Антон Варабей: ад перамогі над ракам да новых перамог у Канадзе
Беларус Антон Варабей шмат гадоў жыве ў Канадзе. У 2004 годзе, яшчэ школьнікам, ён захварэў на лімфому. Праз год вярнуўся на ровар, а за наступныя два дзесяцігодзьдзі прайшоў шлях ад маладога гоншчыка да кіраўніка прафэсійнай каманды. У 2026 годзе Антон двойчы стаў срэбным прызэрам Чэмпіянату Антарыё, а на Чэмпіянаце Канады заняў другое месца ў крытэрыюме.

Антон наперадзе пэлатону. Фота з архіву Антона Вараб’я
Ёсьць людзі, пра якіх аднаго артыкула заўсёды мала. Іхнае жыцьцё можа ня мець мноства гучных падзеяў, узнагародаў і загалоўкаў. Часта яны ўвогуле ня любяць лішняй увагі і не імкнуцца ператвараць уласны шлях у прыгожую легенду. Яны проста жывуць, працуюць, пераадольваюць выпрабаваньні і зноў становяцца да справы.
Пра Антона Вараб’я я ўжо пісаў дзевяць гадоў таму. 29 верасьня 2017 году ў «Новым Часе» быў надрукаваны мой артыкул пра беларускага раварыста ў Канадзе, які перамог цяжкую анкалягічную хваробу і далучыўся да вялікага спорту.
Глядзіце таксама

У 2004 годзе, яшчэ вучнем адной з таронцкіх школ, Антон сур’ёзна захварэў на лімфому. Некалькі месяцаў ён праходзіў хіміятэрапію, але працягваў рабіць тое, што любіў найбольш, — круціць педалі ровара. У 2005 годзе хваробу ўдалося перамагчы. Упраўленьне школамі Таронта прысудзіла яму штогадовую прэмію «Nigel Williams Award» — «За асабістую моц духу і мужнасьць», якой ушаноўваюць толькі аднаго вучня ва ўсім Таронта.

Антон Варабей з Nigel Williams Award, 2005. Фота з асабістага архіву сям’і Вараб’ёў
Пазьней створаны ім разам з сябрамі ўнівэрсытэцкі клюб горнага ровара тры гады запар выйграваў Кубак унівэрсытэтаў Антарыё, а сам Антон перамагаў у асабістым заліку. У 2017 годзе ён выйграў і асабісты Кубак Антарыё ў шашэйных гонках.
Тады гэтая гісторыя здавалася завершанай. Чалавек прайшоў праз выпрабаваньне, вярнуўся на ровар, зноў пачаў трэніравацца і выступаць у гонках.

Антон Варабей у форме Jet Fuel/La Bicicletta. Фота з асабістага архіву Антона Вараб’я
Здавалася, усё галоўнае ўжо сказана. Аднак жыцьцё рэдка ставіць кропку там, дзе журналісту бачыцца канец гісторыі.
У верасьні 2025 году Антону Вараб’ю споўнілася сорак гадоў. Гэтая дата прайшла без шырокага розгаласу ў беларускім асяродку Канады, але запозьненае слова ўсё адно лепшае за маўчаньне. Сёньня, азіраючыся на пройдзены ім пасьля 2017 году шлях, разумееш: той артыкул стаўся першай часткай гісторыі.
Тады гаворка ішла пра чалавека, які перамог хваробу. Сёньня хочацца расказаць, што адбылося зь ягоным жыцьцём пасьля той перамогі.
Дзевяць гадоў — доўгі час. За гэты перыяд можна пабудаваць дом, памяняць прафэсію, пачаць усё спачатку. А можна проста працягваць тое, што робіш, — і паступова ўзяць на сябе новыя ролі.
Перачытаўшы свой артыкул 2017 году, я яшчэ выразьней убачыў: вярнуцца да жыцьця было толькі першым крокам. Далей былі праца, трэніроўкі, гонкі, сябры па камандзе і новыя мэты.

