З Палесься ў Амэрыку: як беларусы эмігравалі больш за 100 гадоў таму

У яго было 79 даляраў, блакітныя вочы і намер перайсьці мяжу ўсяго на адзін дзень. Такім Аляксей Лаўнічук паўстае перад амэрыканскім памежнікам у ліпені 1919 году. Рабочы, нежанаты, умее чытаць і пісаць, за дарогу плаціць сам. За плячыма ў яго ўжо сем гадоў у Канадзе і акіян, які аддзяляе яго ад роднай палескай вёскі Карды.

Параход «Цар». 1912 год

Параход «Цар». 1912 год

Усё пачалося ў 1912 годзе. Тады 26-гадовы Аляксей пакінуў Карды, сёньняшнюю вёску ў Жабінкоўскім раёне, якая ў той час належала Расейскай імпэрыі. Наперадзе былі балтыйскі порт, Атлянтыка і Канада, а да Злучаных Штатаў ён дабярэцца толькі празь сем гадоў, ужо цягніком.

Каб паўтарыць такі шлях, было мала назьбіраць сродкі на параход. Трэба было атрымаць дазвол на выезд, набыць квіток, абмяняць рублі на даляры і захаваць дастаткова грошай, каб пусьцілі на другі бераг. Атлянтыку можна было перасекчы хутчэй, чым дома атрымаць усе неабходныя паперы.

Спачатку трэба было выехаць

Замежны пашпарт быў асобным дакумэнтам, а яго выдаваньнем займалася губэрнская адміністрацыя, пры гэтым паперы праходзілі празь мясцовыя ўстановы і паліцыю.

Для селяніна мелі значэньне згода сельскай грамады, адсутнасьць падатковых даўгоў і перашкодаў, зьвязаных з вайсковай павіннасьцю. Калі чалавек жыў ня там, дзе быў прыпісаны, пачыналася перапіска паміж установамі. Афармленьне магло расьцягнуцца на месяцы, і перш чым убачыць акіян, будучы эмігрант мусіў дачакацца, пакуль даедуць ягоныя паперы.

Абавязковы пашпартны збор складаў 15 рублёў за кожныя паўгода дзеяньня дакумэнта. Пяць рублёў з гэтай сумы ішлі на карысьць Расейскага таварыства Чырвонага Крыжа. З улікам дадатковых выдаткаў афармленьне магло каштаваць каля 17–18 рублёў, а часам і значна болей. Закон разглядаў такую паездку як часовы выезд, нават калі чалавек зьбіраўся будаваць новае жыцьцё за акіянам.

Але не абавязкова было вырашаць усе пытаньні дома. У Лібаве, сёньняшняй латвійскай Ліепаі, прадстаўнікі параходнай кампаніі прапаноўвалі дапамогу ў атрыманьні пашпартоў праз адміністрацыю Курляндзкай губэрні. Праўда, за дадатковую плату.

Паміж вёскай і параходнай касай часта стаяў пасярэднік, які ведаў, куды падаць паперы, як даехаць да порту і на які рэйс узяць квіток. Для чалавека без досьведу далёкіх падарожжаў такая дапамога каштавала шмат.

Да прыкладу, у 1906 годзе амэрыканскі іміграцыйны інспэктар Філіп Коўэн сустрэў у Лібаве жанчыну, якая заплаціла пасярэдніку 110 рублёў за пашпарт для сябе і чатырох дзяцей. Самому пасярэдніку дакумэнт абышоўся ў 18 рублёў, і менавіта каля 18 рублёў, разам з дадатковымі выдаткамі, інспэктар называў звычайнай сумай. У гэтым выпадку жанчына заплаціла больш як у шэсьць разоў даражэй.

Колькі гэта каштавала

Карабельны дакумэнт «Маніфэст»

Карабельны дакумэнт «Маніфэст»

У 1912 годзе квіток на параход зь Лібавы ў канадзкі Галіфакс мог каштаваць каля 60 рублёў, або прыкладна 30 даляраў. Яшчэ каля 17 рублёў трэба было заплаціць за афармленьне замежнага пашпарта. Але спачатку неабходна было дабрацца да самога порту. Чыгуначны пераезд з ваколіцаў Кардоў праз Баранавічы і Вільню ў Лібаву ў трэцяй клясе мог абысьціся яшчэ прыкладна ў 8 рублёў. Але і гэта яшчэ ня ўсё.

