Washington Post: Пуцін прыватна пагадзіўся на наданне Кіеву гарантый бяспекі, падобных да артыкула 5 NATO
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін прыватна пагадзіўся на наданне Кіеву гарантый бяспекі з боку ЗША і еўрапейскіх краін, падобных да артыкула 5 NATO. Але пры ўмове, што войскі Альянсу не будуць размешчаны ва Украіне. Але гэта не дакладна, і невядома, па якой лініі пройдзе размежаванне. Ідуць 1734-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 149 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 кастрычніка.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 17 атак расійцаў у раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Навасёлаўкі, Доўгай Балкі, Русінага Яру, Грузкага і Вольнага.
На Пакроўскім кірунку адбылося 15 атак у бок населеных пунктаў Чарнігаўка, Дабраполле, Біліцкае, Краснападолле, Шылаўка, Мірнае, Сяргееўка і Маладзецкае.
На Ліманскім і Гуляйпільскім кірунках расіяне праводзілі па сем атак на кожным, на Славянскім кірунку — шэсць атак.
* * *
У выніку расійскага ўдару дронам у Дымеры Кіеўскай вобласці разбураны пад'езд пяціпавярховага дома. 11 чалавек загінулі, гэта лічба можа расці, ратавальнікі разбіраюць завалы. З-пад завалаў удалося выратаваць 79-гадовую жанчыну.
У Дняпры расіяне атакавалі дэпо электратранспарту, разгромлена 18 тралейбусаў, у горадзе спынены рух цягнікоў метро і фіксуюцца перабоі з водазабеспячэннем.
У панядзелак раніцай расіяне беспілотнікам ударылі па шматпавярхоўцы ў Харкаве, пацярпелі два чалавекі.
У выніку расійскай атакі кіруемай авіябомбай на Славянск Данецкай вобласці загінулі два чалавекі, яшчэ трое атрымалі раненні.
У ноч на 23 лістапада ў Альмецьеўску ў расійскім Татарстане падверглася атацы нафтаперапамповачная станцыя «Калейкіна». Гэтая станцыя з'яўляецца адным з ключавых аб'ектаў нафтатранспартнай інфраструктуры Расіі.
У ноч на 23 лістапада падвергся ўдару Новашахцінскі завод нафтапрадуктаў (АТ «НЗНП») у горадзе Новашахцінск Растоўскай вобласці РФ. Пажар мог узнікнуць і на прыватнай кампаніі «ТАТА-ГАЗ».
Польскія следчыя ўстанавілі, што 20 лістапада паветраную прастору Польшчы парушылі тры расійскія ракеты Х-101, а не дзве, як паведамлялася раней.
* * *
* * *
Спецпрадстаўнік і зяць прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер у сацыяльнай сетцы Х заявіў, што ў найбліжэйшыя тыдні амерыканскія перамоўшчыкі будуць працаваць з Украінай, прадстаўнікамі ЕС і Расіяй для дасягнення агульнай згоды па архітэктуры бяспекі.
«Калі нам удасца распрацаваць рамкі з выразнымі абавязацельствамі, узаемнымі абавязкамі і надзейным выкананнем, гэта надасць нам большую ўпэўненасць у тым, што ўсе гатовыя зрабіць неабходныя крокі для дасягнення міру.
Нічога не лічыцца ўзгодненым, пакуль гэта не будзе афіцыйна ўхвалена. Аднак гатоўнасць да дыялогу па гэтых гістарычных пытаннях стварае важную магчымасць спыніць кровапраліцце» — напісаў ён.
Па словах Кушнера, гатоўнасць Трампа разгледзець магчымасць надання Украіне гарантый бяспекі, падобных да тых, што прадугледжаны артыкулам 5 Статута NATO, з'яўляецца «ключавой умовай дасягнення трывалага міру». Гатоўнасць Расіі абмеркаваць такія гарантыі ён назваў «важным крокам наперад і патэнцыйным сведчаннем таго, што яна сур'ёзна ставіцца да міру».
«Прэзідэнт Зяленскі мае рацыю: гэтыя гарантыі павінны быць канкрэтнымі, надзейнымі і выразна задакументаванымі. Менавіта над гэтым Стыў Уіткаф і я працуем разам», — напісаў ён.
