Знойдзена фота страчанай шыльды Касцюшкі: MALDZIS набыла тры гістарычныя здымкі

 Ініцыятыва MALDZIS набыла ў Польшчы тры фотаздымкі 1930-х гадоў, звязаныя з Косавам і Мерачоўшчынай. Адзін з іх, магчыма, захаваў адзіную вядомую выяву страчанай бронзавай шыльды з партрэтам Тадэвуша Касцюшкі. Два іншыя паказваюць палац Пуслоўскіх у Косаве.

Галоўная знаходка — магчыма, адзіная вядомая выява страчанай памятнай шыльды ў гонар Тадэвуша Касцюшкі.

Галоўная знаходка — магчыма, адзіная вядомая выява страчанай памятнай шыльды ў гонар Тадэвуша Касцюшкі.

Галоўная знаходка — фотаздымак шыльды з барэльефным партрэтам Касцюшкі. Калісьці гэтая памятная табліца ўпрыгожвала дом у Мерачоўшчыне, дзе нарадзіўся будучы кіраўнік паўстання 1794 года. Набыты здымак мае памер усяго 10 × 14 см. Ён датаваны 1936 годам і можа быць адзінай вядомай выявай гэтай мемарыяльнай шыльды.

На двух іншых фотаздымках, аўтарам якіх быў палескі дакументальны фатограф Юзаф Шыманчык, зафіксаваны суседні палац Пуслоўскіх у Косаве. Гэта адзін з самых пазнавальных архітэктурных помнікаў Беларусі. На адным здымку бачны фрагмент палацавага фасада, на другім — агульны выгляд будынка з яго характэрнымі вежамі.

Глядзіце таксама

Асаблівую цікавасць выклікае стан палаца на фотаздымках. На адным з іх бачныя выбітыя вокны і часткова разбураныя інтэр'еры. Здымкі дазваляюць убачыць помнік не толькі як архітэктурную славутасць, але і як сведку драматычных падзей ХХ стагоддзя.

Кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевічтлумачыць:

«У гэтым выпадку слова “вяртанне” мае літаральны сэнс. Гэтыя фотаздымкі былі зробленыя ў Беларусі, захавалі сведчанні пра яе часовае польскае мінулае і цяпер вяртаюцца ў месца свайго ўзнікнення. Паколькі аўтар двух здымкаў Юзаф Шыманчык нарадзіўся і жыў у Косаве, а іх уладальнік Чэслаў Гаке працаваў там у 1930-я гады, то мы вяртаем яшчэ і частку спадчыны людзей, чые лёсы былі звязаныя з Беларуссю».

Усе тры фотарарытэты набылі на аўкцыёне ў Польшчы дзякуючы штомесячным ахвяраванням прыхільнікаў ініцыятывы. Наступныя зборы адкрытыя для ўсіх — падтрымаць MALDZIS можна праз форму.

У будучыні фотаздымкі перададуць у Музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне.

Апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня адзначае:

«Для нас асабліва важна, што такія знаходкі становяцца магчымымі дзякуючы рэгулярным ахвяраванням. Нават невялікія штомесячныя ўнёскі з часам ператвараюцца ў нешта трывалае — у выратаваныя артэфакты, вернутыя старонкі беларускай гісторыі, новыя музейныя набыткі. Гэта добры прыклад таго, як агульнымі намаганнямі можна рабіць справы, вынікі якіх застануцца надоўга. І кожны, хто падтрымлівае MALDZIS, мае да гэтых вынікаў непасрэднае дачыненне».

Пра гісторыю, выяўленую на здымках

У 1746 годзе ў невялікім драўляным доме ў Мерачоўшчыне, непадалёк ад Косава, нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка — будучы герой барацьбы за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі, кіраўнік паўстання 1794 года і адзін з самых вядомых ураджэнцаў беларускіх земляў. Сёння, 15 кастрычніка, адзначаецца 209-я гадавіна з дня ягонай смерці.

У міжваенны час, калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы, памяць пра Касцюшку на ягонай радзіме пачалі ўшаноўваць па-новаму. Дом, у якім ён нарадзіўся, адрамантавалі, а ў 1936 годзе адкрылі ў ім невялікі музей. Прыблізна ў гэты ж час на будынку з'явілася бронзавая шыльда з рэльефным партрэтам Касцюшкі і памятным надпісам. Менавіта гэты мемарыяльны знак і захаваў фотаздымак, які набыла ініцыятыва MALDZIS.