Канадзкія ўлады патрабавалі, каб эмігранты мелі ўласны грашовы запас, які ўлетку для дарослага чалавека без ільготаў складаў мінімум 25 канадзкіх даляраў, або амаль 50 расейскіх рублёў. Узімку патрабаваньне ўзрастала да 50 даляраў, і іміграцыйны службовец мусіў упэўніцца, што чалавек мае сродкі на жыцьцё. Акрамя таго, трэба было мець квіток да канчатковага месца прызначэньня ў Канадзе або грошы на яго.

Такім чынам, каб выбрацца з палескай вёскі і дасягнуць канадзкага берагу, трэба было мець каля 135 рублёў. Гэта яшчэ безь ежы, начлегаў, дробных дарожных выдаткаў і далейшых пераездаў па Канадзе. У пераліку на пакупніцкую здольнасьць сёньня гэта прыблізна 2400 даляраў ЗША.

Але для палескага селяніна маштаб гэтай сумы быў зусім іншым. На пачатку ХХ стагодзьдзя наёмны сельскагаспадарчы працаўнік мог атрымліваць за дзень каля 70 капеек, а часам і да рубля, прычым пераважна ў сэзон палявых працаў. Паводле статыстыкі за 1910 год, сярэдні гадавы заробак сельскагаспадарчага найміта ў заходніх губэрнях Расейскай імпэрыі складаў каля 129 рублёў.

Выходзіць, што адна толькі дарога ў Амэрыку магла каштаваць амаль гадавога заробку сельскага найміта. І нават гэтыя грошы немагчыма было цалкам адкласьці, бо трэба было карміць сям'ю, купляць неабходныя рэчы і ўтрымліваць гаспадарку. Да таго ж селянін, які працаваў на ўласнай зямлі, ня меў рэгулярнага заробку, а ягоныя грашовыя паступленьні залежалі ад ураджаю, продажу лішкаў прадукцыі і выпадковых заробкаў. Таму перад тым, як набыць параходны квіток, трэба было знайсьці грошы, якіх у звычайнай сялянскай гаспадарцы магло ня быць гадамі.

На параход

Рэкляма міжатлянтычных паездак. 1914 год

Рэкляма міжатлянтычных паездак. 1914 год

Ад Кардоў найперш трэба было дабрацца да марскога порту. Эмігранты з заходніх губэрняў імпэрыі ехалі праз Гамбург, Брэмэн, Ратэрдам або Лібаву. З апошняй хадзілі судны Расейска-Амэрыканскай лініі, у маршрутах якой увесну 1912 году зьявіўся Галіфакс. Такім чынам з балтыйскага берагу можна было трапіць проста ў Канаду. Паводле гістарычных запісаў, Лаўнічук адплыў зь Лібавы на параходзе «Цар» 9 ліпеня і дабраўся да Галіфаксу 19-га.

Для пасажыраў трэцяй клясы кампанія мела ў Лібаве Эмігранцкі дом, дзе можна было бясплатна спыніцца на пяць дзён. Там былі гарачыя лазенкі, бібліятэка і нават дзіцячая пляцоўка. Тут чакалі афармленьня папераў і пасадкі людзі з розных вёсак і мястэчак, якіх цяпер аб'ядноўвала дата адплыцьця.

Квіток мог быць аплачаны нават на другім баку Атлянтыкі. Сваяк у Амэрыцы зьвяртаўся да агента, уносіў грошы, а параходная кампанія перасылала будучаму пасажыру квіток і інструкцыі. Атрымальнік выходзіў на мясцовага прадстаўніка лініі і празь яго ехаў да порту, і менавіта такім чынам чалавек, які ўжо ўладкаваўся за акіянам, мог дапамагчы наступнаму.

Дзесяць дзён у акіяне

Параход «Цар»

Параход «Цар»

«Цар» ішоў у Нью-Ёрк з прыпынкам у Галіфаксе, таму для пасажыраў, якія скіроўваліся ў Канаду, падарожжа па моры заканчвалася раней, усяго за дзесяць дзён. Тысячы кілямэтраў паміж кантынэнтамі ўкладаліся ў меншы тэрмін, чым магло заняць афармленьне пашпарта.

