«Вашывыя блохі» ў Палацы незалежнасці: навошта ўлады ствараюць ілюзію «прадпрымальніцтва» ў Беларусі
Калісьці даўно ў Лукашэнкі была мара. Ён марыў паціснуць руку апошняму беларускаму прадпрымальніку. Мара так і не ўвасобілася ў жыццё, але затое «вашывыя блохі», як называў прадпрымальнікаў Лукашэнка, на гэтым тыдні праніклі ў святая святых беларускай улады. Цікава, ці бегаў там беларускі кіраўнік з дыхлафосам?

Як паведамляюць афіцыйныя СМІ, Палац незалежнасці з экскурсіяй наведалі каля 140 прадпрымальнікаў «з усёй Беларусі». Пасля трохгадзіннай экскурсіі у якасці «раяля ў кустах» выступіў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын. Нібыта ён «нечакана» прыехаў да прадпрымальнікаў і замуціў ім сустрэчу на дзве гадзіны. Размова ішла пра канкурэнцыю, абарону ўнутранага рынку, падтрымку айчынных вытворцаў, якасць імпарту, развіццё фермерскіх гаспадарак і турызму, фінансаванне інавацый, лічбавізацыю і выкарыстанне штучнага інтэлекту.
Карацей, за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага. Напрыклад, Турчын заявіў пра намер урада Беларусі стымуляваць айчынных вытворцаў, аднак меры супраць няякаснай імпартнай прадукцыі будуць рабіцца больш жорсткімі.
«Урад будзе прымаць усе меры для стымулявання уласнага вытворцы, а не для абмежавання імпарту. Але барацьба з няякасным імпартам будзе толькі больш жорсткай, гэта я кажу адкрыта. Мы павінны забяспечыць на сваім рынку сумленную і справядлівую канкурэнцыю і абараняць нашага спажыўца ад няякаснага імпарту. У гэтым кірунку ўрад будзе прымаць найбольш жорсткія захады», — запэўніў ён.
Яшчэ адной тэмай стала рэгуляванне цэн. Турчын адзначыў, што ўрад працягвае маніторыць кошт тавараў. Калі па асобных пазіцыях будуць зафіксаваныя рэзкія скачкі, іх могуць вярнуць у пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай. «Трэба сувымяраць жаданне атрымаць прыбытак і разумныя падыходы да цэн. Нам вельмі не хацелася б нейкія пазіцыі вяртаць назад», — сказаў Турчын.
Вось такое ў нас прадпрымальніцтва — з «забеспячэннем канкурэнцыі» ад урада і за «разумныя падыходы» да цэн. Хаця галоўнай мэтай прадпрымальніцтва з'яўляецца атрыманне прыбытку, а не сацыяльна-грамадская дзейнасць.
З аднаго боку, вядома, радуе, што прадпрымальнікі як клас у Беларусі яшчэ не зніклі. З іншага, вельмі цікава было б даведацца, што гэта былі за прадпрымальнікі. Апалагетаў Шумчанкі або Макаева наўрад ці пусцілі б у Палац незалежнасці. Таму, верагодна, гэты візіт — заява пра стварэнне яшчэ адной так званай «грамадска-дзяржаўнай» структуры: «сваіх» прадпрымальнікаў, якія будуць расказваць у тэлевізар, як добра прадпрымаецца ў Беларусі пад кіраўніцтвам светланоснага і прамяністага… І як не маюць рацыі тыя, хто з-за мяжы «плявузгае».
Прадпрымальнікі ў Беларусі даўно былі падзеленыя на «сваіх» і «чужых», і пры гэтым «чужых» было заўсёды больш. Цяпер, хутчэй за ўсё, спатрэбілася новы падзел — на «сваіх», «чужых» і «зусім чужых і збеглых». Інакш навошта ў экстрэмісцкі спіс унеслі Telegram-канал «Доска объявлений (Poznań) | Барахолка»? Яго змест экстрэмісцкім палічыў суд Ленінскага раёна Мінска. Таксама ў спіс дададзены бот «Admin_post_bot» гэтага канала.
На самай справе, занепакоенасць беларускай улады можна зразумець. Лукашэнка доўга і разгорнута казаў пра тое, што «на Захадзе вас не чакаюць», «нікому вы за мяжой не патрэбныя», «будзеце бутэлькі збіраць і посуд мыць», «на каленях назад прыпаўзеце». Вось толькі штосьці ніхто на каленях назад паўзці не збіраецца. Наадварот, беларусы засвоілі новыя прафесіі або сталі яшчэ больш паспяховымі ў прафесіях старых, паадкрывалі бізнэсы, і сталі патрэбнымі за мяжой. А нікому не патрэбнай апынулася якраз-такі беларуская ўлада.
І для таго, каб перабіць «паспяховы поспех» беларусаў за мяжой, трэба стварыць свой, альтэрнатыўны «поспех» — хаця б у тэлевізары, калі не атрымліваецца ў рэале.
А ў рэале не атрымліваецца. Таму што на фоне «140 прадпрымальнікаў у Палацы незалежнасці» мы ўспамінаем статыстыку Нацбанка, пра якую пісалі ў мінулую пятніцу: «даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці» ў Беларусі складаюць вельмі сціплыя (калі не сказаць гаротныя) 6,7% у структуры грашовых даходаў насельніцтва РБ.
А будзе яшчэ больш сумна. І не таму, што ў краіне няма прадпрымальнікаў. У краіне проста няма людзей.
Пракуратура Віцебскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да былога рэктара мясцовага ВНУ. Ён абвінавачваецца ў тым, што прымаў у сваю навучальную ўстанову «мёртвыя душы».
Мэтай было «ўяўнае выкананне кантрольных лічбаў прыёму і схаванне дакладных паказчыкаў па наборы абітурыентаў на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту». Работнікі надавалі ў прыёмную камісію дакументы абітурыентаў, іх залічвалі ў лік студэнтаў, а пазней адлічвалі. У выніку ў ВНУ было фіктыўна залічана не менш за 95 чалавек.
Удумайцеся і ўсвядомце: у Віцебску няма каму паступаць у ВНУ нават на бюджэтныя месцы! Няма каму туды паступаць нават з мэтамі «абы паступіць» і «адкасіць ад войска»! І каб схаваць гэтую хранічную нястачу, давялося нават фальсіфікаваць набор! І не проста набор — набор «на бюджэт»!
А дзе ж віцебскія выпускнікі і учорашнія школьнікі? Куды яны падзеліся?
Пытанне, верагодна, рытарычнае. Былі віцебскія – сталі ўроцлаўскія. А потым яны стануць прадпрымальнікамі, якім Лукашэнка ніколі не пацісне руку.
Не таму, што не будзе апошніх прадпрымальнікаў. Проста таму, што Лукашэнка — «невыязны».