Антон Варабей у форме Toronto Hustle. Фота з асабістага архіву Антона Вараб’я
Антон Варабей не дазволіў перажытай хваробе стаць цэнтрам сваёй біяграфіі. Яна засталася часткай ягонага жыцьця, але не вызначала яго цалкам.
Пасьля 2017 году мы па-ранейшаму бачылі яго на стартах у Канадзе, у складзе «Toronto Hustle» — каманды, з гісторыяй якой аказаўся зьвязаны і ягоны ўласны шлях.
Ад гоншчыка да кіраўніка
У вялікім спорце нават самы таленавіты гоншчык не існуе па-за камандай. Яна вучыць, падтрымлівае, патрабуе, натхняе, часам прымушае перажыць расчараваньне і зноў сабрацца з сіламі. З гадамі для многіх яна робіцца другой сям’ёй.
Такім асяродзьдзем для Антона Вараб’я стала супольнасьць роварыстаў. Менавіта тады ў яго зьявілася ідэя стварыць сваю каманду ў Таронта — каманду, якой да гэтага не было.
Ягоны сябар-роварнік, будучы дэпутат гарадзкой рады Таронта Брэд Брэдфард падтрымаў гэтую ідэю і ў 2017 годзе афіцыйна заснаваў «Toronto Hustle».

Групавое фота Toronto Hustle, Killington Stage Race 2017. Антон — трэці зьлева. Фота: Toronto Hustle / архіў Антона Вараб’я
Антон увесь час быў побач. Як адзін з найбольш дасьведчаных гоншчыкаў, ён стаў фактычным кіраўніком першапачатковага спартовага складу.
Ён дапамагаў маладзейшым удзельнікам, уплываў на фармаваньне каманднага характару і сваім аўтарытэтам дапамагаў будаваць новую супольнасьць.

Афіцыйны партрэт «Anton Varabei — Toronto Hustle — 2019». Фота: Toronto Hustle
З часам «Toronto Hustle» вырасла з мясцовай каманды да прафэсійнага кантынэнтальнага ўзроўню. Вакол яе фармавалася асяродзьдзе ўзаемнай падтрымкі, навучаньня і адказнасьці адзін за аднаго. Тут паважалі і таго, хто перасякаў фінішную рысу першым, і таго, хто сваёй працай дапамагаў партнэру здабыць перамогу.
Антон працягваў выступаць, дапамагаў таварышам і назапашваў досьвед.
Паступова яго ўсё часьцей успрымалі як чалавека, да якога можна зьвярнуцца па параду. Такі аўтарытэт вырастае з даверу, штодзённай працы і здольнасьці браць на сябе адказнасьць.
Калі прыйшоў час завяршаць асноўны этап прафэсійнай кар’еры, Антон застаўся ў спорце.

Антон у гонцы, чорна-белая форма Toronto Hustle. Фота з асабістага архіву Антона Вараб’я
Назапашаны ім досьвед быў патрэбны новым пакаленьням гоншчыкаў. Ён стаў памочнікам спартовага дырэктара «Hustle Pro Cycling», удзельнічаючы ў падрыхтоўцы каманды і дапамагаючы тым, хто толькі выходзіў на вялікія старты.
Асабісты вынік паступова саступіў месца адказнасьці за іншых, але ровар і сама гонка з Антонавага жыцьця не зьніклі.

Cэлфі Антона на ровары. Фота Антона Вараб’я
Як ровар дапамог збіраць грошы для шпіталя
Перад тым як Антон канчаткова перайшоў у новую кіраўнічую ролю, сьвет перажыў пандэмію COVID-19. У 2020 годзе спынілася звыклае жыцьцё: зачыняліся прадпрыемствы, пусьцелі вуліцы, адмяняліся спартовыя спаборніцтвы. Трэніроўкі пераносіліся ў гаражы, падвалы і кватэры, а сапраўдныя дарогі замянялі велатрэнажоры.

Антон дома падчас 24-гадзіннага Crush COVID. Фота з асабістага архіву Антона Вараб’я
Менавіта тады каманда разам са сваім заснавальнікам Брэдам Брэдфардам і фондам «Michael Garron Hospital» распачала дабрачынны праект «CRUSH COVID».
Як адзін з кіраўнікоў першапачатковага складу «Toronto Hustle» і чалавек, які дапамагаў будаваць каманду ад яе пачаткаў, Антон Варабей стаў часткай гэтай ініцыятывы, актыўна яе падтрымаў і асабіста ўдзельнічаў у 24-гадзінным марафоне.

