Юрый Хашчавацкі: Я мог стаць мільянерам

Вядомы рэжысёр, гуру беларускай дакументалістыкі Юры Хашчавацкі 18 кастрычніка святкуе сваё 75-годдзе. Гэтае інтэрв'ю было запісана напярэдадні 70-гадовага юбілею рэжысёра. У ім ён расказаў пра свой першы фільм, як прыехаў з Адэсы ў Мінск. А яшчэ пра памылку, якую здзейсніў з Лукашэнкам...

31fd769e_584b_40bf_ab60_0f9d8f9e41d3_mw800_s.jpg

 — Ці з’яўляецца для вас сямідзясяцігоддзе жыццёвай памежнай датай?

— Ну, я не думаю, што гэта нейкі рубеж. Але ў любым выпадку, хочаш — не хочаш, а даводзіцца падвесці вынікі. Тут ужо няма куды падзецца.

— Ці была, а можа да гэтага часу ёсць, у вас нейкая формула самарэалізацыі?

— На нейкім этапе я вельмі хацеў здымаць кіно. Я ішоў да гэтага. Доўга ўгаворваў рэдактара, каб мне далі здымаць кіно. Нарэшце ў 1983-м я зняў свой першы фільм. Пасля гэтага пайшла мая кінакар’ера. Вядома, былі жаданні выйграваць фестывалі. Але паступова ўсё гэта — прызы, апладысменты — стала наносным, менш значным. Па жыцці з’яўляецца новая ўстаноўка: рабі кіно, і рабі яго годна. А потым будзе, што будзе. Як, напрыклад, здарылася з фільмам «Звычайны прэзідэнт». Гэты фільм будзе працаваць, таму што ён — наша гісторыя, якая стане этапам нашай біяграфіі. 


— Згодна біяграфіі, пачыналі вы не як лірык, а хутчэй, як фізік. Ваша альма-матэр — Адэскі тэхналагічны інстытут…

— Як і ўсе савецкія дзеці, мы рабілі жыццё з кагосьці. На мяне вельмі паўплываў фільм «Дзевяць дзён аднаго года» пра сакрэтных фізікаў. Лозунг асваення прыроды, смеласці быў адным з дэвізаў пакалення 1960-х, якое фармавалася таксама на фоне палітычнай адлігі. Памятаю, дачка маёй класнай пазнаёміла мяне з Акуджавам. Мама неяк прынесла «Раман-газету» з апавяданнем Салжаніцына. З прачытанага, праўда, мне запомнілася толькі фраза «а на фуя мне гэта трэба», якую кажа адзін з герояў.

Я пачаў цікавіцца палітыкай зусім выпадкова, пасля таго, як паставіў у інстытуце тэатральны вечар, дзе чыталі вершы Ашкеназі. Я нават не ведаў, што ён быў дысідэнтам, уцекачом у ФРГ. Паколькі ўсё адбывалася пасля Пражскіх падзеяў 1968-га, для дэманстрацыі палітычнай пільнасці мяне выключылі з ВНУ.

Наступным этапам быў рух КВЗ, куды я трапіў праз студэнцкую самадзейнасць. Там было вельмі шмат нестандартных і самых вядомых пазней людзей, напрыклад, Барыс Бурда або Барыс Херсонскі. Праўда, да пачатку 1970-х КВЗ пачаў выраджацца, сыходзіць у камерцыю. Перад кожным паўстала пытанне: у халтуршчыкі або ў прафесіяналы. Я абраў другое. І калі завочна скончыўшы інстытут, трапіў у Мінск, ужо ведаў, што хачу стаць тэатральным рэжысёрам. Праўда, у выніку стаў дакументалістам.

— Ці не было для вас шокам пасля курортнай, партовай Адэсы апынуцца ў досыць глухім Мінску?

— Былі, хутчэй, складанасці. Адэса — вельмі эмацыйная і гучная. І таму я ўспрымаўся як вельмі агрэсіўны чалавек. Ледзь не штодня даводзілася біцца. Былі праблемы з міліцыяй. Але неўзабаве я стаў сваім.

Як вам удалося атрымаць права зняць свой першы фільм?

— У 1983-м на тэлефільме ляжаў сцэнар, ад якога адмовіліся ўсе рэжысёры. Гэта быў нестандартна напісаны тэкст. І тады галоўны рэдактар узгадаў, што за ім даўно ходзіць адзін хлопец. Ён прапанаваў мне здымкі, а я сказаў «так». І толькі потым прачытаў сцэнар. На самай справе, я здымаў не па сцэнары, але ўсё роўна тэкст даў штуршок. Першая фраза была такая: «З кабінета райпатрэбкааперацыі можна ўбачыць кніжную краму. А калі глядзець з кніжнага, можна ўбачыць кабінет. Вось так нашы матэрыяльныя патрэбы адпавядаюць духоўным, і наадварот». І было зразумела, як рабіць фільм — ён павінен быць іранічным. І, дзякуючы такому падыходу, выйграў гран-пры на ўсесаюзным фестывалі.

image_5.jpg


— Калі вы ўпершыню пачулі пра Лукашэнку?

