Кубракоў прапануе пашырыць паўнамоцтвы сілавікоў. Хронікі рэпрэсій 23 верасня

 Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў прапанаваў пашырыць паўнамоцтвы аператыўна-сітуацыйных штабоў, каб у «асаблівых умовах» яны маглі прымаць некаторыя рашэнні без санкцыі пракурора. Тым часам у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі некалькі старонак у Instagram і TikTok.

1_1097_1.png

Кубракоў прапануе дазволіць сілавікам прымаць некаторыя рашэнні без санкцыі пракурора

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў прапанаваў пашырыць паўнамоцтвы аператыўна-сітуацыйных штабоў, каб у «асаблівых умовах» яны маглі прымаць некаторыя рашэнні без санкцыі пракурора. Пра гэта ён заявіў падчас комплексных камандна-штабных вучэнняў УУС Гомельскай вобласці, піша Reform.news.

З юрыдычнага пункту гледжання гаворка ідзе пра пашырэнне паўнамоцтваў сілавых структур і адначасовае памяншэнне ролі папярэдняга пракурорскага кантролю за іх рашэннямі. Сам Кубракоў прызнаў, што для гэтага неабходна «ўлічыць усе юрыдычныя аспекты».

Пакуль невядома, якія менавіта рашэнні прапануецца прымаць без санкцыі пракурора і што будзе лічыцца «асаблівымі ўмовамі». Таксама з заявы Кубракова не вынікае, што адпаведныя змены ўжо прынятыя.

Падчас вучэнняў сілавікі адпрацоўвалі дзеянні пры масавых беспарадках, у тым ліку гатоўнасць спецпадраздзяленняў да прымянення зброі.

У «экстрэмісцкі» спіс дадалі некалькі старонак у Instagram і TikTok

Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго ўнеслі некалькі старонак у сацсетках, у тым ліку інфармацыйныя рэсурсы з Гомеля.

Рашэнне прыняў Ленінскі раённы суд Магілёва 21 верасня.

У спіс трапілі:

— Instagram-акаўнт hutka_news;

— TikTok-акаўнт «НОВОСТИ ГОМЕЛЯ И НЕ ТОЛЬКО»;

— Instagram-акаўнт novosti_homel;

— Instagram-акаўнт vass_upes.

Уключэнне матэрыялаў у гэты спіс азначае, што іх распаўсюд у Беларусі можа мець прававыя наступствы.