Афіцыйны постэр Crush COVID — 24 Hours. Фота: Toronto Hustle
Ідэя праекту была простай: людзі ў розных гарадах і краінах ставілі свае ровары на электронныя трэнажоры, падлучаныя да кампутарнай плятформы «Zwift», і на працягу адных сутак далучаліся да агульнага віртуальнага заезду.
Праграма зьбірала зьвесткі пра хуткасьць, магутнасьць і пройдзеную адлегласьць, а гледачы маглі назіраць за марафонам у жывой інтэрнэт-трансьляцыі. Адначасова ўдзельнікі, заўзятары і спонсары пералічвалі данаты ў фонд «Michael Garron Hospital».
Адны ўдзельнікі ехалі ўсе 24 гадзіны, іншыя далучаліся да асобных этапаў або складалі эстафэты. Мэтай быў збор сродкаў для людзей, якія ў самыя небясьпечныя месяцы пандэміі штодня ўваходзілі ў шпіталі, апраналі ахоўныя касьцюмы і ратавалі чалавечыя жыцьці.
Першапачаткова плянавалася сабраць 50 тысяч канадзкіх даляраў. Суму некалькі разоў павялічвалі, а першы марафон у красавіку 2020 году прынёс каля 250 тысяч даляраў у надзвычайны фонд «Michael Garron Hospital».
Праз год праект атрымаў назву «CRUSH COVID: Ride for Mind» і быў прысьвечаны праграмам псыхічнага здароўя. Падчас гэтага марафону маладая гоншчыца «Toronto Hustle» Люсі Гэмпстэд з Атавы праехала на стацыянарным трэнажоры 812 кілямэтраў за 24 гадзіны, перасягнуўшы папярэдні жаночы сусьветны рэкорд у 680 кілямэтраў.
Другая кампанія сабрала каля 445 тысяч даляраў.
У 2022 годзе адбыўся трэці марафон, ужо ў гібрыдным фармаце — з віртуальнымі і вочнымі ўдзельнікамі. За тры гады «CRUSH COVID» і «Ride for Mind» сабралі амаль адзін мільён даляраў на дапамогу «Michael Garron Hospital» і разьвіцьцё праграмаў псыхічнага здароўя.
Праз гады мне давялося пабываць у доме мастачкі Ірыны Варабей, маці Антона.

Антон з маці Ірынай Варабей каля яе твораў. Фота з архіву сям’і Вараб’ёў
Яна паказала пакой сына, у куце якога стаяў звычайны велатрэнажор. На ім Антон таксама правёў многія гадзіны таго незвычайнага марафону. Цяжка было ўявіць, што з гэтага пакою, разам з сотнямі падобных пакояў у розных краінах, ішла справа, якая прынесла шпіталю сотні тысяч даляраў.
У гэтым і выявілася грамадзянская салідарнасьць: яна нараджалася ў дамах звычайных людзей, калі кожны вырашаў, што таксама можа быць карысным. Спорт, які звычайна аб’ядноўвае людзей у суперніцтве, на гэты раз стаў спосабам дапамогі.
Для Антона гэтая справа мела і асабісты сэнс. Калісьці лекары і мэдычны пэрсанал дапамаглі яму самому вярнуцца да жыцьця. Праз гады ён разам з паплечнікамі дапамагаў тым, хто ратаваў іншых. Удзячнасьць ператварылася ў канкрэтную справу.
Перамога, якую Антон прысьвяціў Беларусі
Увесну 2018 году ў жыцьці Антона Вараб’я адбылася яшчэ адна важная падзея. У штаце Арызона праходзіла адна з шматдзённых велагонак Паўночнай Амэрыкі — «Tucson Bicycle Classic». На старт выйшлі сотні раварыстаў са Злучаных Штатаў, Канады і Мэксыкі.
17 сакавіка 2018 году Антон Варабей («Toronto Hustle») выйграў другі этап Tucson Bicycle Classic, а 18 сакавіка скончыў гонку другім у агульным заліку — усяго за дзевяць сэкундаў ад Nickolas Zukowsky.
Аднак асаблівы сэнс гэтая перамога набыла пасьля фінішу. Антон прысьвяціў яе стагодзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі і напісаў:
«25 сакавіка — вельмі важная дата для Беларусаў, асабліва для тых, хто пакінуў краіну і жыве за мяжой, і для тых, хто застаўся на Радзіме, памятаючы сваю спадчыну пасьля некалькіх пакаленьняў прыгнёту і дыктатуры. Гэта стагодовы юбілей барацьбы за свабоду Беларускага народу. Як доўга мы будзем памятаць і змагацца, так доўга будзе жыць дух Беларусі і надзея ізноў здабыць волю».
У хвіліну асабістага посьпеху ён успомніў пра Беларусь. Пражыўшы шмат гадоў у Канадзе, Антон захаваў сувязь з краінай, зь якой выйшаў.
Напэўна, таму сябры па камандзе далі яму незвычайную мянушку — «The Most Belarusian», «самы Беларускі» (Антон быў адзіным беларусам у камандзе).
Гэтыя словы азначалі для іх нешта большае за нацыянальнасьць, месца нараджэньня ці запіс у пашпарце. Сярод сяброў Антон захоўваў сувязь зь Беларуссю натуральна, без паказнасьці і патрэбы нешта камусьці даказваць. Яна праяўлялася ў ягоных словах і ўчынках.
Срэбра ў сорак гадоў
У 2026 годзе, ужо пасьля саракагодзьдзя, Антон Варабей зноў паказаў, што праца ў кіраўніцтве каманды не азначае разьвітаньня з гонкамі.
На Чэмпіянаце Антарыё ў катэгорыі «Masters A» ён двойчы стаў срэбным прызэрам. У крытэрыюме Антон і пераможца Крыс Каруана паказалі аднолькавы афіцыйны час. Іх падзяліла толькі розьніца на фінішнай рысе, якую вызначыў фотафініш.

