Не пагадзіліся б нават НКУС і Варашылаў. Як сучасная прапаганда скажае гісторыю Заходняй Беларусі?

Ці можна знайсці ў гістарычных дакументах тое, чаго там ніколі не было? Як паказваюць публікацыі беларускіх і расійскіх рэсурсаў — можна. Расказваем, як у Рыжскай дамове нібыта з'явіліся абяцанні пра 500 беларускіх школ, колькасць ахвяр дэманстрацыі ў Косаве вырасла да 1500 чалавек, а беларусаў «выключылі» з польскага войска. Праўда, з апошнім не пагадзіліся б нават супрацоўнікі НКУС.

Ілюстрацыя створана пры дапамозе інструментаў ШІ

Ілюстрацыя створана пры дапамозе інструментаў ШІ

1. У Косаве было 1500 удзельнікаў дэманстрацыі. Але адкуль узялася гэтая лічба?

3 лютага 1927 года польская паліцыя адкрыла агонь па ўдзельніках дэманстрацыі ў Косаве, дзе людзі выйшлі пратэставаць супраць пераследу Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Сход быў масавым — удзел у ім прынялі каля паўтары тысячы чалавек. Некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі раненні, а, паводле пазнейшых гістарычных звестак, у выніку страляніны загінулі шэсць чалавек. Але расійскі партал Virtora.ru прыраўняў агульную колькасць удзельнікаў да колькасці ахвяр і прыпісаў гэтае сцвярджэнне выкладчыку беларускага ўніверсітэта.

У апублікаваным у верасні 2026 года матэрыяле пра Косаўскую дэманстрацыю расійскі рэсурс спасылаўся на старэйшага выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Станіслава Тыкуна, які расказваў пра гэтыя падзеі ў праграме Гомельскай тэлерадыёкампаніі «Няпростая гісторыя». Аўтар матэрыялу на расійскім рэсурсе напісаў:

«Число жертв, по разным оценкам, достигает полутора тысяч человек». А пазней і прыпісаў гэтыя словы Тыкуну: «Называется цифра жертв до полутора тысяч человек, — сообщил Станислав Тыкун».

Тут адразу ўзнікае пытанне: а адкуль узялася такая лічба?

Па колькасці ахвяр Косаўскай дэманстрацыі 1927 года польскія і савецкія крыніцы даюць іншыя лічбы — і яны далёкія ад 1500 чалавек. Напрыклад, польская газета «Express Wieczorny Ilustrowany» у нумары ад 5 лютага 1927 года, праз два дні пасля падзей у Косаве, на першай старонцы паведамляла пра страляніну паліцыі па дэманстрантах і называла пяць загінулых. У пазнейшых гістарычных апісаннях, у тым ліку польскіх, фігуравалі ўжо шэсць чалавек.

Газета «Express Wieczorny Ilustrowany» ад 5 лютага 1927 года пра падзеі ў Косаве

Газета «Express Wieczorny Ilustrowany» ад 5 лютага 1927 года пра падзеі ў Косаве

Звесткі пра падзеі захаваліся ў гістарычных крыніцах і газетах. А праз 30 гадоў, 2 кастрычніка 1957 года, Івацэвіцкі райвыканкам і райкам КПБ прынялі пастанову аб стварэнні помніка ўдзельнікам Косаўскай дэманстрацыі. Гэты помнік знаходзіцца ў Косаве і сёння.

Пастанова аб стварэнні помніка. Крыніца: Баранавіцкі занальны архіў, ф. 1121, воп. 1, спр. 135

Пастанова аб стварэнні помніка. Крыніца: Баранавіцкі занальны архіў, ф. 1121, воп. 1, спр. 135

Варта паглядзець непасрэдна на мемарыяльную шыльду на гэтым помніку — і мы таксама ўбачым іншыя лічбы: 6 забітых і 35 параненых.

