Айцец Аляксандар Надсан. Той, хто працягвае аб'ядноўваць беларусаў

 8 жніўня спаўняецца сто гадоў з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана — сьвятара, навукоўца, кніжніка, пісьменьніка і аднаго з найбольш аўтарытэтных беларусаў у замежжы. Але ягоная роля выходзіла далёка за межы царкоўнага служэньня: ён стаў для многіх беларусаў духовым і грамадзкім арыентырам, а ягоныя погляды на дэмакратыю, нацыянальную годнасьць і эўрапейскі выбар застаюцца актуальнымі і сёньня.

Айцец Аляксандар Надсан. Здымак з газэты Times Group Newspapers, 1 красавіка 2004 году (архіў Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане).

Айцец Аляксандар Надсан. Здымак з газэты Times Group Newspapers, 1 красавіка 2004 году (архіў Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане).

Духовым, а яшчэ я дадаў бы — дэмакратычным лідарам беларусаў і беларусак. Бо ў нашай гісторыі мы амаль ня зьведалі дэмакратыі, а таму і дэмакратычных лідараў. Аляксандар Надсан належыць да тых рэдкіх асобаў, якія здолелі спалучыць беларускасьць і дэмакратычнасьць. Праз усё жыцьцё ён пранёс беларускасьць, падмацаваную каштоўнасьцямі разнастайнасьці і пашаны да іншага, уласьцівымі заходняй, у прыватнасьці брытанскай, дэмакратыі. Дзякуючы эўрапейскаму кантэксту, жыцьцю ў Брытаніі і адкрытай, безідэалягізаванай адукацыі а. Аляксандар не ў тэорыі, а на практыцы зьведаў мэханіку дэмакратыі, якая дазваляла беларусам жыць бяз гвалту і траўмы ГУЛАГу ды русіфікацыі ва ўмовах савецкай акупацыі.

З гэтай нагоды, дарэчы, а. Аляксандар часта ўдала жартаваў: «У маладосьці я быў вымушаны выбіраць паміж Салаўкамі і Ангельшчынай. Я ўсё ж выбраў апошнюю — там мне было крыху выгадней».

Глядзіце таксама

Удалечыні ад акупаванай радзімы разам зь іншымі сьвятарамі ён пабудаваў сапраўдны Беларусаград у Лёндане, вядомы сёньня ўсім пад назовам Скарынаўкі.

Калі сьвятарская і кнігарская постаць айца досыць добра вядомая, то значна менш вядомая беларус-к-ам ягоная інтэлектуальная, а тым больш грамадзка-дэмакратычная і нават палітычная іпастась. Якраз з нагоды стагодзьдзя з дня ягонага нараджэньня хацелася б крыху асьвятліць гэты менш вядомы бок Аляксандра Надсана.

Чалавек перадусім прыватны, даматурны — як называў яго біскуп Ч. Сіповіч, «мядзьведзь, які неахвотна выбіраўся са свайго бярлогу», — а. Аляксандар Надсан быў вымушаны стаць публічнай асобай. Спачатку — у сілу сваіх сьвятарскіх абавязкаў, а пасьля сьмерці Ч. Сіповіча ды іншых старэйшых сьвятароў — яшчэ і як дырэктар Скарынаўскай бібліятэкі.

Зрэшты, чарнобыльская трагедыя і развал СССР падштурхнулі а. Аляксандра да актыўнай гуманітарнай місіі на радзіме. Падчас першых прыездаў у Беларусь у пачатку 1990-х — пасьля 46 гадоў адсутнасьці на бацькаўшчыне — падсавецкія журналісты насьцярожана, а часам нават нэгатыўна ставіліся да заходняга беларуса і ягонай дзейнасьці. Але а. Аляксандар абяззбройваў сваёй адукаванасьцю і дасьціпнасьцю: «...кожны, хто б пабачыў, якія вялікія патрэбы, якое цярпеньне, асабліва дзетак нявінных, не астаўся б раўнадушным і рабіў тое ж самае, што я раблю. [...] І калі б не рабіў, лепш было б не называцца тады беларусам».

Беларус эўрапейскага маштабу, кшталту Ф. Скарыны, Аляксандар Надсан, насамрэч, быў тыповым эўрапейскім беларусам свайго пакаленьня — пакаленьня беларускай моладзі Заходняй Беларусі, якая жыла пад уладай Польшчы. Пазьней гэтае пакаленьне было альбо расьцярушанае па сьвеце, альбо ўлітае ў савецкую дзяржаву. За саветамі пра эўрапейскасьць беларусаў казалі мала, бо гэта падавалася як няпраўда і ўспрымалася як крамола. А вось у Лёндане, дзе апынуўся малады Аляксандар Надсан, ён актыўна друкаваўся ў беларускай паваеннай прэсе — «Беларус на Чужыне» і «Na Šlachu» — і пасьлядоўна даводзіў эўрапейскасьць беларускай нацыі і факт ейнай акупацыі рознымі краінамі: Расеяй, Польшчай, Нямеччынай і СССР.

