Калі Лукашэнка баяўся судзьдзяў

У Польшчы разгараецца чарговы канстытуцыйны крызіс. Судзьдзі аспрэчваюць паўнамоцтвы кіраўніцтва Канстытуцыйнага трыбуналу, а палітыкі абвінавачваюць апанэнтаў у парушэньні закону. Сучаснаму беларусу такая карціна можа падацца амаль экзатычнай, але 30 гадоў таму і ў Беларусі існаваў Канстытуцыйны суд, які адкрыта супрацьстаяў кіраўніку дзяржавы.

1_679.png

30 кастрычніка 2026 году польская судзьдзя Ганна Корвін-Пятроўская абвясьціла пра прыпыненьне выкананьня службовых абавязкаў старшыні Канстытуцыйнага трыбуналу Багдана Сьвянчкоўскага і ягоных намесьнікаў. Ранейшае кіраўніцтва не прызнала гэтага рашэньня, каля будынку Трыбуналу зьявілася паліцыя, а ў канфлікт уключыліся найвышэйшыя дзяржаўныя асобы. Хто мае рацыю ў гэтай няпростай гісторыі, спрачаюцца нават самі палякі.

Але для нас гэтыя падзеі сталі нагодай згадаць уласную гісторыю. Бо і ў Беларусі быў час, калі кіраўнік дзяржавы ня мог разьлічваць на безумоўную ляяльнасьць судзьдзяў. Калі суд мог прызнаць прэзыдэнцкі ўказ незаконным, а старшыня Канстытуцыйнага суду публічна абвінаваціць прэзыдэнта ў спробе ператварыць парлямэнт і суд у дэкарацыю. І было гэта ўсяго трыццаць гадоў таму, лічы ўчора.

«Гнілая сярэдзіна» Канстытуцыі Лукашэнкі

11 кастрычніка 1996 году ў беларускім парлямэнце адбывалася бурнае паседжаньне. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка прапанаваў дэпутатам кампраміс адносна канстытуцыйнай рэформы, аднак старшыня Канстытуцыйнага суду Валеры Ціхіня ня надта паверыў у міратворчыя намеры кіраўніка краіны.

Паводле рэпартажу расейскай газэты «Коммерсантъ» ад 12 кастрычніка 1996 году, Ціхіня назваў прэзыдэнцкія прапановы «ўльтыматумам у прыгожай упакоўцы», спробай «кастраваць парлямэнт» і ператварыць Канстытуцыйны суд у кішэнны орган.

Сам праэкт Канстытуцыі, на думку Ціхіні, меў «гнілую сярэдзіну», а таму яго немагчыма было выправіць асобнымі папраўкамі. Лукашэнка ў адказ абвінаваціў старшыню суду ў асабістай непрыязнасьці. Больш за тое, заявіў, што пасьля такіх выказваньняў Ціхіня ня мае права займаць сваю пасаду. Але Ціхіня заставаўся старшынём Канстытуцыйнага суду.

Сёньня нават цяжка ўявіць, каб кіраўнік беларускага суду дазволіў сабе падобныя выказваньні ў прысутнасьці Лукашэнкі. Дый каб у краіне існаваў парлямэнт, у якім магла б адбыцца такая дыскусія. Але ў 1996 годзе гэта яшчэ было часткай беларускага палітычнага жыцьця.

Адзінаццаць чалавек, якія маглі сказаць Лукашэнку «не»

Канстытуцыйны суд нашай краіны быў створаны ўвесну 1994 году, яшчэ да таго, як Лукашэнка стаў прэзыдэнтам. Першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі прадугледжвала, што суд будзе складацца з адзінаццаці кваліфікаваных спэцыялістаў у галіне права, якіх Вярхоўны Савет абіраў на адзінаццаць гадоў.

Суд мог нават з уласнай ініцыятывы правяраць канстытуцыйнасьць нарматыўных актаў дзяржаўных органаў, у тым ліку ўказаў прэзыдэнта. Такім чынам, Лукашэнка, які ўлетку 1994 году перамог на першых прэзыдэнцкіх выбарах, атрымаў у спадчыну дзяржаўны інстытут, які быў створаны не ім і не пад ягоныя патрэбы. І неўзабаве гэта стала праблемай для новага кіраўніка краіны.

Валеры Ціхіня

Валеры Ціхіня

Асабліва цікава, што Валеры Ціхіня, які ўзначаліў Канстытуцыйны суд, зусім не паходзіў з нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі, блізкай да БНФ. Гэта быў былы міністар юстыцыі БССР, сакратар ЦК Кампартыі Беларусі, прафэсар права. У 1990 годзе ён нават характарызаваў сябе ў парлямэнце як цэнтрыста зь левым ухілам.