Мемарыяльная пліта на помніку. Фатаздымак выкладзены карыстальнікам сэрвісу «Яндэкс. Мапы» ў сакавіку 2026 года

Мемарыяльная пліта на помніку. Фатаздымак выкладзены карыстальнікам сэрвісу «Яндэкс. Мапы» ў сакавіку 2026 года

Але самае цікавае можна знайсці ў відэазапісе праграмы, на які спасылаўся расійскі партал. У відэа Станіслаў Тыкун увогуле не гаварыў пра паўтары тысячы загінулых. Ён назваў зусім іншую лічбу: «Да 6 забитых на тот момент».

Сцвярджэнне пра 1500 ахвяр вынесена ў загаловак, паўтараецца па тэксце і падаецца як прамая цытата ўдзельніка праграмы. Але ў відэазапісе Тыкун называе да шасці забітых. Такім чынам, рэсурс прыпісаў гісторыку словы, якіх той не казаў, і ператварыў рэальную гістарычную падзею ў падставу для распаўсюджвання недакладнай інфармацыі.

2. Рыжская дамова абяцала 500 беларускіх школ. А ў якім артыкуле дамовы пра гэта напісана?

Яшчэ адна неадпаведнасць з лічбамі — на сайце Белтэлерадыёкампаніі. 17 верасня 2026 года сайт News.by апублікаваў інтэрв'ю з доктарам філасофскіх навук Святланай Вінакуравай. У матэрыяле сцвярджаецца, што Рыжская мірная дамова ў прэамбуле і палажэннях нібыта змяшчала абяцанні «добрага жыцця для беларусаў» і «500 школ».

Адкрываем сам тэкст Рыжскай мірнай дамовы, падпісанай 18 сакавіка 1921 года. Артыкул VII сапраўды гарантаваў беларусам у Польшчы, гэтаксама як украінцам і рускім, права развіваць родную мову і культуру, а таксама арганізоўваць і падтрымліваць уласнае школьніцтва — у межах унутранага заканадаўства. Аналагічныя правы павінны былі мець палякі ў Расіі, Украіне і Беларусі.

Артыкул VII Рыжскай мірнай дамовы ад 18 сакавіка 1921 года пра правы нацыянальных меншасцяў. Крыніца: афіцыйнае выданне тэксту дамовы, 1921 год

Артыкул VII Рыжскай мірнай дамовы ад 18 сакавіка 1921 года пра правы нацыянальных меншасцяў. Крыніца: афіцыйнае выданне тэксту дамовы, 1921 год

Але ні ў гэтым артыкуле, ні ў іншых палажэннях дакумента няма абавязацельства стварыць 500 беларускіх школ. Няма ў ім і якой-небудзь іншай зафіксаванай колькасці навучальных устаноў. Лічба 500 увогуле сустракаецца ў дакуменце толькі ў дадатку № 2, які рэгулюе вываз маёмасці аптантаў. Пункт 8 дадатку прадугледжвае магчымасць вывозіць тытунёвыя вырабы — не больш за 500 папярос.

Дадатак № 2 да Рыжскай мірнай дамовы ад 18 сакавіка 1921 года

Дадатак № 2 да Рыжскай мірнай дамовы ад 18 сакавіка 1921 года

Цікава, што і тут можна заўважыць тую ж праблему цытавання. News.by піша: «К слову, сам Рижский договор содержал в преамбуле и положениях обещания о хорошей жизни для белорусов, соблюдении их прав, сохранении белорусского языка и 500 школ».

А ў відэазапісе праграмы словы Вінакуравай маюць іншы кантэкст: «Сам договор (Рижский), он содержал в своих преамбулах и положениях данные о том, что беларусам там будет хорошо [...]. Школы — их было около 500 на этой территории — будут работать».

Розніца прынцыповая: адно — сцвярджаць, што ў пэўны перыяд існавала каля 500 школ, і зусім іншае — што такая колькасць была замацаваная міжнароднай дамовай.

Вядома, адсутнасць згадкі пра колькасць школ у Рыжскай мірнай дамове не азначае, што адукацыйная палітыка міжваеннай Польшчы ў дачыненні да беларусаў была цалкам справядлівай. Але можна крытыкаваць рэальную палітыку тагачаснай дзяржавы, не прыпісваючы міжнароднай дамове лічбаў, якіх яна не ўтрымлівала.

