За травень Расія зноў страціла ва Украіне больш тэрыторыі, чым захапіла
Тэмпы расійскага наступу ва Украіне працягваюць запавольвацца, а баявая эфектыўнасць арміі РФ зніжаецца, адзначаюць аналітыкі ISW. На фоне гэтага Лукашэнка заяўляе, што беларусы не будуць ваяваць з Украінай. Але заявы беларускага кіраўніка — сінгал, хутчэй, трывожны, бо ён часцяком хлусіць. Ідуць 1565-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 223 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 чэрвеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 штурмаў расіян ў раёнах Тарэцкага, Сафіеўкі, Кучарава Яру, Біліцкага, Мацяшавага, Васіллеўкі, Дарожнага, Вольнага, Новага Данбаса, Запаведнага, Радзінскага, Шаўчэнкі, Грышына, Сяргееўкі, Котліна і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 28 атак акупантаў паблізу Дабраполля, Уздвіжаўкі, Залізнічнага, Аленаканстанцінаўкі, Стараукраінкі, Гуляйпольскага, Рыбнага, Прылук і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Плешчыеўкі, Русінава Яру і Іллінаўкі.
На Ліманскім і Аляксандраўскім кірунках украінскія воіны адбілі па 10 спроб арміі РФ прасунуцца на кожным.
* * *
Тэмпы расійскага наступу ва Украіне працягваюць запавольвацца, а баявая эфектыўнасць арміі РФ зніжаецца. У траўні ўкраінскія Сілы абароны вярнулі пад свой кантроль больш тэрыторый, чым расійская армія змагла захапіць, гаворыцца ў справаздачы аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Паводле даных украінскага выдання «Мілітарны», якое спасылаецца на крыніцы ў Сілах абароны Украіны, на працягу траўня ўкраінскія ваенныя вызвалілі або зачысцілі ад расійскіх падраздзяленняў каля 250 квадратных кіламетраў тэрыторыі. У той жа час расійскія войскі за гэты перыяд змаглі захапіць толькі каля 130 квадратных кіламетраў.
У ISW адзначаюць, што розныя крыніцы выкарыстоўваюць розныя методыкі падліку зменаў на фронце, таму лічбы могуць адрознівацца. Аднак агульная тэндэнцыя застаецца ранейшай — расійскі наступ губляе тэмп, а ўкраінскія сілы дэманструюць усё лепшыя вынікі.
Па ўласных ацэнках ISW, у траўні расійскія войскі захапілі або праніклі на тэрыторыю плошчай каля 40 квадратных кіламетраў. У той жа час яны страцілі кантроль над прыкладна 280 квадратнымі кіламетрамі.
У красавіку, па падліках амерыканскіх аналітыкаў, расійская армія прасунулася на 28 квадратных кіламетраў, але страціла кантроль над 116 квадратнымі кіламетрамі.
У ISW адзначаюць, што сучасная вайна ўскладняе дакладнае вызначэнне тэрытарыяльных заваёў бакоў: лінія баявога сутыкнення часта мае невыразныя межы, а так званая «зона паражэння» беспілотнікаў пастаянна пашыраецца.
З-за гэтага розныя аналітычныя цэнтры могуць па-рознаму ацэньваць кантроль над асобнымі ўчасткамі мясцовасці. Аднак, незалежна ад методыкі падліку, большасць крыніц прыходзяць да падобнай высновы: эфектыўнасць расійскіх наступальных дзеянняў зніжаецца, тады як украінскія сілы паступова паляпшаюць свае пазіцыі.
* * *
У ноч на 7 чэрвеня Расія атакавала Украіну 236 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 215 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.
6 чэрвеня ў Чорным моры расійскія войскі атакавалі два грамадзянскія пошукава-выратавальныя судны, якія выконвалі гуманітарную місію. У выніку абстрэлу пацярпелі людзі, паведаміў віцэ-прэм’ер-міністр Украіны па аднаўленні Аляксей Кулеба. Ён падкрэсліў, што згодна з міжнародным гуманітарным правам, пошукава-выратавальныя судны павінны мець асаблівую абарону, аднак Расія груба парушыла гэтыя нормы.
Расійскія ваенныя ў ноч на 7 чэрвеня нанеслі ўдары па Запарожжы. У выніку адзін з раёнаў горада застаўся без электрычнасці.
