Гвалт у ПК-24, пераслед кіраўніка Мазырскага НПЗ і новыя прысуды. Хронікі рэпрэсій 22 верасня

 Былыя палітзняволеныя распавялі пра гвалт і ціск у жаночай калоніі № 24 у Зарэччы. У Гомелі больш за сем месяцаў у СІЗА правёў начальнік устаноўкі Мазырскага НПЗ, а ў Гродне мужчыну асудзілі паводле шасці крымінальных артыкулаў за каментары ў інтэрнэце. Тым часам старонку былога палітвязня Міколы Дзядка другі раз унеслі ў «экстрэмісцкі» спіс.

1_1097_1.png

Былыя палітзняволеныя распавялі пра гвалт у жаночай калоніі

Былыя палітзняволеныя Вікторыя Кульша і Паліна Шарэнда-Панасюк распавялі «Вясне» пра жорсткае абыходжанне з жанчынамі ў папраўчай калоніі № 24 у Зарэччы з боку былога дзяжурнага памочніка начальніка калоніі Дзяніса Ніканенкі.

Паводле Вікторыі Кульшы, Ніканенка неаднаразова ўжываў да яе фізічную сілу. Яна таксама сцвярджае, што ён аказваў ціск на іншых зняволеных і ўдзельнічаў у фабрыкацыі парушэнняў, якія пазней выкарыстоўваліся ў яе крымінальным пераследзе.

Паліна Шарэнда-Панасюк, якая таксама ўтрымлівалася ў ПК-24, распавяла пра жорсткае стаўленне Ніканенкі да зняволеных жанчын, у тым ліку палітзняволеных. Паводле яе слоў, жанчыны баяліся звяртацца да яго нават з простымі просьбамі, а супрацоўнік рэгулярна складаў рапарты за дробныя парушэнні.

Як паведамляе «Вясна», з сакавіка 2026 года Ніканенка больш не працуе ў ПК-24. Пры гэтым Кульша сцвярджае, што ён фігуруе пацярпелым у распачатай супраць яе крымінальнай справе. Паводле версіі следства, яна нібыта нанесла яму цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Кіраўніка ўстаноўкі Мазырскага НПЗ абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці»

«Гомельская Вясна» паведамляе пра пераслед начальніка ўстаноўкі каталітычнай вытворчасці бензінаў Мазырскага НПЗ Яўгена Вяргея. Мужчыну затрымалі напрыканцы 2025 года.

Спачатку ён знаходзіўся ў ІЧУ Мазырскага РАУС, пасля яго перавялі ў СІЗА № 3 у Гомелі. Там Яўген Вяргей правёў больш за сем месяцаў.

Яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Паводле праваабаронцаў, пераслед мог быць звязаны з атрыманнем і распаўсюджваннем інфармацыі праз Telegram-канал «Беларускі Гаюн», які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Гродзенца асудзілі паводле шасці артыкулаў за каментары ў інтэрнэце

54-гадовага Валерыя Рынкевіча Гродзенскі абласны суд абвінаваціў паводле шасці крымінальных артыкулаў.

Яму ставяць у віну «распальванне варожасці», «рэабілітацыю нацызму», «абразу і паклёп на Лукашэнку», «здзек з дзяржаўных сімвалаў», а таксама «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках», піша «Наша Ніва».

Паводле даступнай інфармацыі, абвінавачанні звязаныя з каментарамі, якія Рынкевіч пакідаў у інтэрнэце. Якія менавіта каментары сталі падставай для крымінальнага пераследу, невядома. Тэрмін пакарання таксама пакуль не паведамляецца.

Мужчыну ўнеслі ў пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», а таксама ў спіс асобаў, «звязаных з тэрарыстычнай дзейнасцю».

Старонку Міколы Дзядка другі раз унеслі ў «экстрэмісцкі» спіс

Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго ўнеслі Facebook-акаўнт былога палітвязня і блогера Міколы Дзядка «Mikola Dziadok», а таксама старонкі «Alexandr Boiko» і «Vitali Sodzel» і TikTok-акаўнт «Pulse News».

Дзядок звярнуў увагу, што ягоная старонка ў Facebook ужо была прызнаная «экстрэмісцкім матэрыялам». Ён з іроніяй выказаў здагадку, што перад новым рашэннем ніхто — ні тыя, хто падаваў матэрыялы ў суд, ні супрацоўнікі суда, ні суддзя — не праверыў, ці ёсць старонка ў спісе.

«Спачатку сілавікі, якія падавалі матэрыялы ў суд, не ўдакладнілі, ці была ўжо прызнана старонка экстрэмісцкай. Потым гэтага не зрабілі ў судзе і пры падпісанні рашэння», — напісаў Дзядок.

Ён назваў такую сітуацыю прыкладам «фантастычнай некампетэнтнасці» і адзначыў, што чыноўнікі працягваюць атрымліваць заробкі, нягледзячы на такое стаўленне да сваёй працы.