У Таронта адзначылі 35-ю гадавіну аднаўленьня незалежнасьці Беларусі

У Беларускім Цэнтры ў Таронта адзначылі 35-ю гадавіну аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. Падчас імпрэзы гаварылі пра падзеі 1991 году, гістарычную пераемнасьць беларускай дзяржаўнасьці і неабходнасьць бараніць незалежнасьць краіны ва ўмовах расейскага ўплыву.

04357789_9e14_4d6e_a1e5_5b1496fb102e.jpeg

Беларуская супольнасьць Канады мае даўнюю традыцыю адзначэньня найважнейшых датаў беларускай дзяржаўнасьці. На працягу дзесяцігодзьдзяў патрыятычная частка беларусаў Канады захоўвае гістарычную памяць пра 25 Сакавіка 1918 году і 25 Жніўня 1991 году — даты, якія ўвасабляюць пераемнасьць змаганьня беларускага народу за ўласную незалежную дзяржаву.

Сёлетняя, 35-я гадавіна мела асаблівае гучаньне. Ва ўмовах расейскай вайны супраць Украіны, глыбокай залежнасьці цяперашняга рэжыму ў Беларусі ад Масквы і імклівага перафарматаваньня сыстэмы міжнароднай бясьпекі само існаваньне незалежнай беларускай дзяржавы зноў набывае выключнае гістарычнае значэньне.

Падчас імпрэзы гучала перасьцярога: у сьвеце, дзе вялікія дзяржавы зноў усё часьцей разважаюць катэгорыямі сфэраў уплыву, нельга выключаць небясьпекі новых геапалітычных падзелаў Усходняй Эўропы. У гэтым кантэксьце прагучаў і вобраз «новай Лініі Кэрзона» — як гістарычная аналёгія і папярэджаньне пра недапушчальнасьць таго, каб лёс Беларусі зноў вырашаўся звонку і без волі саміх беларусаў.

Тым больш важна, што, у адрозьненьне ад папярэдніх трагічных пэрыядаў сваёй гісторыі, сёньня беларусы маюць уласную міжнародна прызнаную дзяржаву, хоць яе сувэрэнітэт і магчымасьць самастойна вызначаць сваю палітыку цяпер надзвычай абмежаваныя расейскім уплывам.

Урачыстасьць распачалася малітвай. Да прысутных зьвярнуўся іерэй Вячаслаў, сьвятар царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Падчас імпрэзы таксама выступіў Віталь Кошалеў, сябра Ўправы Таронцкага аддзелу Згуртаваньня беларусаў Канады.

Удзельнікі праглядзелі гістарычныя відэаматэрыялы пра падзеі, якія прывялі да аднаўленьня незалежнасьці, а таксама фрагмэнт нядаўняга інтэрвію Зянона Пазьняка — кіраўніка НВР «Вольная Беларусь», у мінулым лідара Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі XII скліканьня.

Асобная ўвага была зьвернутая на гістарычны ланцуг 25 Сакавіка 1918 году — 27 Ліпеня 1990 году — 25 Жніўня 1991 году. Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, прыняцьце Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце і наданьне ёй 25 жніўня 1991 году статусу канстытуцыйнага закону сталі этапамі аднаго працяглага працэсу аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці. 

Удзельнікі імпрэзы ўзгадалі ролю дэпутатаў Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце XII скліканьня, а таксама тысячаў беларусаў, якія ў вырашальныя жнівеньскія дні 1991 году выйшлі на плошчу ў Менску з патрабаваньнем незалежнасьці.

19 верасьня 1991 году, ужо пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, Беларусь афіцыйна атрымала назву Рэспубліка Беларусь, а бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі зацьверджаныя ў якасьці дзяржаўных сымбаляў.

Пачаўся працэс стварэньня інстытутаў незалежнай дзяржавы і яе паўнавартаснага ўваходжаньня ў міжнародную супольнасьць. 

Праз 35 гадоў тагачасныя падзеі ўспрымаюцца ня толькі як гісторыя. Падчас сустрэчы гучала думка, што дзяржаўную незалежнасьць недастаткова аднойчы здабыць — яе неабходна захоўваць і бараніць. Асаблівую вастрыню гэтая тэза набывае цяпер, калі Беларусь фактычна пазбаўленая дэмакратычнага самакіраваньня, а яе сувэрэнітэт знаходзіцца пад беспрэцэдэнтным расейскім ціскам.

Было адзначана і тое, што сёньня беларусы змагаюцца за свабоду ня толькі словам. Беларускія добраахвотнікі ваююць у складзе Сілаў абароны Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі. Іх змаганьне мае значэньне і для будучыні Беларусі: у выпадку гістарычнага аслабленьня расейскай імпэрыі Беларусь павінна мець сілы, здольныя абараніць права беларускага народу на ўласную дзяржаву — палітычна, а калі гісторыя паставіць нашу краіну перад такой неабходнасьцю, то і са зброяй у руках.

Для беларусаў Канады адзначэньне 25 Жніўня — гэта ня толькі ўшанаваньне гістарычнай падзеі. Гэта сьведчаньне пераемнасьці беларускай нацыянальнай традыцыі і адказнасьці беларусаў на чужыне за захаваньне мовы, культуры, гістарычнай памяці і самой ідэі незалежнай беларускай дзяржавы.

Галоўная думка Таронцкай імпрэзы была скіраваная ў будучыню: Беларусь ужо даказала ў 1991 годзе, што здольная стаць незалежнай. Цяпер гістарычная задача беларускай нацыі — не дапусьціць, каб яе будучыню вызначалі новыя «лініі падзелу», захаваць сваю дзяржаўнасьць, вярнуць беларускаму народу права самому вызначаць лёс сваёй краіны і зрабіць незалежнасьць Беларусі сапраўды трывалай і незваротнай.