Каму дазволены футбол. Як ЧС-2026 сутыкнуўся з палітыкай яшчэ да першага сьвістка
Мундыяль у ЗША, Канадзе і Мэксыцы абяцаў стаць сьвятам адзінства, але ўжо ператварыўся ў турнір вялікага адбору. Увесь сьвет сочыць, каму дазволена прыехаць, каго будуць дапытваць на мяжы, чые сьцягі палічаць занадта «палітычнымі». Вакол чэмпіянату cьвету разгарнулася палітычная барацьба.

Брамнік зборнай Каба-Вэрдэ са сьцягам Беларусі сваёй краіны
Калі FIFA прэзэнтавала чэмпіянат сьвету 2026 году, галоўным словам было United, што перакладаецца як «аб’яднаны». Упершыню турнір прымаюць адразу тры краіны: ЗША, Канада і Мэксыка. Упершыню ў фінальнай частцы гуляюць 48 зборных. Упершыню мундыяль разрасьцецца да 104 матчаў у 16 гарадох.
Здавалася, гэта выглядае як трыюмф глябалізацыі: перад намі больш краінаў, больш заўзятараў, больш шанцаў для тых, хто раней толькі марыў пра вялікую футбольную сцэну. Але ў 2026-м годзе мячу даводзіцца каціцца праз памежны кантроль, допыты, паліцэйскія апэрацыі, іранскую дыяспару і крытыку FIFA.
Гэты чэмпіянат сьвету пачаўся як сьвята, але вельмі хутка стаў палітычным рэнтгенам сучаснага Захаду.
Глядзіце таксама

Сьвята на стадыёне, боль на вуліцы
У Мэхіка, дзе адкрываўся турнір, кантраст быў бачны літаральна ў першы дзень. На стадыёне адбывалася ўрачыстая цырымонія, Мэксыка стала першай краінай, якая прымае ЧС ужо трэці раз. Але побач быў зусім іншы настрой. Шматлікія людзі скарысталіся ўвагай сьвету, каб прымусіць пачуць сябе.
Сотні сем’яў зьніклых людзей выйшлі ў Мэхіка ў дні старту турніру. У краіне, паводле праваабаронцаў, амаль 135 тысячаў чалавек лічацца зьніклымі. Зьнікненьні зьвязваюць з картэльным гвалтам, слабасьцю дзяржавы і наступствамі шматгадовай «вайны з наркотыкамі». Апроч таго, масавыя дэманстрацыі зладзілі настаўнікі і шэраг іншых ініцыятываў.
Футбол часта прапануе некалькі гадзін жыцьця паводле сваіх правілаў. Але на гэтым чэмпіянаце сьвету палітыка і грамадзкія канфлікты заявілі пра сябе яшчэ да першага сьвістка.

Для шматлікіх удзельнікаў і заўзятараў гэты ЧС пачаўся на амэрыканскай мяжы. FIFA разам з Дзярждэпартамэнтам ЗША запусьціла адмысловую сыстэму прыярытэтных візавых інтэрвію для ўладальнікаў квіткоў. Але нават у афіцыйным тлумачэньні FIFA падкрэсьлівалася, што гэта толькі магчымасьць хутчэй атрымаць інтэрвію, а не гарантыя візы. Квіток на матч не зьяўляецца пропускам у краіну.
Такая пазыцыя выглядае прадказальна. Сувэрэнная дзяржава мае права вырашаць, каго пускаць на сваю тэрыторыю. Асабліва калі гаворка ідзе пра найбуйнейшую спартовую падзею на плянэце, мільёны людзей, рызыкі тэрарызму, кантрабанды, фальшывых дакумэнтаў і магчымых правакацыяў. Ні FIFA, ні любая іншая міжнародная арганізацыя ня можа адмяніць нацыянальную бясьпеку.
Глядзіце таксама

Менавіта на мяжы сутыкнуліся дзьве рэальнасьці гэтага чэмпіянату. FIFA гаварыла пра самы інклюзіўны мундыяль у гісторыі, але для многіх яго першым эпізодам сталі візавыя анкеты, інтэрвію і чаканьне рашэньня чыноўніка.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп перад стартам турніру сказаў, што адміністрацыя працуе над тым, каб у краіну прыяжджалі «правільныя людзі».
Доўгія допыты сталі скандалам ці неабходнасьцю?