Глядзіце таксама

3. Беларусаў не дапускалі ў польскае войска. А пра каго тады пісаў Варашылаў?

Гістарычная дэзінфармацыя і прапаганда — гэта сістэмныя інструменты. Часам іх прыклады можна знайсці на рэсурсах, якія, здаецца, да гісторыі не маюць дачынення. І ў гэтым прыкладзе гаворка акурат пра такі матэрыял. Да так званага Дня народнага адзінства на сайтах, у тым ліку Мінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі, Выканкама СНД і іншых рэсурсах было апублікавана наступнае сцвярджэнне:

«Белорусы не допускались на государственные должности, в армию, полицию».

Але ў архівах захоўваецца шмат дакументаў пра беларусаў, якія служылі ў польскай арміі. Разам з тым артыкул 2 закона ад 23 мая 1924 года аб усеагульным вайсковым абавязку ўстанаўліваў, што вайсковая служба — асабісты абавязак кожнага грамадзяніна Польшчы мужчынскага полу. Нагадаем, што ў той час тэрыторыя Заходняй Беларусі таксама ўваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі. Ніякай этнічнай забароны для беларусаў закон не ўтрымліваў.

Ustawa z dnia 23 maja 1924 r. o powszechnym obowiązku służby wojskowej (Закон ад 23 мая 1924 г. аб усеагульным вайсковым абавязку)

Ustawa z dnia 23 maja 1924 r. o powszechnym obowiązku służby wojskowej (Закон ад 23 мая 1924 г. аб усеагульным вайсковым абавязку)

Больш за тое, ёсць савецкі дакумент ад 13 кастрычніка 1939 года: запіска наркама абароны СССР Клімента Варашылава пра прапанову камандавання германскай арміі перадаць савецкаму боку 20 тысяч беларусаў і ўкраінцаў — ваеннапалонных былога польскага войска.

Запіска наркама абароны СССР Клімента Варашылава. Крыніца: ф. 82, воп. 2, спр. 800 РГАСПІ

Запіска наркама абароны СССР Клімента Варашылава. Крыніца: ф. 82, воп. 2, спр. 800 РГАСПІ

Праз тры дні НКУС выдаў дырэктыву № 807 аб прыёме і праверцы гэтых палонных. У ёй названыя і канкрэтныя месцы перадачы: 3000 чалавек каля Драгічына і 6000 у раёне Брэста. Такім чынам, у дырэктыве названыя дзве групы — разам 9000 чалавек, тады як у запісцы Варашылава гаворка ішла пра 20 тысяч. Гэтыя лічбы не супадаюць, але дакументы сведчаць, што беларусы служылі ў польскім войску і трапілі ў палон як вайскоўцы. Таму сцвярджэнне, што беларусаў не дапускалі да службы ў польскім войску, супярэчыць нават дакументам НКУС.

Пры гэтым адсутнасць фармальнай забароны на службу не азначала, што беларусы мелі роўныя магчымасці ў польскім войску. Яны сутыкаліся з дыскрымінацыяй, якая, сярод іншага, магла ўскладняць прасоўванне па службе. Але гаворка пра поўную забарону на службу ў войску не ідзе.

Што застаецца, калі адкрыць дакументы

Гэтыя тры прыклады не адмяняюць ні расстрэлу дэманстрантаў у Косаве, ні праблем беларускага школьніцтва, ні нацыянальнай дыскрымінацыі ў міжваеннай Польшчы — усё гэта было, і пра гэта можна і трэба гаварыць.

Але для крытычнай ацэнкі тагачаснай палітыкі ці падзей агульнай гісторыі няма патрэбы павялічваць колькасць ахвяр у сотні разоў ці прыпісваць міжнароднай дамове тое, чаго ў ёй не напісана. Тым больш што ў гэтых выпадках мы маем справу не са складанымі гістарычнымі спрэчкамі, а з рэчамі, якія можна праверыць.

Дастаткова адкрыць старую газету, прачытаць артыкул дамовы ці звярнуцца да архіва. І часам высвятляецца, што дакументы амаль стогадовай даўніны расказваюць пра мінулае куды дакладней за сённяшнія публікацыі.