Па словах Кушнера, Дональд Трамп можа ўхваліць любую прапанаваную гарантыю з улікам канстытуцыйных працэдур і працэдур Кангрэса, калі б быў перакананы, што гэта адназначна адпавядае нацыянальным інтарэсам Амерыкі, а дамоўленасці па бяспецы робяць вельмі малаверагодным, што гэтая гарантыя будзе прыменена.
«Менавіта таму гарантыі бяспекі для Украіны не могуць быць канчаткова ўзгоднены ў адрыве ад пасляваеннай архітэктуры еўрапейскай бяспекі. Гэтыя два пытанні неабходна разглядаць разам», — лічыць Кушнер.
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін прыватна пагадзіўся на наданне Кіеву гарантый бяспекі з боку ЗША і еўрапейскіх краін, падобных да артыкула 5 NATO, пры ўмове, што войскі Альянсу не будуць размешчаны ва Украіне, паведаміў аглядальнік газеты The Washington Post Дэвід Ігнаціус са спасылкай на дасведчаную крыніцу.
У рамках патэнцыйнага пагаднення Расія атрымае паслабленне санкцый. Аднак абмежаванні адновяць, калі Масква зноў засяродзіць войскі для магчымага ўварвання.
Паводле інфармацыі выдання, Вашынгтон прапанаваў Маскве адвесці свае сілы ад мяжы пасля спынення агню ў абмен на адмову ад размяшчэння баз NATO ва Украіне. Калі ж расійскія войскі зноў пяройдуць у наступленне, сілы Альянсу неадкладна ўвойдуць на ўкраінскую тэрыторыю.
Суразмоўца таксама расказаў, што прадстаўнікі ЗША і еўрапейскіх краін абмяркоўвалі механізмы кантролю за выкананнем Расіяй дамоўленасцей і спосабы арганізацыі аператыўнай сувязі на выпадак новага крызісу.
Расійская ўлада пакуль не каментавала публікацыю.
Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленсківыказваў сумнеў, што Кіеў і Вашынгтон аднолькава трактуюць змест артыкула 5. Па яго меркаванні, ён прадугледжвае прысутнасць на ўкраінскай тэрыторыі пэўных сіл краін-партнёраў.
* * *
Абаронная прамысловасць Украіны, адроджаная пасля расійскага ўварвання, верагодна дасягнула столі росту. Гэта тлумачыцца абстрэламі, недахопам капіталу і распыленасцю фінансавання больш за 1300 прадпрыемстваў, піша The Wall Street Journal.
Удар па Крымскім мосце, паводле ацэнкі выдання, стаў сімвалам уласных магчымасцей Украіны па паражэнні мэтаў на вялікай адлегласці. У той жа час, па даных WSJ, Украіна не можа вырабляць свае найлепшыя ракеты, у прыватнасці, «Няптун», якімі ўдарылі па мосце, у такіх жа аб'ёмах, як Расія.
Генеральны дырэктар КБ «Луч», распрацоўшчыка «Няптуна», Алег Карасцялёў расказаў, што ў 2026 годзе прадпрыемства плануе вырабіць сотні такіх ракет. Для параўнання, толькі за першыя сем месяцаў гэтага года Расія выпусціла па Украіне 873 крылатыя і 606 балістычных ракет.
Паводле апісання WSJ, шматлікія невялікія кампаніі, якія эксперыментуюць з новымі прадуктамі часта проста на лініі фронту, зрабілі ўкраінскі абаронны сектар гнуткім і інавацыйным. Аднак унутраны рынак малы, каб забяспечыць рост для ўсіх гульцоў. Фінансаванне размеркавана паміж больш чым 1300 прадпрыемствамі, таму на найбольш эфектыўныя з іх прыпадае менш сродкаў.
Іншая праблема — людзі і плошчы. Знайсці кваліфікаваных спецыялістаў складана, бо мільёны людзей з'ехалі з краіны або служаць у арміі. Новыя памяшканні таксама знайсці няпроста: арэндадаўцы не хочуць, каб іх нерухомасць стала мэтай атак.
Таксама выданне згадвае Антыбалістычную кааліцыю, у рамках якой распрацоўваецца сістэма «Фрэя». Па словах міністра абароны Швецыі Пола Ёнсана, на стварэнне еўрапейскай супрацьракетнай сістэмы можа спатрэбіцца да двух гадоў.