На адваротным баку фатаграфіі ёсць рукапісны надпіс па-польску: «Шыльда на драўляным будынку ў Мерачоўшчыне каля Косава-Палескага. Зроблены здымак у 1936 годзе».

20261009_kosciuszko_by_tanya_piton_4.jpg

Мемарыяльную табліцу, імаверна, сарвалі ў 1939 годзе — пасля ўваходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і ўсталявання савецкай улады. Яе далейшы лёс невядомы.

Не перажыў вайну і сам дом Касцюшкі. У жніўні 1942 года ён быў спалены. Больш за шэсць дзесяцігоддзяў месца нараджэння героя заставалася пустым. Толькі ў 2004 годзе дом аднавілі на старых падмурках і зноў адкрылі музей. Аднак бронзавая шыльда з партрэтам Касцюшкі так і не вярнулася.

Таму набыты MALDZIS фотаздымак — унікальнае візуальнае сведчанне пра страчаны мемарыяльны знак.

Яшчэ два набытыя здымкі паказваюць косаўскі палац Пуслоўскіх, размешчаны побач з Мерачоўшчынай. Неагатычны палац узвялі ў XIX стагоддзі на замову Вандаліна Пуслоўскага. Сваім абліччам і дванаццаццю вежамі будынак нагадвае сярэднявечны замак. У міжваенны перыяд палац выкарыстоўваўся для розных адміністрацыйных і грамадскіх патрэб.

На адным з набытых фотаздымкаў бачны агульны выгляд палаца, на другім — яго фасад зблізку. На апошнім можна разгледзець выбітыя вокны і сляды пашкоджанняў.

Фатаграфіі адносяцца да 1930-х гадоў. На адваротным баку аднаго са здымкаў пазначаны 1936 год.

У 1944 годзе палац моцна пацярпеў ад пажару. У наступныя дзесяцігоддзі ён паступова ператвараўся ў руіны. Аднак, у адрозненне ад гістарычнага дома Касцюшкі, яго сцены захаваліся. У нашы дні палац быў адрэстаўраваны і зноў адкрыты для наведвальнікаў.

Пра тых, хто здымаў і захаваў

На адваротных баках усіх трох здымкаў захаваліся штампы «Archiwum płk. dr. Czesława Hake» — архіў палкоўніка доктара Чэслава Гаке. Акрамя таго, на фотаздымках палаца ёсць штампы, якія пацвярджаюць аўтарства фатографа Юзафа Шыманчыка. Ён паходзіў з беларускага Косава і пражыў там больш за 30 гадоў.

Шыманчык — вядомы ў Польшчы і амаль зусім невядомы ў нас прафесійны фатограф Палесся міжваенных часоў. Ён здымаў палескія краявіды і жыццё мясцовых жыхароў.

Яшчэ больш нечаканай аказалася гісторыя Чэслава Гаке. Гэты польскі вайсковец, педагог і спартовец стаў удзельнікам Другой сусветнай вайны і афіцэрам Арміі Краёвай. У 1935–1937 гадах ён жыў і працаваў менавіта ў Косаве-Палескім.

Час знаходжання Гаке ў Косаве супадае з датаваннем фотаздымкаў, набытых ініцыятывай MALDZIS. Таму цалкам магчыма, што яны трапілі ў ягоны архіў яшчэ ў 1930-я гады, непасрэдна ў Косаве.

У аўкцыённым апісанні фотаздымка шыльды ў гонар Касцюшкі сцвярджалася, што яго зрабіў чалавек, які жыў у гэтых мясцінах у 1936–1937 гадах і сябраваў з уладальнікам суседняга палаца Пуслоўскіх. Ці быў гэтым чалавекам сам Чэслаў Гаке, яшчэ трэба высветліць.

Такім чынам, набытыя фатаграфіі захавалі не толькі выгляд гістарычных помнікаў, але і сляды людзей, дзякуючы якім гэтыя выявы дайшлі да нас. Як высвятляецца, усе яны былі звязаныя з Беларуссю — паходжаннем, творчасцю ці месцам працы.