Расія ператварае Беларусь у звалку для небяспечных эксперыментаў?
Калісьці даўно, па-мойму, Зянон Пазняк казаў, што Беларусь з'яўляецца выпрабавальным палігонам для Расіі. Ён меў на ўвазе палітычны кантэкст: усе дыктатарскія штучкі і прыёмы, якія выкарыстоўваліся ў РФ, спачатку «абкатваліся» ў РБ. Але падобна, цяпер Расія разглядае нашу краіну не толькі як палігон палітычны.

На гэтым тыдні міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз зрабіў дзіўную заяву. Паводле яго слоў, «у высокай ступені гатоўнасці» знаходзіцца генеральнае пагадненне паміж Беларуссю і «Расатамам» пра будаўніцтва трэцяга блока БелАЭС. І гэтае пагадненне могуць падпісаць у найбліжэйшы час.
«Паралельна вырашаецца пытанне пра будаўніцтва яшчэ адной АЭС. У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы і ўрада мы працуем у цесным кантакце з «Расатамам». Дзяржкарпарацыя праяўляе інтарэс да пабудовы трэцяга энергаблока БелАЭС. Для гэтага неабходна падрыхтаваць генеральнае рамачнае пагадненне. Цяпер гэты дакумент у высокай ступені гатоўнасці. Упэўнены, што ў найбліжэйшы час мы будзем абвяшчаць пра яго падпісанне», — цытуе яго БелТА.
Такім чынам, трэці энергаблок і другая атамная станцыя. Узнікае пытанне: навошта?
Каму, як не міністру энергетыкі ведаць, што, па-першае, ужо дзеючая атамная станцыя сваёй функцыі не выканала: электраэнергія з уводам БелАЭС у эксплуатацыю не патаннела, а падаражэла.
Па-другое, такой колькасці электрычнасці Беларусі не трэба, а экспартаваць яе няма куды, паколькі ўсе нашы суседзі, за выключэннем Расіі, купляць яе ў нас адмовіліся. А ў Расіі побач з намі свая, Смаленская АЭС.
І, як вынік з «па-другое» выходзіць па-трэцяе: ужо дзеючыя рэактары БелАЭС у пэўны час больш прастойвалі, чым працавалі.
Паўторым пытанне: навошта ў такой сітуацыі нам будаваць яшчэ адзін энергаблок, не кажучы ўжо пра яшчэ адну станцыю?
Адказ можа быць адзін: гэта трэба не нам, гэта трэба Расіі. Мы даўно пісалі, што пабудаваны пад Астраўцом рэактар — шмат у чым эксперыментальны, і «Расатам» на нашай тэрыторыі абкатваў свае тэхналогіі (дарэчы, і гэта таксама тлумачыць, чаму БелАЭС больш прастойвае, чым працуе). А цяпер расійскім атамшчыкам, верагодна, хочацца мець новыя палігоны для атамных эксперыментаў. І калі такая здагадка слушная — то тады ўсё лагічна. Асабліва будаўніцтва новага энергаблока ў тых умовах, калі электраэнергію са старых падзець няма куды.
Глядзіце таксама

Але Расія хоча не толькі «мірны атам». Паліўная кампанія «ТВЭЛ», якая ўваходзіць у склад «Расатама», заявіла пра планы развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы электрамабільнасці, у тым ліку лакалізаваць вытворчасць літый-іонных назапашвальнікаў энергіі. Пра гэта заявіла прэзідэнт ААТ «ТВЭЛ» Наталля Нікіпелава на канферэнцыі «Электрычны транспарт: рэальнасць і перспектывы» ў Мінску, перадае БелТА.
Паводле яе слоў, расійскі бок гатовы сумесна з Беларуссю арганізаваць вытворчасць назапашвальнікаў энергіі для электратранспарту і стацыянарных энергасістэм, і адзначыла, што «Расатам» запусціў у Расіі першую гігафабрыку па вытворчасці літый-іонных назапашвальнікаў энергіі ў мінулым годзе, а другую — у 2026-м.
«Мы гатовыя ў партнёрстве з беларускім бокам лакалізоўваць гэта вытворчасць у Беларусі. Упэўненая ў тым, што будзе не проста лакалізацыя нашай тэхналогіі, а сумесныя распрацоўкі», — адзначыла яна.
Зноў пытанне: нам гэта навошта? Па-першае, мы ўсе помнім пратэсты берасцейцаў супраць будаўніцтва Брэсцкага акумулятарнага завода — даволі шкоднай вытворчасці. У выніку завод усё ж пабудавалі, але… У 2025 годзе ён быў вымушаны сыходзіць у «прастоі» і скарачаць персанал.
Па-другое, засмучаюць «літый-іонныя назапашвальнікі», таму што цяпер увесь свет пераходзіць на крэмній-вугляродныя батарэі. Вядома, крэмній-вугляродныя — гэта фактычна падвід літыевага акумулятара, але… Ці будуць у нас вырабляцца батарэі новага тыпу, ці ўсё ж «мінулае стагоддзе» з састарэлымі тэхналогіямі?
Ведаючы, што Расія і Беларусь знаходзяцца пад тэхналагічнымі санкцыямі, і таму новую тэхналогію ім наўрад ці хтосьці надасць… І навошта нам шкодная вытворчасць састарэлых батарэй?
Навошта гэта расійскаму прадпрыемству — зразумела: каб размяшчаць шкодную вытворчасць не на сваёй тэрыторыі. А нам якая выгада? У нас і свой акумулятарны завод, як мы ведаем, з перабоямі працуе.
Ну і яшчэ адна навіна, хоць хутчэй «старасць». Прэс-сакратар Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны Андрэй Дземчанка заявіў, што рэтранслятары, якія ўзмацняюць сігнал для расійскіх беспілотнікаў пры атаках на Украіну, па-ранейшаму працуюць у Беларусі.
«На жаль, іх працу працягваюць фіксаваць. Фактычна гэта не азначае, што рэтранслятар уключаны там кругласутачна, але мы назіраем перыядычную змену месцаў, дзе яны ўключаюцца», – заявіў Дземчанка.
Калісьці Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны, папярэдзіў Лукашэнку, што ён, Зяленскі, можа сам «выключыць» гэтыя рэтранслятары. А камандзір Сіл беспілотных сістэм Украіны Роберт «Мадзяр» Броўдзі паведаміў пра 500 ужо вызначаных цэлей на тэрыторыі РБ у выпадку нейкай эскалацыі.
І вось у мяне пытанне, зусім нават не рытарычнае: ці варта нам у сучасных умовах павялічваць колькасць мэтаў для дронаў? Бо расійскія прадпрыемствы Украіна лічыць сваёй законнай мэтай, праўда?