КДБ абвясціў новыя «экстрэмісцкія фармаванні». Хроніка рэпрэсій 5 снежня
КДБ і МУС абвясцілі пра чарговае пашырэнне спісаў «экстрэмісцкіх фармаванняў» і асобаў. Пад удар трапілі культурныя ініцыятывы, польскія івэнт-кампаніі, а таксама звычайныя гараджане, якіх абвінавачваюць у перадачы інфармацыі. У суды Беларусі масава паступаюць справы па арт. 361-4 і 361-1 КК.

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні»
КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» кааліцыю ініцыятыў Terra Group Event, SSL Production і незарэгістраваную арт-прастору «Склад бутэлек». Адпаведнае рашэнне было прынята 12 лістапада.
Паводле ведамства, да Terra Group Event і SSL Production маюць дачыненне Віталь Крыўко і Андрэй Ярашэвіч, а да «Складу бутэлек» — Валянцін Бахцінаў, Сяргей Салаш, Дзмітрый Бабіцкі, Аляксандра Вішнеўская, Анастасія Цярэшка, Валерыя Бельская, Юрый Душын, Вольга Стралкоўская, Кірыл Скабейка, Дзмітрый Кавалёнак і Сяргей Статкевіч.
Terra Group Event і SSL Production — буйныя польскія івэнт-агенцтвы.
Terra Group Event арганізоўвала мерапрыемствы і тімбілдынгі для IT-кампаній, у тым ліку Wargaming, Softswiss і Andersen. Менавіта ў гэтай кампаніі працаваў Анатоль Котаў перад знікненнем.
Котаў — былы дзяржаўны службовец, які пасля выбараў 2020 года выехаў у Польшчу і далучыўся да апазіцыйнага руху. 21 жніўня ён вылецеў з Варшавы ў турэцкі Трабзон, пасля чаго, паводле не пацверджаных звестак, пакінуў Турцыю на прыватнай яхце ў бок Сочы. Дакладных даных пра ягоны маршрут або месцазнаходжанне няма.
SSL Production ладзіць мерапрыемствы ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Грэцыі, Турцыі і Літве.
«Склад бутэлек» — гэта арт-прастора ў Барысаве, дзе праводзіліся культурніцкія падзеі.
Праваабаронцам вядома, што восенню ў Барысаве затрымалі каля 10–15 чалавек паводле адміністрацыйных спраў і трымалі на «сутках». Цяпер, верагодна, некаторыя з іх сталі фігурантамі крымінальнай справы за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (арт. 361-1 КК).
Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» асудзілі да 3 гадоў калоніі
34-гадовага палітзняволенага Максіма Федаровіча абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК) і прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі. Дадаткова суд прызначыў штраф — 500 базавых велічынь.
У Максіма ёсць маленькае дзіця.
Спачатку яго ўтрымлівалі ў СІЗА №1, а з сярэдзіны кастрычніка перавялі ў следчую турму №4.
Максім — каардынатар пошукавага атрада «Анёл». Да гэтага працаваў тэхнолагам на «Мінск-Крышталі», але ў 2017 годзе цалкам змяніў жыццё пасля ўдзелу ў пошуках Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы. Тады, як ён пазней прызнаваўся, зразумеў, што пошукі зніклых людзей сталі ягоным заняткам жыцця.
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 24 чалавекі
5 снежня МУС традыцыйна абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У спіс дададзены яшчэ 24 чалавекі — цяпер там 6066 прозвішчаў.
Сярод новых фігурантаў — падпалкоўнік і былы выкладчык Вайсковай акадэміі Фёдар Кандыранда, журналіст Ігар Ільяш, а таксама ўдзельнікі справы «письмо.бeл» — Аляксандр Мазур, Павел Каранюхін і Аляксандр Лыкшын.
У Дзяржынску будуць судзіць мужчыну за перадачу здымкаў ваеннай тэхнікі
Паводле следства, 43-гадовы жыхар Мінскага раёна з чэрвеня 2022-га па красавік 2024-га перадаваў адміністратарам «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала фотаздымкі ваеннай тэхнікі і відэа перамяшчэнняў транспарту ў Мінскай вобласці і Мінску.
Яго дзеянні кваліфікаваныя па ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК.
Абвінавачаны віну прызнаў. Ён знаходзіцца пад вартай, справа перададзена пракурору.
У Гомелі асудзілі двух чалавек, імаверна, у межах «справы Гаюна»
Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», у абласным судзе вынеслі прысуды дзвюм асобам, абвінавачаным у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК).
34-гадовую Анастасію Кашчыну, уцякачку з украінскага Лісічанска, асудзілі да зняволення (тэрмін удакладняецца). Яе затрыманне звязваюць з магчымай перадачай звестак пра рух расійскіх войскаў у Мазыры маніторынгаваму каналу.
30-гадовы Канстанцін Кабурнееў з Камарына таксама атрымаў пакаранне, звязанае са зняволеннем. Паводле праваабаронцаў, ягоная справа, як і справа Кашчыной, можа быць часткай шырэйшай хвалі пераследу пасля таго, як спецслужбы атрымалі доступ да базы даных карыстальнікаў каналу.
Праваабаронцы адзначаюць, што абодва прысуды супярэчаць праву на свабоду інфармацыі, гарантаванаму міжнароднымі нормамі.