Ноччу 7 чэрвеня расіяне масіравана атакавалі грамадзянскую інфраструктуру Адэсы і Адэскай вобласці ўдарнымі беспілотнікамі, адзін мірны жыхар паранены.
* * *

* * *
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў сацыяльнай сетцы Х заявіў, што, адмовіўшыся ад перамоў з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін выпусціў шанс выйсці з правальнай вайны, і пазней Расіі давядзецца пагадзіцца на дыпламатычнае ўрэгуляванне на значна горшых умовах.
«Страты на полі бою будуць працягваць расці. Паражэнні стануць усё больш прыніжальнымі. Эканоміка яшчэ глыбей пагрузіцца ў рэцэсію. Знікне яшчэ больш працоўных месцаў, падаткі будуць расці, а інфляцыя мацней за ўсё ўдарыць па самых уразлівых слаях насельніцтва. У Расіі ўжо няма бяспечных месцаў, якія маглі б пазбегнуць дальнабойных санкцый Украіны. Але іх інтэнсіўнасць будзе працягваць расці. Міжнародны ціск не аслабне. Ён будзе толькі ўзмацняцца. Уключаючы замарожванне актываў, забароны на паездкі і непазбежную адказнасць за злачынствы», — прагназуе Сібіга.
«Адмова Пуціна ад міру павінна прывесці да значнага ўзмацнення міжнароднага ціску на Расію і падтрымкі Украіны... Расіі ўсё роўна давядзецца пагадзіцца на дыпламатычнае рашэнне, але ўмовы будуць значна горшыя», — рэзюмаваў ён.
* * *
Краіны НАТА разглядаюць ідэю выдаць Украіне новы пакет ваеннай дапамогі на суму 70 млрд еўра, пра што можа быць абвешчана ўжо ў наступным месяцы на саміце альянсу ў Анкары (Турцыя), піша Politico.
Па словах чатырох дыпламатаў НАТА, з такой прапановай у траўні выступіла Германія. Акрамя фінансавання, прапанова будзе ўключаць новы механізм, каб больш празрыста адсочваць унёскі. Гэта адбываецца на фоне скаргаў некаторых краін на тое, што яны непрапарцыйна нясуць расходы па падтрымцы Кіева.
Згодна з публікацыяй, фінансаванне ў 70 млрд еўра не будзе складацца толькі з новых сродкаў. Каля 30 млрд еўра паступяць з ужо ўзгодненага ЕС двухгадовага крэдыту Украіне ў памеры 90 млрд еўра, а яшчэ 40 млрд еўра будуць выданы праз двухбаковыя праграмы падтрымкі.
Аднак некаторыя асцерагаюцца, што краіны могуць адчуць меншую неабходнасць у сваіх ахвяраваннях, калі змогуць разлічваць на сродкі Еўрасаюза.
Politico адзначыла, што падтрымка Украіны стане адным з ключавых пытанняў, якія будуць абмяркоўвацца на саміце лідараў НАТА 7-8 ліпеня.
* * *
Самаабвешчаны прэзідэнт РБ Лукашэнка заявіў, што яго краіна не плануе адпраўляць ваенных ва Украіну, пры гэтым падкрэсліў саюзніцкія адносіны з Расіяй, інфармуе NEXTA Live.
Лукашэнка сказаў, што беларусы «не хочуць быць мясам» у чужой вайне і паставіў пад сумненне ўдзел краіны ў баявых дзеяннях за межамі сваёй тэрыторыі. «Мы што, павінны пайсці за чужую волю ваяваць ва Украіну? Мы што, хочам быць мясным фаршам там? Не, мы гэтага не хочам», — заявіў ён.
Але ўжо праз некалькі хвілін Лукашэнка нагадаў, што Беларусь застаецца саюзнікам Расіі, не ўдакладняючы характар ваенна-палітычнага супрацоўніцтва.
Яшчэ больш цікава прагучаў яго зварот да суседніх краін: «Я хачу, каб палякі, літоўцы і ўкраінцы мяне пачулі. Мы не хочам ваяваць з імі. Хаця мы заўсёды поўныя рашучасці вас абараніць».
Каго і ад каго ён збіраецца абараняць, не зусім зразумела — ці то суседзяў ад Расіі, ці то Беларусь ад суседзяў.