Кошт «саюзніка»: чаму беларусы раптам паехалі адпачываць у Расію?

У любых рашэнняў ёсць наступствы. Здавалася б, гэта настолькі прапісная ісціна, што тлумачыць яе не трэба. Тым не менш, часам беларускія ўлады робяць выгляд, што наступствы ўзніклі «раптам» і «самі па сабе». А гэтыя ўлады нібыта не рабілі нічога, каб гэтыя наступствы былі.

_kitaj___pekin___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Нядаўна Міжнародны паралімпійскі камітэт (IPC) прагаласаваў за аднаўленне поўных правоў Нацыянальных паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і РФ. Цяпер паралімпійцы з Беларусі і Расіі тэарэтычна могуць выступаць на паралімпійскіх гульнях. «Тэарэтычна» таму, што, згодна з паведамленнем IPC, на практыцы ніводны расійскі або беларускі спартсмен, верагодна, не зможа кваліфікавацца на зімовыя Паралімпійскія гульні 2026 года ў Мілане-Карціне.

Тым не менш, такое рашэнне IPC выклікала асуджэнне сярод прадстаўнікоў больш чым 33 краін, а таксама Еўрапейскай камісіі. Яны выступілі супраць рашэння аднавіць правы паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і РФ. Аўтары адзначаюць, што агрэсія Расіі супраць Украіны працягваецца, а Расія і Беларусь працягваюць парушаць Алімпійскую хартыю.

Падпісанты нагадалі, што санкцыі МАК і IPC былі ўведзены пасля ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года, якое было падтрымана Беларуссю, што парушала алімпійскае перамір'е. Пры гэтым МАК 19 верасня 2025 года пацвердзіў, што расійская і беларуская дзяржаўныя каманды не будуць дапушчаныя да ўдзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года ў Мілане і Карціна-д’Ампеца.

Пры гэтым падпісанты заклікаюць IPC удакладніць, якое значэнне іх рашэнне будзе мець для аб'ектаў, што належаць Нацыянальнаму паралімпійскаму камітэту Украіны, але акупаваныя Расіяй.

Гэта прыклад таго, як нават «пацяпленне», здавалася б, можа быць азмрочана. Сапраўды, Беларусь і Расія вайной ва Украіне парушаюць галоўны алімпійскі дакумент — Алімпійскую хартыю. Пакуль доўжыцца вайна, доўжыцца і парушэнне. І, адпаведна, санкцыі ў дачыненні да спартсменаў Расіі і Беларусі таксама павінны працягвацца.

І, падобна, гэтыя санкцыі пачалі тычыцца не толькі спартсменаў, але і звычайных людзей. Як паведамляе Расійскі саюз туріндустрыі са спасылкай на дадзеныя Памежнай службы ФСБ РФ, са студзеня па верасень 2025 года грамадзяне Беларусі здзейснілі 14,1 тысяч турыстычных паездак у Расію. Гэта амаль удвая больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га.

У паведамленні адзначаецца, што беларускія турфірмы «не першы год актыўна наладжваюць сувязі са шматлікімі расійскімі рэгіёнамі і прапануюць сваім турыстам разнастайныя праграмы — ад Калінінграда да Далёкага Усходу».

Расія — зусім нетыповая краіна для адпачынку беларусаў, за выключэннем, вядома, расійскага Чарнаморскага ўзбярэжжа. На якое цяпер ездзіць вельмі рызыкоўна, бо яно спрэс прастрэльваецца дронамі. Тым не менш паток турыстаў з РБ у РФ, калі верыць памежнай службе РФ, узрос. А гэта значыць, што альбо ў беларусаў больш няма грошай на даражэйшы, але і больш якасны адпачынак у тых жа Турцыі ці Егіпце, альбо тое, што праезд у гэтыя традыцыйныя для адпачынку краіны раптам стаў недасяжны ці ўскладнены.

І хутчэй другое, чым першае, бо, калі верыць нашай статыстыцы, заробкі ў нас знаходзяцца ці не на рэкордным узроўні. А значыць, што на адпачынак беларусаў за мяжой уплываюць санкцыі супраць «Белавія». Амерыканцы іх, здаецца, знялі, але еўрапейцы гэтага не рабілі. А санкцыі ў нас узніклі з-за чаго? Памятаеце?

Вось толькі гісторыя наш урад і нашы ўлады на памылках не навучаюцца. Альбо яны проста не хочуць навучацца. Альбо ж хочуць, але не могуць ісці супраць рашэнняў аднаго чалавека.

З-за запуску з тэрыторыі Беларусі метэазондаў, якія выкарыстоўваліся для перавозкі кантрабандных цыгарэт, Літве ў канцы кастрычніка давялося некалькі разоў прыпыняць працу аэрапортаў, што закранула каля паўтары сотні рэйсаў і больш за 20 тысяч пасажыраў. Кіраўніцтва краіны называе гэта гібрыднай атакай Беларусі, арганізаванай не без ведама рэжыму Лукашэнкі. Дзеянні Мінска асудзілі лідары ЕС, а НАТА выказала падтрымку Літве.

Літва ў адказ закрыла мяжу з Беларуссю да 30 лістапада. Але Беларусь замест таго, каб «разруліць» сітуацыю, пачала наадварот яе абвастраць, і вырашыла не прапускаць у Літву фуры літоўскіх перавозчыкаў.

Вось толькі нашы чыноўнікі пастаянна недаацэньваюць сітуацыю. Яны думаюць, што Літва — гэта маленькая дзяржава на мяжы з Беларуссю, дзе ва ўсёй краіне насельніцтва столькі, колькі жыве ў адным Мінску. А насамрэч Літва — гэта член Еўрапейскага саюза і НАТА. І на тыдні прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што, калі сітуацыя з запускамі кантрабандных паветраных шароў з Беларусі не палепшыцца, падтрымку Літве акажуць Латвія і Эстонія.

А палякі ўжо праявілі салідарнасць з Літвой і не адкрылі межы, хоць гэта планавалася тыдзень таму.

Нагадаем, што Варшава мела намер адкрыць пункт пропуску «Кузніца», закрыты з 9 лістапада 2021 года, і пункт пропуску «Баброўнікі», закрыты з 10 лютага 2023 года, але вырашыла адкласці гэтыя планы.

Асобна варта нагадаць, што на адкрыцці памежных пераходаў у свой час настойваў Кітай, і нават дасылаў для гэтага цэлага міністра замежных спраў Ван І — калі Польшча цалкам закрыла мяжу з Беларуссю пасля маштабнага залёту праз РБ расійскіх беспілотнікаў. Тады дамовіліся адкрыць некаторыя калідоры — пасля таго, як Кітай «правёў шчырую размову з Лукашэнкам» наконт сітуацыі.

А ў святле новых падзей з Літвой Кітай можа зноў «пагаварыць з Лукашэнкам». Таму што мяжа ў Беларусі, насамрэч, не асобна з Польшчай ці асобна з Літвой. Мяжа ў Беларусі з Еўрапейскім Саюзам. А рынак ЕС для Кітая важны.

Ці наладзіць Кітай новае «а-та-та» Лукашэнку наконт мяжы? Цалкам можа быць.