— З Лукашэнкам я здзейсніў памылку, якую здзейсніла ўся Беларусь, якая думае. Я запомніў яго голас, які чуў з радыё і ТБ. Тады разумеў задуму «маладых ваўкоў», якія вырашылі выкарыстаць Лукашэнку ў якасці тарану супраць непапулярнага рэжыму Кебіча. Першыя пару месяцаў пасля абрання Лукашэнкі ў мяне былі ідэі па рэфармаванні БТ. Мы прапанавалі праект, які ў выніку згарнулі.

Усё стала зразумела пасля выхаду фільма «Нянавісць. Дзеці хлусні». Калі я ўбачыў, у што ператвараецца дакументальнае кіно, я вырашыў зрабіць сваё кіно. Сёння я магу прызнацца, што прадзюсар Пётр Марцаў, які фінансаваў «Звычайнага прэзідэнта», атрымліваў грошы ад бізнесмена Пупейкі.

Цікава, што пазней Пупейка эміграваў у Польшчу, а Мінск запатрабаваў яго экстрадыцыі. У выніку палякі адмовіліся выдаваць Пупейку — якраз пасля дэманстрацыі па польскаму ТБ «Звычайнага прэзідэнта». На жаль, такіх, як Пупейка, было мала. У большасці ўсе хацелі хапануць.

Я таксама мог стаць мільянерам. Летам 1991-га мне патэлефанавалі з ЦК камсамола і прапанавалі зняць кіно. Я прыйшоў з напрацоўкамі і прапанаваў некалькі варыянтаў. А потым гляджу: ім нецікава. Камсамольцы кажуць: «Давайце мы дадзім вам тры мільёны, а вы здымеце матэрыялы і не будзеце выказваць прэтэнзій». Я спачатку не зразумеў, у чым гульня. Потым уцяміў: яны бяруць мае матэрыялы і пад іх пішуць заяўку на фільм з бюджэтам, скажам, 30 мільёнаў. Калі б усё атрымалася, па тым курсе рубля я б атрымаў каля мільёна долараў. Але, паколькі была пятніца, падпісанне дамовы перанеслі на панядзелак. А ў панядзелак было 19 жніўня, пачаўся путч. І ўсім было ўжо не да кіно.

juri1509_3id0c.jpg


— Знаходзячыся па-за сістэмай, вы працягваеце здымаць папулярныя фільмы, і да таго ж працаваць на Белсаце. Можа, нашаму кіно не патрэбныя ніякія перамены?

— Не, гэта ўсё роўна ненармальна. Як можна здымаць у такіх умовах? Адзін мой знаёмы маскоўскі аператар здымаў мяне на вуліцы пяць гадоў таму і трапіў у аб’ектывы вулічных камер. У выніку яго выкраслілі з прэзідэнцкага пулу, то бок практычна пазбавілі акрэдытацыі. Але, безумоўна, мы прыдумалі новы фармат працы. Мы працуем без офісаў, па скайпу... Акрамя таго, з’явіўся відэахостынг — асноўны пастаўшчык відэаматэрыялу. За працай з інтэрнэт-матэрыяламі будучыня нашай дакументалісткі.

hqdefault_1_logo_1.jpg


— Ужо вядомым дакументалістам, вы ўдзельнічаеце ў палітыцы, з’яўляецеся чальцом Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Навошта вам палітычны актывізм, калі кожны ваш фільм мае большы грамадскі рэзананс, чым, напрыклад, удзел у выбарах?

— Я паважаю АГП як каманду адукаваных людзей, якая не захапляецца папулізмам. АГП не хлусіць, і мне гэта падабаецца. Калісьці ў 2000 годзе яны папрасілі мяне арганізаваць кампанію «байкоту», і для гэтага мне давялося запісацца ў партыю. А выходзіць адтуль я не буду, бо я ім дапамагаю. Гэта па-першае. А па-другое, калі я выйду (можа, гэта было б і лагічна для рэжысёра), гэтым тут жа скарыстаюцца іх апаненты. Я паважаю АГП і не хачу адтуль сыходзіць.

— Што збіраецеся паспець да 75-годдзя?

— Галоўнае — дажыць, і дажыць годна. Цяпер я заканчваю фільм «Гэты шалёны, шалёны, шалёны рускі свет», у якім на прыкладзе грузіна-расійскіх адносінаў хачу расказаць пра асаблівасці імперскай прапаганды. У мяне ёсць яшчэ нейкія даўнія задумы наконт кіно, але гэта, хутчэй, мара. Значна больш рэальна скончыць да наступнага юбілею кнігу пра дакументальнае кіно, якая будзе сумяшчацца з мемуарамі.



«Новы Час» шчыра віншуе Юрыя Хашчавацкага з днём народзінаў!