Антон на другой прыступцы п’едэсталу Ontario Cycling. Фота: Ontario Cycling / архіў Антона Вараб’я
На наступны дзень Антон заняў другое месца ў 104-кілямэтровай групавой шашэйнай гонцы.
За некалькі дзён да гэтага на Чэмпіянаце Канады ў Калгары Антон Варабей заняў другое месца ў крытэрыюме і ўвайшоў у першую чацьвёрку краіны ў групавой шашэйнай гонцы ў сваёй узроставай катэгорыі.

Чэмпіянат Канады. Антон Варабей (у цэнтры) з сябрамі па камандзе. Фота: Toronto Hustle / Cycling Canada
Такім чынам, у сорак гадоў Антон працягваў выступаць на высокім узроўні, сумяшчаючы гонкі з абавязкамі памочніка спартовага дырэктара «Hustle Pro Cycling» (у мінулым «Toronto Hustle»).
Што застаецца пасьля галоўнай перамогі
Ягоная гісторыя і сёньня ня мае выразнага фіналу. Яна працягваецца ў штодзённай працы, адказнасьці, вернасьці сваёй справе і ў новых людзях, якім ён перадае досьвед.
Калі паглядзець на шлях Антона Вараб’я цалкам, становіцца відаць: спорт быў сфэрай, у якой раскрываўся чалавек. Цяжкая хвароба ледзь не спыніла ягоны шлях, але пасьля яе пачалося новае жыцьцё. Вяртаньне складалася з штодзённых трэніровак і гонкі за гонкай. Пазьней да спорту далучылася грамадзянская адказнасьць, а да асабістых стартаў — праца дзеля каманды і маладых раварыстаў.
Перажытае навучыла Антона лепш разумець іншых. І, магчыма, таму гісторыя Антона Вараб’я цікавая далёка за межамі роварнага спорту.
Яна ставіць пытаньне, якое рана ці позна можа паўстаць перад кожным: што рабіць пасьля галоўнай перамогі свайго жыцьця?
Для аднаго гэта перамога над цяжкай хваробай, для другога — выхад з цяжкага пэрыяду, для трэцяга — пачатак новага жыцьця пасьля страты. Антон працягнуў жыць, працаваць і дапамагаць іншым.
Замест апошняга слова
Працуючы над гэтым працягам, я неаднойчы шукаў нейкую асаблівую выснову, пад якой можна было б падвесьці апошнюю рысу. Але гэтая гісторыя паказвае, што ўсё галоўнае Антон Варабей ужо сказаў сваімі ўчынкамі.
У іх ёсьць простая чалавечая лёгіка: рабіць добрую справу, калі можаш яе зрабіць; дапамагаць, калі маеш чым дапамагчы; дзяліцца сваім досьведам і захоўваць сувязь з краінай, зь якой ты паходзіш.
Некалі сябры па камандзе назвалі Антона The Most Belarusian. Літаральны пераклад — «самы Беларускі» — не перадае ўсяго сэнсу. Яны гаварылі пра чалавека, які, жывучы далёка ад Беларусі, захаваў зь ёй сувязь. Ягоная беларускасьць выяўляецца ў словах, учынках і стаўленьні да людзей.
У 2017 годзе мне здавалася, што ў гісторыі Антона Вараб’я пастаўлена апошняя кропка. Праз дзевяць гадоў стала зразумела: тая кропка была толькі коскай. Гісторыя працягваецца ў новых справах і ў людзях, якім ён перадае свой досьвед.
А пакуль хочацца сказаць: дзякуй, Антон. За прыклад таго, як можна прайсьці праз выпрабаваньні, захаваць чалавечнасьць і заставацца верным сваёй справе.
Напэўна, гэта і ёсьць найбольшая перамога — яе не заносяць у спартовыя пратаколы, але надоўга захоўваюць у чалавечай памяці.