Яснасьць розуму і празарлівасьць Аляксандра Надсана яшчэ са студэнцкіх гадоў адрозьнівалі яго ад многіх суайчыньнікаў у эміграцыі. Ён імкнуўся ўсё называць сваімі імёнамі, пазьбягаючы эўфэмізмаў ды (сама)падману. БССР для яго, як і для многіх беларусаў у эміграцыі, была падсавецкай, падняволенай рэспублікай, акупаванай Масквой. Інакш ён і ня мог вызначаць статус радзімы. Панятак «акупацыя» слушна і дакладна азначаў сытуацыю, у якой існавала і існуе Беларусь: расейская, польская, нямецкая, савецкая і зноў расейская акупацыі. У ліставаньні зь беларусамі Паўночнай Амэрыкі ён рытарычна пытаўся: як інакш называць сытуацыю, калі палітычныя, эканамічныя і культурныя рашэньні за беларусаў прымаліся ў Пецярбургу, Маскве, Варшаве ці Бэрліне?

Такім парадкам, як гісторык і інтэлектуал, ён дакладна аргумэнтаваў і ўвёў у беларускую незалежную гістарычную навуку канцэпт і прынцыповы тэрміналягічны панятак «акупацыя». Беларуская гістарыяграфія, за рэдкімі выняткамі, не магла і дасюль ня можа сабе дазволіць такога сьмелага падыходу.

Глядзіце таксама

Закрануў ён і яшчэ адзін нязручны і кантравэрсійны панятак — калябарацыю. Ягоны голас важны і прынцыповы як голас чалавека, які на ўласнай скуры зьведаў гэты час, бачыў, што адбывалася, таму асаблівую каштоўнасьць маюць шматлікія нюансы, на якія ён зьвяртаў увагу. Бо ў савецкай, то бок расейскай, гістарыяграфіі, якая дасюль дамінуе ў Беларусі, калябарацыя трактуецца вымоўна аднабакова — у чорна-белых колерах і выключна з расейскай пазыцыі. Да таго ж ацэньвалася і ацэньваецца яна пераважна тымі, хто ня зьведаў калябарацыі на ўласным досьведзе: тыльнымі партыйцамі і кабінэтнымі гісторыкамі.

Аляксандар Надсан якраз быў палявым гісторыкам, жывым сьведкам трагічнай беларускай гісторыі. Прынцыповым акцэнтам а. Аляксандра Надсана ў пытаньні калябарацыі зьяўляецца зусім не ўслаўленьне гэтай зьявы, як гэта падаюць прасавецкія ідэолягі, а беларусацэнтрычны і больш нюансаваны падыход да яе трактоўкі з улікам такіх чыньнікаў, як адсутнасьць беларускай дзяржавы, існаваньне ва ўмовах бесперапыннай акупацыі беларусаў і інш.

Ня толькі ў гістарычнай навуцы пакінуў важную спадчыну а. Аляксандар. Безь яго неўяўнай была б уся паваенная беларуская гуманістыка: мовазнаўства, у тым ліку кітабістыка, літаратуразнаўства, разьвіцьцё беларускага перакладу, літургіка, мастацтвазнаўства, кніжная справа, крытычная публіцыстыка, навуковая рэцэнзійная і выдавецкая праца. Аднак пра гэта збольшага ўсё ж вядома беларус-к-ам як у дыяспары, так і на бацькаўшчыне. Зь ягонай інтэлектуальнай спадчынай можна лёгка азнаёміцца ў архівах часопісаў The Journal of Belarusian Studies, «Божым Шляхам», Arche ды іншых.

Глядзіце таксама

А вось пра што мала вядома, дык гэта пра ягоную грамадзкую і дэмакратычную дзейнасьць, пра ягоную палітычную каштоўнасьць і патэнцыял — як асобы, так і ягонай думкі. Спрычыніўся да гэтага і сам айцец, які ўнікаў палітыкі, аддаючы перавагу навуцы і сьвятарству. Але, міма сваёй волі і дзякуючы прывілею эўрапейскага беларуса, ён усё ж стаў ня толькі духовым лідарам беларусаў замежжа, але і своеасаблівым палітычным, сымбалічным арыентырам для многіх беларусаў мэтраполіі.

Ва ўспамінах людзей, якія яго ведалі, а яшчэ больш — у ліставаньні айца зь сябрамі ды прыяцелямі ва ўсім сьвеце, вымалёўваецца моцная постаць айца як «бацькі беларускай дэмакратыі». Так яго назваў у 1980-х гадах адзін з расейскіх дысыдэнтаў у Францыі — сябра беларуска-францускага мастака Міколы Паўлоўскага. І гэта ня проста кідкі камплімэнт, а цікавае і трапнае назіраньне звонку за вялікай беларускай і беларусацэнтрычнай дзейнасьцю лёнданскага сьвятара, які не застаўся выключна ў сьценах бажніцы, а пайшоў у сьвет, да людзей, рабіць тую працу, якой у дэмакратычных дзяржавах займаюцца дзяржаўныя інстытуцыі.