Больш за тое, менавіта Лукашэнка прапанаваў яго кандыдатуру на пасаду старшыні Канстытуцыйнага суду, і 23 сакавіка 1995 году Ціхіню на гэтай пасадзе зацьвердзіў Вярхоўны Савет. Аднак калі Канстытуцыйны суд пачаў прызнаваць прэзыдэнцкія ўказы неканстытуцыйнымі, Лукашэнка паспрабаваў дамагчыся пераабраньня Ціхіні. На ягоным месцы будучы дыктатар хацеў бачыць Рыгора Васілевіча.

Але, паводле ўспамінаў судзьдзі Міхаіла Пастухова, ягоныя калегі адмовіліся падтрымаць прапанову Лукашэнкі, і Ціхіня застаўся на пасадзе.

Беларусь у дзевяцібальным шторме

12 студзеня 1996 году Лукашэнка выступіў на закрытым паседжаньні Вярхоўнага Савету, дзе крытыкаваў Канстытуцыю і пераконваў дэпутатаў у неабходнасьці яе зьмены. Праз чатыры дні перад парлямэнтам выступіў Валеры Ціхіня. Паводле архіўнай стэнаграмы, якую дасьледаваў гісторык Аляксандар Кур’яновіч, старшыня Канстытуцыйнага суду параўнаў Беларусь з караблём, які трапіў у дзевяцібальны шторм.

Ціхіня зьвязваў канстытуцыйныя праблемы не з недасканаласьцю самога Асноўнага закону, а з дзейнасьцю кіраўніка дзяржавы. 9 лютага 1996 году Канстытуцыйны суд прыняў пасланьне аб стане канстытуцыйнай законнасьці ў краіне за папярэдні год. У дакумэнце гаварылася пра «неправамернае ўзмацненьне выканаўчай улады», у выніку якога прыніжалася роля іншых галінаў улады.

З чатырнаццаці прэзыдэнцкіх указаў, пра якія ішла гаворка ў пасланьні, адзінаццаць былі прызнаныя неадпаведнымі Канстытуцыі.

22 лютага 1996 году Ціхіня прадставіў пасланьне дэпутатам Вярхоўнага Савету. Старшыня Канстытуцыйнага суду зьвярнуў увагу на праблемы з прызначэньнем высокапастаўленых чыноўнікаў без згоды парлямэнту і небясьпеку занадта шырокай інтэрпрэтацыі прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Дэпутат Андрэй Клімаў тады папярэдзіў, што, карыстаючыся адной з расплывістых нормаў Канстытуцыі, Лукашэнка ў пэрспэктыве можа ліквідаваць і Вярхоўны Савет, і сам Канстытуцыйны суд. Да рэфэрэндуму, які карэнным чынам зьменіць сыстэму дзяржаўнай улады, заставалася дзевяць месяцаў.

Загад не выконваць рашэньні суду

2_629.webp

Яшчэ 29 сьнежня 1995 году Лукашэнка выдаў распараджэньне № 259 рп «Аб захаваньні нормаў указаў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». За даволі нэўтральнай назвай хаваўся вельмі паказальны зьмест. Падначаленым прэзыдэнту дзяржаўным органам прадпісвалася працягваць выконваць шэраг ягоных указаў, нягледзячы на тое, што Канстытуцыйны суд ужо прызнаў іх неканстытуцыйнымі.

Фактычна Лукашэнка загадваў чыноўнікам ігнараваць рашэньні найвышэйшага органу канстытуцыйнага кантролю. 29 красавіка 1996 году Канстытуцыйны суд прызнаў неканстытуцыйным і гэтае распараджэньне ў адпаведнай частцы.

Атрымалася парадаксальная сытуацыя: суд прызнаваў незаконнымі ўказы прэзыдэнта, прэзыдэнт загадваў іх выконваць, а суд у адказ прызнаваў незаконным і гэты загад. У пасланьні за 1995 год Канстытуцыйны суд канстатаваў, што прэзыдэнт «узяў на сябе функцыі органу заканадаўчай улады, чым перавысіў свае паўнамоцтвы».

Восем супраць трох

Рыгор Васілевіч

Рыгор Васілевіч

Кульмінацыя супрацьстаяньня наступіла ўвосень 1996 году. Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум, які мусіў істотна перабудаваць сыстэму дзяржаўнай улады і пашырыць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. 4 лістапада Канстытуцыйны суд прызнаў неканстытуцыйным вынясеньне прапанаваных праэктаў зьменаў у Канстытуцыю на абавязковы рэфэрэндум. Галасаваньне па гэтых пытаньнях магло мець толькі кансультатыўны характар, аднак аднадушнасьці сярод судзьдзяў не было.

Рыгор Васілевіч, Ксенія Кенік і Рыма Філіпчык выклалі асобнае меркаваньне. Яны лічылі неабгрунтаваным выснову большасьці судзьдзяў адносна характару рэфэрэндуму.

«Якіх-небудзь парушэнняў у прапановах ініцыятараў не бачым», – гаварылася ў іхным асобным меркаваньні. Такім чынам спрэчка адбывалася ня толькі паміж прэзыдэнтам і судом, але і ўсярэдзіне самога суду. Але ў рашэньні большасьці, падпісаным Ціхінем, чорным па белым было пазначана:

«Гэта заключэньне ўступае ў сілу з дня прыняцьця, зьяўляецца канчатковым, абскарджаньню і апратэставаньню не падлягае».