Адзін з самых паказальных эпізодаў датычыўся Іраку. Нападнік зборнай Аймэн Хусэйн быў затрыманы і дапытваўся амаль сем гадзінаў у аэрапорце Чыкага. У выніку яго такі ўпусьцілі ў ЗША. Фатограф зборнай Талал Салах правёў на кантролі больш за дзесяць гадзінаў, у яго правяралі тэлефон, але ў выніку яму адмовілі ва ўезьдзе.
Ірак упершыню з 1986 года трапіў у фінальную частку чэмпіянату сьвету, і Хусэйн зьяўляецца адным з ключавых гульцоў каманды. Але для памежнай службы ён усё роўна чалавек, які праходзіць праверку ў канкрэтны момант, у канкрэтнай краіне, паводле канкрэтных правілаў.
Ці была такая праверка слушнай? Мы ня можам гэтага ведаць. Амэрыканскія службы не раскрываюць інфармацыю, на падставе якой прымаюць такія рашэньні. Але для дзяржавы, якая прымае найбуйнейшы спартовы турнір у сьвеце, дадатковыя праверкі выглядаюць прадказальна. Пасьля 7 кастрычніка, вайны на Блізкім Усходзе, тэрарыстычных пагрозаў і шматлікіх выпадкаў, калі масавыя мерапрыемствы рабіліся мішэньню для нападаў, бясьпека застаецца прыярытэтам.
Але палітычны эфэкт ад гэтага ўсё роўна велізарны. Для FIFA гэта выглядае як нязручны кантраст з уласнымі словамі пра тое, што футбол аб’ядноўвае сьвет. На практыцы ўдзельнікі гэтага сьвету сутыкаюцца з рознымі правіламі. Адны праходзяць мяжу за некалькі хвілінаў. Другіх дапытваюць гадзінамі. Трэціх не ўпускаюць увогуле.
Самалійскі судзьдзя

Амар Абдыкадыр Артан
Яшчэ больш гучны выпадак датычыўся самалійскага арбітра Амара Абдыкадыра Артана. Ён быў абраны для працы на ЧС-2026, меў візу і неабходныя дакумэнты, але пасьля прыбыцьця ў Маямі быў прызнаны непрымальным для ўезду праз праблемы падчас праверкі.
FIFA адразу заявіла, што не ўдзельнічае ў міграцыйных рашэньнях, бо іх прымае краіна-гаспадар. Пры гэтым Артан атрымае поўны ганарар, хоць і ня будзе працаваць на турніры.
Амэрыканскія ўлады спасылаліся на праблемы, выяўленыя падчас дадатковай праверкі, і магчымыя сувязі з асобамі, якія знаходзіліся пад падазрэньнем у датычнасьці да тэрарыстычных арганізацыяў. Сам Артан гэта адмаўляў. Пазьней UEFA прызначыла яго судзіць Супэркубак UEFA, што толькі ўзмацніла сымбалічнасьць гісторыі: для аднаго з галоўных матчаў эўрапейскага футбольнага сэзону ён аказаўся дастаткова надзейным і прафэсійным, а для ўезду ў ЗША падчас ЧС — не.
І зноў тут няма простага адказу. Калі ў памежных службаў сапраўды былі падставы для праверкі, яе цяжка назваць скандальнай толькі таму, што чалавек мае статус арбітра FIFA. Але гэтая гісторыя добра паказвае межы ўплыву футбольных інстытутаў. Якімі б гучнымі ні былі словы пра тое, што футбол аб’ядноўвае сьвет, апошняе слова ўсё роўна застаецца за дзяржавай, якая кантралюе мяжу.
У некаторых выпадках фанаты і зусім застаюцца дома. Асабліва балюча гэта выглядае для краінаў, якія трапілі на ЧС, але чые заўзятары сутыкнуліся з абмежаваньнямі на ўезд у ЗША. Гаіці, Іран, Кот-д’Івуар і Сэнэгал трапілі пад поўныя або частковыя абмежаваньні для звычайных наведнікаў турніру, хоць на футбалістаў, трэнэраў і афіцыйныя дэлегацыі гэтыя захады не распаўсюджваюцца.
Іран паміж рэжымам, дыяспарай і вайной

Найбольш драматычна палітыка ўварвалася ў турнір праз Іран. Кіраўнік іранскай дэлегацыі Махдзі Махамад Набі раскрытыкаваў FIFA за «недахоп каардынацыі» пасьля таго, як 15 прадстаўнікам іранскай футбольнай фэдэрацыі адмовілі ў амэрыканскіх візах. Праз гэта Іран перанёс трэніровачную базу з амэрыканскай Арызоны ў Мэксыку.
Калі іранская каманда прыбыла ў Лос-Анджэлес, чакаліся пратэсты іранскай дыяспары. Мелася быць сустрэча зборнай, якая фармальна прадстаўляе дзяржаву, з дыяспарай, значная частка якой выступае супраць рэжыму ў Тэгеране. Частка іранцаў выкарыстоўвала дарэвалюцыйны сьцяг з ільвом і сонцам як сымбаль пратэсту супраць уладаў Ісламскай Рэспублікі.
Цікава, што б яны сказалі пра бела-чырвона-белыя сьцягі ў выпадку ўдзелу Беларусі?
Футбол ня вінаваты ў тым, што сьвет такі. Але футбол занадта вялікі, каб быць нэўтральным. Ён зьбірае мільярды гледачоў, уплывае на імідж дзяржаваў, стварае сымбалі і эмоцыі. Таму кожны вялікі турнір становіцца ня толькі спартовым, але і ідэалягічным.