Не працуе, дык хоць не выбухне. БелАЭС — два гады

Два гады споўнілася 3 лістапада з моманту, як да энергасістэмы Беларусі падключылі Беларускую АЭС. Палову гэтага часу персанал станцыі страціў на тое, каб наладзіць працу, бо БелАЭС увесь час ламалася і месяцамі стаяла выключанай. Выключана яна і цяпер.

belaes_4.jpg


І гэта пры ўсіх фінансах, выдаткаваных на яе, і пры тых пагрозах, якія АЭС у перспектыве нясе нашай краіне, пішуць «Белнавіны».

Рашэнне будаваць БелАЭС прынялі ў 2008 годзе, калі Лукашэнка падпісаў пастанову Савета бяспекі, згодна з якой планавалі пабудаваць атамную электрастанцыю магутнасцю 2000 МВт з уводам у эксплуатацыю першага энергетычнага блока ў 2016 годзе, другога — у 2018-м. Але першы энергаблок запусцілі толькі праз чатыры гады пасля першапачатковых планаў. Звязана гэта ў тым ліку і з інцыдэнтамі пры будаўніцтве станцыі.

Трэцяга лістапада 2020 года генератар першага энергаблока Беларускай АЭС падключылі да энергасістэмы краіны, а 7 лістапада БелАЭС афіцыйна запусціў сам Лукашэнка. Але ўжо праз два дні энергаблок перастаў працаваць: турбіну спынілі з-за трансфарматараў напружання, якія сталі непрыдатнымі.

З пачатку запуску БелАЭС прастойвала больш за палову ўсяго часу. За 730 дзён з моманту падключэння станцыі да энергасістэмы Беларусі яна не працавала 367 дзён па стане на 3 лістапада 2022 года. Другі энергаблок не запусцілі дагэтуль, хоць у снежні 2021 года прэм'ер Раман Галоўчанка казаў, што гэта зробяць да лета 2022-га.

Пры будаўніцтве БелАЭС і пасля запуску на аб'екце неаднаразова адбываліся няшчасныя выпадкі, гінулі або траўміраваліся людзі. У Міністэрстве энергетыкі пацвердзілі дзве смерці і дзесяць няшчасных выпадкаў.


Тым не менш, нягледзячы на ўсе інцыдэнты і прастоі, а таксама на тое, што суседнія краіны адмовіліся купляць беларускую электраэнергію, у Міністэрстве энергетыкі Беларусі не губляюць аптымізму і заяўляюць аб эканамічнай эфектыўнасці станцыі.

Па словах міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча, эканамічны эфект ад працы станцыі — каля $400 млн. Пры гэтым, паводле афіцыйных даных, на 1 сакавіка 2021 года было выкарыстана сродкаў расійскага крэдыту на суму $4,7 млрд з $10 млрд, прадугледжаных на будаўніцтва АЭС. Да выдаткаў яшчэ трэба дадаць кошт паліва для самой АЭС ($110 млн кожныя чатыры гады, без уліку больш дробных выплат), працэнты за карыстанне крэдытам у памеры 3,3% гадавых, шматмільярдныя выдаткі на мадэрнізацыю энергасістэмы Беларусі, магчымасць закрыцця шэрагу ЦЭЦ, неабходнасць знайсці формы выкарыстання лішняй электраэнергіі, якую ніхто не хоча купляць, і гэтак далей. Да гэтага часу не вырашана пытанне і са сховішчам для адпрацаванага паліва.

Расійскі фізік-ядзершчык, эколаг Андрэй Ажароўскі адзначае, што першы энэргаблок БелАЭС, пабудаваны расійскім «Расатамам», з'яўляецца добрым прыкладам большасці праблем, якія мае сучасная атамная энэргетыка: эканамічная неэфектыўнасць, ненадзейнасць працы, нявырашанасць праблемы радыеактыўных адкідаў.

«Атрымалася, што «Расатам», выкарыстоўваючы свае лабісцкія магчымасці, нейкім чынам пераканаў заказчыка — беларускае Міністэрства энергетыкі — прыняць энергаблок са страшнымі недапрацоўкамі пад абяцанне ўсё хуценька залатаць і запэўніванне, што ўсё будзе працаваць. «Усё» не працуе», — падкрэсліў эколаг.

Андрэй Ажароўскі адзначыў, што спачатку нават не ўяўлялася, «што ўжо пабудаваная АЭС будзе настолькі крывенькая і настолькі непрацаздольная».

Факт, што энергаблок рэгулярна прастойвае, на думку эксперта, не толькі ілюструе ненадзейнасць атамнай энергетыкі, але і наўпрост уплывае на яе эканамічную эфектыўнасць. Тым не менш, плаціць за крэдыт на будаўніцтва АЭС Беларусь будзе ў любым выпадку: працуе атамная станцыя, выпрацоўвае электраэнергію ці не.

Андрэй Ажароўскі ацаніў працяглы прастой БелАЭС як станоўчы для экалогіі фактар: «Калі атамная станцыя прастойвае, няма рызыкі, што яна выбухне. Рэактар не працуе. Калі атамная станцыя прастойвае, яна не напрацоўвае радыеактыўных адкідаў».

Па словах эколага, асноўныя праблемы БелАЭС з'явяцца, калі яе наладзяць і «з гэтымі недаробкамі справяцца»: «Калі яна будзе пыхкаць на поўную магутнасць, то яна будзе на поўную магутнасць напрацоўваць радыеактыўныя адкіды, і гэта будзе ствараць праблемы на сотні гадоў наперад».