Затрыманні на мяжы, новыя палітычныя прысуды і ліквідацыя НКА. Хронікі рэпрэсій 2 снежня

 У Беларусі працягваецца хваля рэпрэсій: зніклы пры вяртанні з Польшчы Глеб Панасюк знайшоўся ў гомельскім СІЗА, з цягніка знялі жанчыну з дзіцём за падпіску на «экстрэмісцкі» Telegram-канал, сямейную пару асудзілі на 9 гадоў калоніі, а колькасць ліквідаваных НКА дасягнула рэкордных лічбаў.

1_1097_1.png

Жыхар Светлагорска знік, калі павяртаўся з Польшчы. Знайшоўся ў гомельскім СІЗА

34-гадовы жыхар Светлагорска Глеб Панасюк, пра знікненне якога паведамлялі ягоныя сябры ў Польшчы, утрымліваецца ў СІЗА № 3 у Гомелі. Пра гэта «Гомельскай вясне» паведаміла крыніца ў карнай установе.

Да пераводу ў СІЗА мужчына адбываў адміністрацыйны арышт у ізалятары часовага ўтрымання Гомеля — паводле невядомай адміністрацыйнай справы. Праваабаронцы адзначаюць, што ягонае зняволенне, імаверна, мае палітычную матывацыю.

8 кастрычніка Глеб выехаў з Польшчы, дзе жыў і працаваў апошнія гады, у родны Светлагорск — наведаць бацькоў. 9 кастрычніка ён патэлефанаваў сябрам і паведаміў, што прайшоў мяжу і едзе на цягніку ў бок Светлагорска. Пасля гэтага сувязь з ім знікла.

Цяпер праваабаронцы спрабуюць высветліць, у чым менавіта яго абвінавачваюць. Звестак пра нейкую пратэсную актыўнасць Панасюка ў іх няма.

Беларуску з дзіцём знялі з цягніка Калінінград – Адлер

У ноч з 1 на 2 снежня беларускія памежнікі знялі з цягніка жанчыну з маленькім дзіцём, якія ехалі з Калінінграда ў Мінск. Пра гэта паведамляе «Белсат».

Прычына — у тэлефоне жанчыны выявілі «экстрэмісцкую групу» ў Telegram. Памежнікі канфіскавалі тэлефон і не дазволілі ёй паведаміць пра сітуацыю родным.

«Было каля трох гадзін ночы, дзяўчына разбудзіла сына, яны сабраліся і іх вывелі на станцыі. Супрацоўніца, якая апытвала гэтую дзяўчыну, паводзіла сябе хамавата…» — распавяла крыніца «Белсату».

Ці адпусцілі пасажырку, ці яна застаецца затрыманай, невядома.

Праваабаронцы нагадваюць: вяртанне ў Беларусь можа несці рызыкі для ўдзельнікаў пратэстаў, тых, хто падтрымліваў палітвязняў або Украіну.

Сямейную пару з Гомеля асудзілі агулам на 9 гадоў калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Паводле «Вясны», 26 лістапада Гомельскі абласны суд вынес прысуд Станіславу Мачалаву і Святлане Якубовіч паводле ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Станіслаў атрымаў 4 гады калоніі строгага рэжыму, Святлана — 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Мачалаў — гомельскі актывіст і праграміст. Гэта ўжо яго другая палітычная справа: упершыню яго затрымалі ў 2021 годзе і асудзілі на 3 гады калоніі. Ён выйшаў на волю ў снежні 2023-га, але праз год зноў трапіў пад крымінальны пераслед.

З 2020 года ліквідаваныя або ў стадыі ліквідацыі як мінімум 1984 беларускія НКА

Паводле маніторынгу Lawtrend, на канец кастрычніка ў Беларусі было ліквідавана не менш за 1 977 грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый.

На канец лістапада 1 216 арганізацый знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі, 768 — прынялі рашэнне аб самастойным закрыцці.

Кватэру завочна асуджанага палітыка Яўгена Вільскага зноў выставілі на аўкцыён

Летась выконваючага абавязкі старшыні «Народнай Грамады» Яўгена Вільскага завочна асудзілі на 12 гадоў калоніі і прызначылі штраф у 480 000 рублёў.

Яго кватэру спачатку спрабавалі прадаць за 141 710 рублёў, але ахвотных не знайшлося. Цяпер стартавы кошт знізілі да 113 000 рублёў, паведамляе @vitebsk_info.

У лоце пазначана, што ў жыллё зарэгістраваныя тры чалавекі.