Умовы для найбяднейшых пасажыраў залежалі ад парахода. На суднах са старой сыстэмай разьмяшчэньня людзі спалі ў вялікіх супольных памяшканьнях з двух’яруснымі ложкамі. Паветра бракавала, месца для багажу таксама, і часам клункі даводзілася трымаць проста ў ложку.

Адначасова ўжо існавала і іншая сыстэма, у якой былі каюты на некалькі чалавек, асобныя сталовыя і лепшыя ўмовы для рэчаў. Амэрыканскія інспэктары, якія самі падарожнічалі таннымі клясамі, апісвалі каюты ад двух да васьмі месцаў.

Якімі менавіта былі ўмовы ў памяшканьні Лаўнічука, мы ня ведаем, але нават пасьля дзесяці дзён у моры ён яшчэ ня мог быць упэўнены, што яго пусьцяць у Канаду.

Марскі квіток пры гэтым не гарантаваў права застацца ў краіне прызначэньня, бо наперадзе былі лекар і іміграцыйны службовец. Чалавек мог перасекчы Атлянтыку, выдаткаваць грошы і пачуць адмову ўжо на другім беразе, таму тыя 25 даляраў, якія нельга было патраціць, мелі значэньне да самага канца падарожжа.

Глядзіце таксама

Высадка ў Галіфаксе па гадзінах

19 ліпеня 1912 году «Цар» прыбыў у Галіфакс роўна а трэцяй гадзіне дня. Ужо а 15:10 у карабельным маніфэсьце зафіксавалі высадку пасажыраў. Пасьля дзесяці дзён у Атлянтыцы наперадзе іх чакала апошняя перашкода — праверка канадзкімі ўладамі.

Карабельныя дакумэнты дазваляюць аднавіць гэты дзень амаль па хвілінах. А 15:20 пачаўся мэдычны агляд пасажыраў другой клясы, які скончыўся ўжо празь пяць хвілінаў, да 15:30 завяршылася і іх іміграцыйная праверка.

Для найбяднейшых пасажыраў усё працягвалася даўжэй. Мэдычны агляд трэцяй клясы ішоў з 16:15 да 17:20, а іміграцыйныя праверкі — да 18:05. Службоўцы правяралі здароўе, грошы, дакумэнты і намеры прыбылых, бо кожны мусіў даказаць, што мае права застацца ў Канадзе. Для пасажыраў, якія скіроўваліся ў Канаду, у графах затрыманьняў іміграцыйнымі інспэктарамі стаялі нулі. Санітарнае пасьведчаньне парахода таксама было чыстае, а карантынных затрыманьняў не зафіксавалі.

Але на гэтым дзень яшчэ не скончыўся. Унізе маніфэсту іміграцыйны агент запісаў час адпраўленьня спэцыяльнага цягніка — 23:45. Ад прыбыцьця судна прайшло восем гадзінаў і сорак пяць хвілінаў.

Для пасажыраў гэтага цягніка першы канадзкі дзень пачаўся на беразе Атлянтыкі, а скончыўся ўжо ў вагоне, па дарозе ў глыбіню невядомай краіны.

Сем канадзкіх гадоў

Наступны вядомы нам канадзкі адрас Аляксея Лаўнічука — горад Уэланд у правінцыі Антарыё. У дакумэнтах пры перасячэньні мяжы яго запісалі як працоўнага, а ў іншым запісе пра той пераезд — таксама як афіцыянта. Канада стала для яго месцам жыцьця на гады.

Можна прыблізна ацаніць, колькі мог зарабляць беларускі селянін у Канадзе ў той час. У 1911 годзе рабочым на ўрадавых каналах каля Манрэалю плацілі паўтара канадзкага даляра на дзень. У студзені 1912-га манрэальскім вулічным працаўнікам паднялі стаўку з двух да двух даляраў і дзесяці цэнтаў. Калі дапусьціць 26 аплачаных дзён за месяц, гэта давала ад 39 да амаль 55 даляраў.

Марскі праезд за прыкладна 30 даляраў адпавядаў пятнаццаці ці дваццаці дням падобнай працы. Адкласьці ўсю суму за гэты час не атрымалася б, бо з заробку трэба было аплаціць жыльлё і ежу, а дзень без працы нічога не прыносіў.

