Беларусь пад ударам. Лукашэнка плануе схавацца ад ракет NATO за агароджай ад мігрантаў
Падобна, Аляксандру Лукашэнку прыгразілі пальцам, а ён сур’ёзна спалохаўся. Напэўна, таму, што ведае: па сутнасці сваёй ён у Беларусі ў адносінах бяспекі нічога не вырашае. Дый дапамогі яму, у прынцыпе, ніадкуль не будзе. І ўсё гэта ён разумее.

The Wall Street Journal апісаў план адказу NATO на магчымы напад Расіі на краіны Альянсу, які паказаў на Варшаўскім форуме па бяспецы Вярхоўны галоўнакамандуючы Аб’яднанымі узброенымі сіламі NATO ў Еўропе Алексус Грынкевіч. Гэты план прадугледжвае блакаванне атакі, пазбаўленне праціўніка здольнасці кантраляваць і падтрымліваць свае сілы, а таксама стварэнне шырокай «аўтаномнай зоны», дзе беспілотнікі і наземныя робаты маглі б адбіць расійскі напад без значных страт войскаў саюзнікаў.
І — галоўнае — план прадугледжвае нанясенне ўдараў па Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі. Як кажацца ў матэрыяле: «Па расійскіх камандных пунктах і сродках СПА ў эксклаве Калінінград, непадалёк ад Санкт-Пецярбурга і ў Беларусі».
А мы ж сто разоў пісалі: расійская РЛС пад Ганцавічамі і камандны пункт у Вілейцы — аб’екты «першага ўдару» ў выпадку канфлікту «Расія — NATO», што і пацвердзіў Алексус Грынкевіч. Але беларускім уладам гэтага было мала: яны яшчэ і расійскую «ядзерку» да нас завезлі і ўвогуле — сістэму СПА з расійскай аб’ядналі.
То-бок, у выпадку нападу РФ на NATO Беларусь будзе пад такімі маштабнымі ўдарамі, што пасля іх у нас увогуле арміі не застанецца. І гэта, адзначым, яшчэ не наступальны, а «абарончы» ўдар, закліканы усяго толькі «блакаваць атаку» і даць магчымасць саюзнікам Альянсу падцягнуць асноўныя войскі ў зону канфлікту. А што будзе пасля, калі рушыць удар «наступальны»?
Верагодна, хтосьці ўсё ж прынёс Лукашэнку гэтую публікацыю WSJ, і беларускі галоўнакамандуючы спалохаўся не на жарт.
Зрэшты, я б на яго месцы спалохаўся таксама, паколькі даклад Грынкевіча паказвае калі не абсалютную, то, прынамсі, «у вялікай ступені» некампетэнтнасць беларускага генералітэту.
Калі ўспомніць вучэнні, якія беларуская армія праводзіць ці не бесперапынна, то агулам усю іх канцэпцыю можна звесці да аднаго: прарыў або прасочванне дыверсійна-разведвальных груп праз мяжу і спроба «дэстабілізацыі абстаноўкі» ды захопу населеных пунктаў з мэтай…. А Бог яго ведае, з якой мэтай, мы да гэтага не даходзілі, бо «ўмоўнага праціўніка» ліквідавалі яшчэ на подступах.
Нават у апошніх маштабных вучэннях «Захад», якія прайшлі яшчэ да пачатку вайны ва Украіне, у 2021 годзе, задума вучэнняў уяўляла сабой «эскалацыю напружанасці», гэта значыць — даволі абмежаваны канфлікт.
То-бок, на самой справе Беларусь увесь апошні час адпрацоўвала процідзеянне тактыцы, якой аддавала перавагу… Расія. Менавіта праз «прасочванне ДРГ» Расія ў 2014-м захапіла Данбас. А УСУ «адлюстравалі» гэтую тактыку падчас Курскай аперацыі 2024 года. А вось на маштабны паветраны ўдар NATO па ваенных аб’ектах у Беларусі, падобна, ніхто не разлічваў.
Таму Лукашэнка і склікаў нараду, якая мела назву як «па выніках праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС». Але замест ўнутраных войскаў беларускі галоўнакамандуючы доўга і блытана казаў пра армію.
Пра тое, што ў Беларусі ёсць умацаваныя раёны, якія ўзброеныя сілы ў выпадку неабходнасці зоймуць на працягу сутак. Пра тое, што салдаты «павінны ведаць, у якім акопе будуць знаходзіцца». Пра нейкія міфічныя «лятучыя атрады Карпянкова», якія той «перакіне на працягу некалькіх гадзін куды трэба». І нават спадзяваўся на тое, што армія NATO не будуць ламаць платы, пабудаваныя на межах з Беларуссю праз нелегальных мігрантаў.
Так і сказаў: «Дзякуй ім, што яны пабудавалі гэты плот. У выпадку агрэсіі з іх боку ім прыйдзецца гэты плот пераадольваць. Гэта нам выгадна».
Але не сказаў, як гэты плот спыніць масіраваны ўдар балістыкай і крылатымі ракетамі па тэрыторыі РБ, прадугледжаны «планам Грынкевіча».
А ніяк. І гэты ўдар не спыніць ніхто — асабліва гледзячы на тое, як расійская СПА «спыняе» ўкраінскія дроны і ракеты, што трапляюць то па НПЗ, то па складах «Вайлдберыз», то па дата-цэнтрах «Яндэкса» і «Сбера».
Таму так, Лукашэнка сур’ёзна струхануў. І па-новаму паглядзеў на правакацыю мяжы з Латвіяй, калі некалькі узброеных людзей з тэрыторыі Беларусі выціскалі на латвійскі бок мігрантаў, а пазней перайшлі мяжу і выкралі камеры назірання.
Лукашэнка абвясціў гэта «інсцэніроўкай латвійскіх служб». А што ён яшчэ мог сказаць? Хутчэй за ўсё, пра гэта «прамацванне латвійскай мяжы» яго проста не папярэдзілі (фэйк пра нейкую «Чорную Русь» нават разглядаць не будзем). Дакладна так жа, як Лукашэнку не папярэдзілі пра напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі ў 2022-м.
«Латвійскі інцыдэнт» паказаў, што Лукашэнка па-ранейшаму не кантралюе тэрыторыю, ваенную сітуацыю і мяжу ў Беларусі. Але вінаватым у любым інцыдэнце ўсё адно акажацца ён.
А адказ на тaкі інцыдэнт можа быць проста знішчальным. Без усялякіх перабольшанняў.