«Дэмілітарызацыя»: Украіна першая ў свеце збіла расійскі дрон лазернай зброяй

Украінская лазерная сістэма СПА Blysk ад кампаніі Carmin Sky упершыню ў свеце знішчыла рэактыўны дрон «Герань». А тэставанне еўрапейска-ўкраінскай антыбалістычнай сістэмы FREYJA павінна прайсці ўжо гэтай зімой. «Дэмілітарызацыя» Пуціна відавочна пайшла не па плане. Ідуць 1737-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота з interestingengineering.com

Ілюстрацыйнае фота з interestingengineering.com

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 167 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 лістапада.

На Ліманскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 11 атак у раёнах населеных пунктаў Ліман, Зарэчнае і Дзіброва.

На Пакроўскім кірунку адбылася 21 атака ў раёнах населеных пунктаў Вольнае, Маладзецкае і ў бок населеных пунктаў Кучараў Яр, Дабраполле, Чарнігаўка, Навагрышына, Мірнае, Гулівае, Сяргееўка.

На Гуляйпольскім кірунку адбіта восем атак, на Канстанцінаўскім кірунку — сем атак.

* * *

У выніку расійскага ракетнага ўдару па Кіеве ў ноч на 26 лістапада пацярпелі 7 чалавек.

Ранкам 26 лістапада ў Харкаве расійскі беспілотнік нанёс удар па шматпавярховым доме ў Навабаварскім раёне, трое чалавек пацярпелі, іншыя людзі таксама могуць знаходзіцца пад заваламі.

Уночы 26 лістапада ў горадзе Нявіннамыск у Стаўрапольскім краі Расіі беспілотнікі атакавалі ЦЭС і хімічны завод, які пастаўляе кампаненты выбухоўкі для расійскага ВПК.

* * *

927545758_1129415786510403_4352549406119660165_n.jfif

* * *

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер у інтэрв'ю генеральнаму дырэктару медыягрупы Axel Springer Маціясу Дзёпфнеру анансаваў, што ў найбліжэйшы час адбудзецца найбуйнейшы з пачатку вайны абмен палоннымі паміж Расіяй і Украінай, які павінен прайсці напярэдадні зімовых свят.

«Мэтай трохбаковай сустрэчы было, перш за ўсё, высветліць, ці зможам мы ажыццявіць буйны гуманітарны абмен палоннымі, які адбудзецца зусім хутка перад святамі і стане найбуйнейшым абменам за ўсю вайну», — сказаў ён.

Кушнер адзначыў, што ў ходзе гэтага абмену «тысячы людзей змогуць вярнуцца дадому да сваіх сем'яў».

* * *

Тэрытарыяльнае пытанне застаецца галоўнай перашкодай для заканчэння вайны ва Украіне. Перамовы па ім зайшлі ў тупік, нягледзячы на шматлікія кантакты амерыканскіх прадстаўнікоў з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, заявіў спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэд Кушнер у інтэрв'ю Bild.

Па словах Кушнера, менавіта тэрытарыяльнае пытанне з'яўляецца самым складаным у перамовах. Таму, на думку амерыканскага прадстаўніка, спачатку бакам неабходна дамовіцца пра пасляваенную сістэму бяспекі, а ўжо потым пераходзіць да тэрытарыяльных пытанняў.

Кушнер таксама заявіў, што Украіна патрабуе больш канкрэтных гарантый бяспекі, чым прадугледжвае пяты артыкул дагавора НАТА. Ён назваў яе палажэнні «залатым стандартам» і падкрэсліў, што ЗША не могуць прапанаваць Кіеву абавязацельствы, мацнейшыя за тыя, што дзейнічаюць паміж членамі Альянсу.

* * *

Украінская лазерная сістэма СПА Blysk ад кампаніі Carmin Sky упершыню ў свеце знішчыла рэактыўны дрон «Герань». Устаноўка абараняла адзін з аб'ектаў крытычнай інфраструктуры, паведаміў дарадца прэзідэнта Украіны па пытаннях абаронных тэхналогій Сяргей «Флэш» Бяскрэстнаў.

Па яго словах, гэта першы ў свеце выпадак баявога прымянення лазера для знішчэння рэактыўнага беспілотніка такога тыпу.

Распрацоўку Blysk рэалізуюць у рамках дзяржаўнай праграмы «Прыватная СПА» пры падтрымцы абароннага кластара Brave1.

Аднак гаварыць пра запуск серыйнай вытворчасці сістэмы пакуль рана. Як растлумачыў Бяскрэстнаў, выпрабаванні працягваюцца, а лазерныя тэхналогіі застаюцца складанымі і патрабуюць значных фінансавых укладанняў.

* * *

Першыя прататыпы ўкраінскай антыбалістычнай сістэмы FREYJA павінны з'явіцца і прайсці тэсціраванне ўжо гэтай зімой, паведаміў у Telegram прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Ужо пачаўся працэс інтэграцыі кампанентаў: трэба эфектыўна аб'яднаць усе магчымасці ўдзельнікаў праграмы FREYJA, каб гэтая сістэма рэальна спрацавала. Працуем над гэтым. І гэтай зімой павінны быць першыя прататыпы і тэстааванні», — заявіў Зяленскі.

У рамках праграмы FREYJA працягваецца праца над кампанентамі і іншымі тэхнічнымі пытаннямі для доўгатэрміновага ўзмацнення абараназдольнасці. Але пакуль гэтай сістэмы няма, ключавым прыярытэтам застаецца паскарэнне паставак ракет ад партнёраў для сістэм Patriot і іншых існуючых комплексаў СПА.

«Ключавое зараз - гэта паскорыць пастаўкі ракет ад партнёраў. Ракет для пэтрыётаў, ракет для іншых нашых сістэм, якія патрэбныя, якія могуць дапамагчы менавіта ў гэты час», — сказаў ён.