Аднак ужо 7 лістапада Лукашэнка выдаў указ № 459, якім абвясьціў заключэньне Канстытуцыйнага суду нядзейным. Ён сам вырашыў, ці мусіць дзейнічаць вэрдыкт органу, прызначанага кантраляваць канстытуцыйнасьць ягоных рашэньняў.

19 лістапада 1996 году, за пяць дзён да рэфэрэндуму, 73 дэпутаты Вярхоўнага Савету зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд з прапановай даць заключэньне аб парушэньні Лукашэнкам Канстытуцыі. Так пачалася працэдура імпічмэнту. Паводле артыкула 104 Канстытуцыі 1994 году, у выпадку парушэньня Асноўнага закону прэзыдэнт мог быць адхілены ад пасады.

Прычым як толькі Канстытуцыйны суд выносіў адпаведнае заключэньне, кіраўнік дзяржавы мусіў прыпыніць выкананьне сваіх абавязкаў да канчатковага рашэньня парлямэнту. Для Лукашэнкі гэта была рэальная пагроза, і ён прапанаваў сустрэцца з усім складам Канстытуцыйнага суду, каб абмеркаваць сытуацыю, але судзьдзі адмовіліся.

Міхаіл Пастухоў

Міхаіл Пастухоў

«Як мы можам сустракацца з Лукашэнкам, калі да нас зьвярнуліся дэпутаты па яго імпічмэнт?» – згадваў праз дваццаць гадоў у інтэрвію «Новаму Часу» судзьдзя Міхаіл Пастухоў.

Разгляд справы мусіў пачацца а дзясятай гадзіне раніцы 22 лістапада. Але ў ноч перад паседжаньнем у беларускую гісторыю ўмяшалася Масква. 21 лістапада ў Менск прыбылі расейскі прэм’ер-міністар Віктар Чарнамырдзін, кіраўнік Дзяржаўнай думы Генадзь Селязьнёў і старшыня Савету Фэдэрацыі Ягор Строеў.

Падчас начных перамоваў з удзелам Лукашэнкі, старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага і старшыні Канстытуцыйнага суду Валерыя Ціхіні было падрыхтаванае пагадненьне.

Яно прадугледжвала, што рэфэрэндум па зьменах у Канстытуцыю будзе мець кансультатыўны характар, а працэдура імпічмэнту спыніцца. Далейшы лёс канстытуцыйнай рэформы мусіла вырашыць адмысловая камісія. Раніцай судзьдзі, якія прыйшлі на працу і былі гатовыя пачынаць разгляд справы, даведаліся пра вынікі начных перамоваў.

Ціхіня патлумачыў сваё рашэньне неабходнасьцю пазьбегнуць кровапраліцьця, але большасьць судзьдзяў не жадала спыняць распачаты працэс. Паводле ўспамінаў Пастухова, 22 і 23 лістапада Ціхіня неаднаразова ставіў пытаньне аб спыненьні справы, аднак неабходнай большасьці галасоў так і не набіралася.

Сам Ціхіня пазьней тлумачыў свой выбар наступным чынам:

«Мне сказалі, што будзе кроў, грамадзянская вайна. Я не мог узяць на сябе такую адказнасьць. Так было лепей тады».

У выніку частка дэпутатаў пачала адклікаць свае подпісы пад зваротам аб імпічмэнце. Паводле сьведчаньняў удзельнікаў падзеяў, на іх аказваўся ціск. 24 лістапада адбыўся рэфэрэндум, вынікі якога ўлады абвясьцілі абавязковымі.

А 26 лістапада зьявіўся дакумэнт, які сам па сабе мог бы стаць экспанатам музэю беларускай дэмакратыі. Закон аб спыненьні ў Канстытуцыйным судзе справы аб парушэньні прэзыдэнтам Канстытуцыі. Падпісаў яго Аляксандар Лукашэнка.

Інакш кажучы, кіраўнік дзяржавы падпісаў закон аб спыненьні судовага разбору адносна ўласных дзеяньняў. Судзьдзя Міхаіл Пастухоў не пагадзіўся з гэтым рашэньнем і выклаў асобнае меркаваньне.

«І ў гэты момант, я лічу, Канстытуцыйны суд у краіне сканаў», – так пазьней ён апісаў той дзень.

4 сьнежня 1996 году Валеры Ціхіня абвясьціў пра сваю адстаўку. Ён абвінаваціў Лукашэнку ў зьнішчэньні дэмакратыі і зьнявазе закону, а ягоныя дзеяньні падчас рэфэрэндуму ахарактарызаваў як «прававы вандалізм».

Ціхіня прызнаў, што яму не ўдалося абараніць Канстытуцыю 1994 году. Але было ўжо занадта позна.