі middle strike і deep strike будуць вырабляцца на брытанскіх прадпрыемствах для патрэб Сіл абароны Украіны, паведаміў міністр абароны Украіны Яўген Хмара пасля сустрэчы з брытанскім калегам Уэсам Стрытынгам.

Іх вытворчасць будзе фінансавацца брытанскім бокам, а гатовую прадукцыю будуць перадаваць украінскім абаронцам.

Па словах Хмары, гэтыя праекты ўмацуюць магчымасці абедзвюх краін і паскораць развіццё АПК. «Злучаем іх з вытворчымі магчымасцямі Вялікабрытаніі, каб хутчэй маштабаваць правераныя сродкі для нашых сіл абароны. Для нас важная ўстойлівасць нашага партнёрства, яго якасць і здольнасць даваць вынік у доўгатэрміновай перспектыве», — падкрэсліў Хмара.

Асобна падчас сустрэчы бакі абмеркавалі ваенную дапамогу Лондана. Вялікабрытанія стала адной з першых краін, якія перадалі Украіне ракеты LMM з уласных запасаў, прадугледзеўшы іх наступнае папаўненне. Гэтыя ракеты маюць важнае значэнне для барацьбы з рэактыўнымі «шахедамі».