Сувязь з домам трымалася на лістах. Праз пошту паведамлялі адрасы, шукалі працу для сваякоў, дасылалі грошы і навіны. У 1914-м пачалася вайна, якая парушыла звыклыя маршруты і сувязі. Пераезд, задуманы як часовы, мог расьцягнуцца на нявызначаны тэрмін. Ці зьбіраўся Лаўнічук вяртацца ў Карды, мы ня ведаем. Наступны дакумэнтальны сьлед вядзе яго ўжо да амэрыканскай мяжы.

У Амэрыку цягніком

З калекцыі дакумэнтаў аб легалізацыі Аляксея Лаўнічука

З калекцыі дакумэнтаў аб легалізацыі Аляксея Лаўнічука

29 ліпеня 1919 году Аляксей Лаўнічук апынуўся ў Ніягара-Фолз перад амэрыканскім іміграцыйным службоўцам. Менавіта тады чыноўнік запісаў, што пры ім было 79 даляраў, а таксама адзначыў ягоныя блакітныя вочы. З апошняга месца жыхарства, канадзкага Ўэланду, паляшук ехаў ужо праз сухапутную мяжу. За гады ягонага жыцьця ў Канадзе амэрыканскія іміграцыйныя законы сталі больш жорсткімі. Закон 1917 году ўвёў для большасьці дарослых імігрантаў праверку пісьменнасьці, якую можна было праходзіць ня толькі па-ангельску. Падчас вайны зьявіліся і новыя пашпартна-візавыя абмежаваньні, хаця для пераездаў з Канады існавалі асобныя правілы.

Карабельны дакумэнт «Маніфэст»

Карабельны дакумэнт «Маніфэст»

Сталым месцам ягонага новага амэрыканскага жыцьця стаў Дэтройт. Далей ягоны лёс можна пазначыць некалькімі датамі. У 1922 годзе ён ажаніўся з Ганнай Пламінскай, таксама эмігранткай, якая прыбыла ў ЗША годам раней. У 1920-х у вольны час Лаўнічук пісаў зацемкі для амэрыканскіх эмігранцкіх газэтаў. У 1942-м яны з жонкай пераехалі ва ўласны дом. Сам Аляксей шмат гадоў працаваў у аўтамабільнай кампаніі Форда, а 28 красавіка 1947 году стаў амэрыканскім грамадзянінам.

З калекцыі дакумэнтаў аб легалізацыі Аляксея Лаўнічука

З калекцыі дакумэнтаў аб легалізацыі Аляксея Лаўнічука

Амаль трыццаць пяць гадоў аддзялілі прыбыцьцё ў Канаду ад грамадзянства ЗША. За гэты час Аляксей стаў у амэрыканскіх паперах Alex, зьмяніў працу, стварыў сям'ю. І ўсё ж у дакумэнтах пра ягонае паходжаньне зноў і зноў зьяўлялася адна і тая ж назва — Карды, палеская вёска, адкуль ён калісьці выправіўся ў невядомасьць.

З калекцыі дакумэнтаў аб легалізацыі Аляксея Лаўнічука

З калекцыі дакумэнтаў аб легалізацыі Аляксея Лаўнічука

З калекцыі дакумэнтаў аб легалізацыі Ганны Лаўнічук, жонкі Аляксея

З калекцыі дакумэнтаў аб легалізацыі Ганны Лаўнічук, жонкі Аляксея

Ад таго падарожжа мінула больш за стагодзьдзе. Аляксей Лаўнічук прыходзіцца мне стрыечным прапрадзедам, і ў нашай сям'і захаваліся ўспаміны пра лісты, якія прыходзілі ад яго з-за акіяну яшчэ перад Другой сусьветнай вайной.

Містэр Лаўнічук мірна спачыў у Дэтройце 7 сьнежня 1960 году. Ягоная жонка перажыла яго на восем гадоў. Зь невялікай палескай вёскі ён выправіўся ў дарогу, якая заняла дзесяць дзён праз акіян, але ўрэшце расьцягнулася на ўсё астатняе жыцьцё.

Магіла Аляксея Лаўнічука ў Дэтройце, ЗША.

Магіла Аляксея Лаўнічука ў Дэтройце, ЗША.