Вяртанне карычневага прывіду: чаму сённяшняя Германія нагадвае ФРГ 1960-х
Грамадская атмасфера ў ФРГ на фоне электаральных поспехаў партыі «Альтэрнатыва для Германіі» ўсё больш нагадвае другую палову 1960-х. Тады краіна, якая яшчэ не акрыяла ад гістарычнай траўмы нацызму, з трывогай сачыла за імклівым узлётам Нацыянал-дэмакратычнай партыі Германіі. Сёння гэты сюжэт вяртаецца — з папраўкай на новую эпоху.

Адольф фон Тадэн на перадвыбарчым мерапрыемстве НДПГ у Нордхорне, 26 жніўня 1969 года. Eric Koch / Anefo, CC0, via Wikimedia Commons.
Гітлер прыйшоў да ўлады не адразу. Яму папярэднічалі поспехі нацыстаў на месцах. Менавіта таму электаральная дынаміка НДПГ, створанай у 1964 годзе, уражвала сучаснікаў.
Створаная на базе «ліліпутавых» правых радыкальных тусовак, партыя паслядоўна пераадольвала 5-працэнтны бар’ер на выбарах у ландтагі, што хутка дало ёй прадстаўніцтва ў сямі з дзесяці зямель ФРГ. У 1966-м — Гесэн (7,9%) і Баварыя (7,4%). У 1967-м — Брэмен (8,8%), Ніжняя Саксонія (7%), Рэйнланд-Пфальц (6,9%), Шлезвіг-Гольштэйн (5,8%). У 1968-м — Бадэн-Вюртэмберг (9,8%), што стала найвышэйшым дасягненнем партыі на зямельным узроўні.
Поспехі НДПГ выклікалі глыбокую трывогу як унутры ФРГ, так і за мяжой. Галоўны страх заключаўся не столькі перад самой НДПГ, колькі перад паўтарэннем траекторыі: Веймар таксама пачынаўся з купкі працэнтаў, якія атрымлівалі нацысты на выбарах, а скончыўся гібеллю дэмакратыі.
Глядзіце таксама

Нядзіўна, што для многіх фігура Адольфа фон Тадэна — аднаго з лідараў нацдэмаў — увасабляла калі не рэінкарнацыю Гітлера, то «прывід Веймара»: арыстакрат, нацыяналіст і вопытны апаратчык, які здолеў на кароткі час ператварыць маргінальную партыю ў рэальную электаральную сілу.
Дзесьці рэакцыя перарасла ў паніку. Мэр Заходняга Берліна Клаус Шюц у 1968 годзе афіцыйна звярнуўся да трох акупацыйных дзяржаў з просьбай разгледзець забарону НДПГ у горадзе. Гэта выклікала дыпламатычны перапалох: калі б саюзнікі забаранілі партыю ў Берліне, а Бон не змог зрабіць таго ж у ФРГ, узнік бы крызіс легітымнасці.
У Польшчы і Чэхаславакіі феномен НДПГ успрымаўся як прамая і цалкам канкрэтная пагроза, здольная перагледзець пасляваенныя межы і статус-кво ва Усходняй Еўропе.
Зрэшты, хутка на ўсходзе зразумелі, што ліха без дабра не бывае. У Польшчы тэма пагрозы НДПГ стала інструментам «кансалідацыі і легітымізацыі грамадства вакол улады». Была запушчана кампанія супраць «нямецкага рэвізіянізму». Пры гэтым «рэвізіяністам» мог аказацца нават той, хто проста казаў, што «немцы не прызнаюць мяжу па Одэры-Нэйсэ», або той, хто спяваў нямецкія песні ў нецвярозым стане.
Асцярогі пра захоп улады правымі радыкаламі ў выніку не спраўдзіліся. На выбарах у бундэстаг 1969 года НДПГ набрала 4,3% галасоў і не прайшла ў парламент. Пасля гэтага яе ўплыў хутка сышоў на нішто: на выбарах 1972 года партыя атрымала ўсяго 0,6%, а да таго часу страціла ўсе месцы ў ландтагах.
Часткова вінаватыя самі нацыянал-дэмакраты. 25 ліпеня 1969-га члены «Ordnerdienst» — партыйнай службы парадку, узброеныя жалезнымі прутамі і малаткамі, — накінуліся на дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць сходу НДПГ у Франкфурце-на-Майне. Пацярпелым спатрэбілася шпіталізацыя. Прэса назвала гэта «метадамі СА класічнага ўзору». Для сучаснікаў гэта была не метафара, а прамое ўказанне на тое, што пад «бюргерскай» абалонкай НДПГ хаваецца структура, якая капіюе нацысцкія штурмавыя атрады.
Гэтая гісторыя натуральна негатыўна паўплывала на вобраз партыі і стала адной з прычын яе правалу. З часам стала відавочным, што ўзлёт НДПГ быў абумоўлены не столькі сімпатыяй да яе ідэалогіі, колькі пратэсным галасаваннем. Партыя ўмела акумулявала незадаволенасць розных слаёў грамадства: рэцэсіяй 1966–1967 гадоў, акрамя таго, першая «вялікая кааліцыя» сацыял-дэмакратаў і кансерватараў успрымалася часткай выбаршчыкаў як «картэльная змова» эліт, што пакінула іх без рэальнага прадстаўніцтва. НДПГ пазіцыянавала сябе як «прынцыповая апазіцыя».
Страх перад сацыяльнымі і культурнымі зменамі таксама адыграў сваю ролю. 60-я гады былі часам хуткіх культурных зрухаў — студэнцкага руху, сексуальнай рэвалюцыі. НДПГ пазіцыянавала сябе не проста як апазіцыйная партыя, а як «Hüterin des gesunden Volksempfindens» — «захавальніца здаровага народнага пачуцця». Яна абяцала абараніць традыцыйныя каштоўнасці ад «маральнай уседазволенасці». Даследчыкі падкрэсліваюць, што менавіта гэтая культурная рэакцыя на мадэрнізацыю была ключавым, раней недаацэненым фактарам яе электаральнага прарыву.
Так ці інакш, у 1969 годзе страхі перад магчымым прыходам правых да ўлады ў Германіі сціхлі — аж да 2020-х, калі частку палітыкаў і грамадства накрыў страх перад «карычневай пагрозай» з боку «Альтэрнатывы для Германіі».
Наколькі рэальная ці ілюзорная гэтая пагроза на гэты раз? Адказ залежыць ад таго, што лічыць «прыходам да ўлады». Калі ў 1960-я НДПГ не праходзіла нават у бундэстаг, то сёння АдГ перамагае ў асобных землях з вынікам больш за 40% і з’яўляецца другой па сіле партыяй краіны. І калі НДПГ разбілася аб аднаўленне нармальнай палітычнай канкурэнцыі, то АдГ квітнее менавіта на яе эрозіі.
Тады баяліся магчымага. Сёння — таго, што ўжо адбылося.