Палітвязня асудзілі па другой крымінальнай справе. Хронікі рэпрэсій 30 верасня
Палітвязня Вадзіма Здаравеннава асудзілі па другой крымінальнай справе — ён атрымаў чатыры гады і сем месяцаў калоніі. Кіраўніка кампаніі сельгастэхнікі Дзяніса Гуляшова асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», а старонку былога палітвязня Максіма Вінярскага дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Кіраўніка кампаніі сельгастэхнікі асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
Мінскі гарадскі суд прызнаў Дзяніса Гуляшова вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
Верагодна, мужчыну прызначылі абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу — так званую «хатнюю хімію».
Падрабязнасці крымінальнай справы, а таксама тое, якія менавіта дзеянні суд палічыў «садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці», пакуль невядомыя.
Палітвязня Вадзіма Здаравеннава асудзілі па другой крымінальнай справе
50-гадовага палітвязня Вадзіма Здаравеннава 29 верасня асудзілі па новай крымінальнай справе. Яму прызначылі чатыры гады і сем месяцаў калоніі, а таксама штраф у памеры 500 базавых велічынь.
Здаравеннава абвінавацілі ў «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «распальванні варожасці» і «незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных».
Вядома, што справа тычыцца каментарыяў і фотаздымкаў, якія пазней знайшлі ў ягоным ноўтбуку.
Раней мужчыну асудзілі да двух гадоў калоніі за «абразу Лукашэнкі». Пакаранне ён адбываў у шклоўскай калоніі № 17. Першы тэрмін мусіў скончыцца ў лістападзе гэтага года.
Старонку былога палітвязня Максіма Вінярскага дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
На гэты раз у яго трапілі Facebook-старонкі былога палітвязня і актывіста Максіма Вінярскага («Maksim Viniarski»), а таксама старонкі «Дмитрий Спиридов» і «Ekaterina Evchenko».