«Няпростыя ўмовы гаспадаркі»: Як хаваюць эканамічныя праблемы за словамі пра «стабільнасць»

Нібыта ўсё ў нас добра. Вядома, як заўсёды нам замінаюць толькі «асобныя праблемы». Але калі паглядзець на гэтыя «асобныя праблемы», узятыя разам, выяўляецца, што яны нарастаюць, як снежны камяк. А потым з «асобных праблем» бац — і дэфіцыт, і дэвальвацыя.

_belarus_ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__logo.jpg

Інвестыцыйная актыўнасць прампрыемстваў застаецца на высокім узроўні, заявілі ў прэс-службе Мінэканомікі, публікуючы вынікі кан'юнктурнага апытання, праведзенага ў жніўні.

«Прагнозная ацэнка інвестыцыйнай актыўнасці носіць аптымістычны характар. Яе рост у бліжэйшыя тры месяцы плануе 19% кіраўнікоў, 71% — захаванне бягучага ўзроўню», — паведамілі ў ведамстве.

Паводле яго, пра павышэнне або захаванне аб'ёмаў выпуску сказалі 64% рэспандэнтаў, 70% адзначылі рост або стабільную дынаміку попыту. Доля адказаў пра скарачэнне запасаў гатовай прадукцыі склала 38%, што на 3 працэнтныя пункты больш, чым у ліпені.

«Сярэдні перыяд забяспечанасці прадпрыемстваў заказамі трэці месяц запар застаецца нязменным – 2,9 месяца», — дадалі ў міністэрстве.

Ну а хто ж вам праўду скажа? Калі казаць пра скарачэнне попыту, зніжэнне выпуску прадукцыі, павелічэнне складскіх запасаў — можна не толькі з дырэктарскага крэсла выляцець, але і прысесці за «безгаспадарнасць» — Лукашэнка такое любіць. А сядзець нікому ахвоты няма. Вось яны і… Не тое каб змякчаюць фармулёўкі, але кажуць пра «захаванне бягучага ўзроўню» і «стабільную дынаміку». А ўжо стабільная яна адмоўна ці станоўча — тут хай кожны дадумвае ў меру сваёй сапсаванасці ці ў меру сваёй інфармаванасці.

Вось, напрыклад, прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын пасля даклада Лукашэнку 2 верасня таксама заявіў пра «станоўчую сітуацыю ў эканоміцы». «Але сітуацыя абсалютна неадназначная і ў разрэзе галін, і ў разрэзе асобных суб'ектаў гаспадарання. Ды і складанасці, якія пастаянна ўзнікаюць, скажам так, трымаюць нас у тонусе пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў. Здавалася б, нават такое пытанне, як лагістыка. Сённяшнія падзеі ў свеце, безумоўна, адбіваюцца і на нашых суб'ектах гаспадарання, перш за ўсё на экспартных пастаўках. Таму даводзіцца дзесьці шукаць альтэрнатыўныя маршруты. Узнікаюць складанасці», — адзначыў Турчын.

Разумееце, калі ў Расіі гараць склады Ozon і Wildberries, у тым ліку і з беларускімі таварамі — гэта, паводле Турчына, «лагістычныя складанасці». І калі ў дачыненні да прадпрыемстваў РБ уводзяць санкцыі — гэта таксама «лагістычныя складанасці». Агулам, нічога страшнага, проста складана, так?

Або, напрыклад, сітуацыя ў машынабудаванні. «Ёсць цэлы шэраг галін прамысловасці, якія даволі паспяхова працуюць у няпростых умовах. Перш за ўсё, гэта машынабудаўнічая галіна, якая сёння адчувае праблемы праз, напэўна, і аб'ектыўныя, і суб'ектыўныя прычыны, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Сітуацыя няпростая. На некаторых прадпрыемствах яна даволі складаная, але мы фактычна ў штодзённым рэжыме дапамагаем нашым прадпрыемствам, дзесьці падстаўляючы плячо».

Разумееце, калі Турчын кажа, што «сітуацыя няпростая» — на справе гэта, хутчэй за ўсё, азначае поўны швах. І вось цікава, што такое «няпростыя ўмовы»? Тэхналагічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі за невыкананне правоў чалавека і саўдзел у вайне з Украінай? Дык а хто ў гэтым вінаваты? Самі ж і вінаватыя…

Верагодна, праз «даволі паспяховую працу» ўрад Беларусі ўвёў часовае забарону на вываз асобных відаў прамысловых тавараў. Забарона будзе дзейнічаць 6 месяцаў, пачынаючы з 23 верасня. Яна ўводзіцца «з мэтай недапушчэння неабгрунтаванага вывазу прамысловых тавараў з тэрыторыі Беларусі ва ўмовах прадухілення дэфіцыту такіх тавараў на ўнутраным рынку краіны», паведамляе прэс-служба ўрада.

Пералік гэтых «асобных відаў прамысловых тавараў» нам недаступны. Але я не здзіўлюся, калі гэта бензін, дызель і іншыя прадукты нафтаперапрацоўкі. Верагодна, ціск расійскіх праблем на нашу сітуацыю нарастае. І таму чыноўнікі раптоўна кінуліся пераконваць нас, што ўсё добра, ёсць толькі «асобныя цяжкасці».

Але мы ж ведаем: калі чыноўнік кажа пра тое, што «ўсё добра» — трэба бегчы купляць валюту. Таму не дзіўна, што долар працягвае расці: за восем месяцаў 2026 года сярэдні курс наяўнага долара вырас практычна на 4 %. Нібыта і няшмат, але гэта стала рэкордным паказчыкам пасля лістапада 2024 года, калі сярэдняя каціроўка наяўнага долара павялічылася на 7,77 %.

То-бок, нашы людзі дзейнічаюць у звыклай ім парадыгме выжывання.

Дый ўлады, падобна, разумеюць, што «штосьці не так». Ва ўнутраных войсках МУС пачалася праверка баявой гатоўнасці па даручэнні Лукашэнкі. Паводле слоў дзяржсакратара Саўбеза Беларусі Аляксандра Вальфовіча, такая праверка ў структуры МУС праводзіцца ўпершыню, і ўпор будзе зроблены на баявую і мабілізацыйную гатоўнасць унутраных войскаў, у тым ліку на адмабілізаванне і даўкамплектаванне да штатаў ваеннага часу.

Перад унутранымі войскамі пастаўлена задача забяспечыць грамадскі парадак пры дэстабілізацыі абстаноўкі. «Паглядзім, як ва ўнутраных войсках укаранёны вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі і іншых сучасных канфліктаў», — адзначыў Вальфовіч.

Вось толькі смутныя сумневы ў мяне. Калі задача «забяспечыць грамадскі парадак» — навошта «красаўцам» «вопыт СВА», разгортванне па штатах ваеннага часу і ўзаемадзеянне з армейскімі часткамі?

Падобна, «красаўцы» дакрасаваліся, і нехта вырашыў паставіць іх на месца. Падзяка за 2020-ы скончылася, цяпер трэба правесці чысткі. Як у НКУС і Чырвонай арміі перад пачаткам вайны.

А тое раптам «красаўцы» настолькі зазнаюцца, што ваяваць не пойдуць?