І сапраўды, дзейнасьць аднаго чалавека — Аляксандра Надсана — замяніла працу некалькіх міністэрстваў: культуры, інфармацыі і навукі. Адзін чалавек, адна Скарынаўка, спрадукавалі столькі крытычных ведаў, інфармацыі, стварылі такую сетку навуковых і дасьледчых кантактаў, выдавалі навуковы часопіс міжнароднага ўзроўню, што міністэрствам у падсавецкай Беларусі гэта было не пад сілу. Да ўсяго і канкрэтная дапамога айца беларускаму мастаку Міколу Паўлоўскаму, які ў 1978 годзе вырашыў застацца на Захадзе, і шматгадовае апекаваньне беларускай супольнасьцю ў сьвеце разам зь ягонай прынцыповай беларусацэнтрычнай пільнасьцю ўражвалі навакольных.

Пры гэтым многія знаёмыя айца — Івонка Сурвіла, Раіса Жук-Грышкевіч, Кастусь Акула, Джым Дынглі, Мікола Паўлоўскі, Ніна Баршчэўская, Андрэй Дынько ды многія іншыя — адзначалі ягоную дыпляматычнасьць і грамадзкі аўтарытэт. Да яго зьвярталіся беларусы Канады ў справе маргіналізацыі беларускай мовы Фэдэральным дэпартамэнтам статыстыкі ў пачатку 1980-х гадоў. Айцец публічна выступіў у падтрымку беларусаў замежжа ў справе Лофтуса, заўсёды меў уласны голас і пазыцыю ў кантактах з Ватыканам, заставаўся прынцыпова дэмакратычным і ў дачыненьні да Беларусі.

Івонка Сурвіла і айцец Аляксандар Надсан. Здымак з архіву Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане.

Івонка Сурвіла і айцец Аляксандар Надсан. Здымак з архіву Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане.

Як толькі да ўлады прыйшоў А. Лукашэнка і рэжым зноў зьмяніў нацыянальную сымболіку на падсавецкую, ён спыніў усе кантакты зь беларускай амбасадай у Лёндане. У адным зь лістоў да Раісы Жук-Грышкевіч айцец Аляксандар выказаўся ляканічна, моцна і па-змагарску — чаго многія не чакалі ад сьвятара: 

«Галоўнае толькі не баяцца розных уладаў, царкоўных ці іншых: мы павінны спакойна, але моцна, дамагацца таго, што нам належыць».

Гэтае моцнае пасланьне айца застаецца важным і актуальным і пасьля 2020 году. Гэта словы, вартыя дэмакратычнага лідара, які праз дыялёг і перакананасьць вядзе негвалтоўнае змаганьне за свае правы.

Якраз панятак «акупацыя», якім часта і сьмела апэраваў лёнданскі беларускі асьветнік, тлумачыць, чаму дэмакратычныя лідары беларускага замежжа — Івонка Сурвіла ці сам Аляксандар Надсан — не змаглі падзяліцца на бацькаўшчыне сваім досьведам і дапамагчы Беларусі дэмакратызавацца паводле прыкладу балцкіх краінаў. Дзелячыся сваімі развагамі, Андрэй Дынько слушна заўважыў, што айцец Аляксандар мог бы стаць беларускім Валдасам Адамкусам, але ня стаў. Чыньнік Расеі, расейскай акупацыі, нікуды ня дзеўся — пра гэта яшчэ пры жыцьці са скрухою казаў а. Аляксандар.

Духовае, а таксама палітычнае лідарства асабліва яскрава праяўляецца ў простай і важнай рэчы: адкрытасьці да дыялёгу, пошуку дыялёгу і ўменьні бачыць у супольнасьці агульны патэнцыял, а не процьму партыкулярызмаў і адрозьненьняў. Да гэтага гатовыя хіба людзі, якія жылі і шліфаваліся ў дэмакратыі. Да гэтага гатовыя адзінкі беларусаў. Да гэтага быў гатовы, хоць зусім і ня думаў пра падобнае, айцец Аляксандар Надсан.

Бо ён аб'ядноўваў беларусаў: жанчын і мужчынаў, левых і правых, вернікаў і сьвецкіх, дыяспарных і мэтрапольных беларусаў. На справе і ў сваіх выказваньнях цягам дзесяцігодзьдзяў ён паўтараў простую, але моцную думку: «Тое, што нас лучыць, большае за тое, што нас дзеліць». Праўда, большая частка беларускіх палітычных лідараў, ці тых, хто сябе гэткімі лічыць, так і не зразумела гэтага і працягвае разьядноўваць беларусаў. А вось айцец Аляксандар застаўся ў нашай гісторыі тым рэдкім беларусам, які аб'ядноўваў нас усіх і працягвае аб'ядноўваць сваёй вялізарнай інтэлектуальнай і проста гуманістычнай спадчынай эўрапейскага маштабу.