Сьмерць, грошы і Трамп. Чым ЧС-2026 запомніўся па-за футболам

Чэмпіянат сьвету яшчэ не пасьпеў завяршыцца, калі памёр футбаліст, які выступаў на турніры. Праз два дні стала вядома пра сьмерць судзьдзі, адхіленага ад ЧС. Да фінальнага сьвістка мундыяль пасьпеў перажыць умяшаньне Дональда Трампа ў дыскваліфікацыю гульца, справу аб падазроных стаўках, палітычны банэр, расісцкі вал у сацыяльных сетках і бойку пасьля фіналу.

Самы нескандальны момант ЧС: футбалісты зборных Францыі і Англіі пасьля сканчэньня матчу за бронзу памаліліся разам.

Самы нескандальны момант ЧС: футбалісты зборных Францыі і Англіі пасьля сканчэньня матчу за бронзу памаліліся разам.

Гулец, які не дажыў да фіналу

11 ліпеня, калі чэмпіянат яшчэ працягваўся, у адным з дамоў у цэнтры Кейптаўна знайшлі цела Джэйдэна Адамса, 25-гадовага паўабаронцы зборнай Паўднёвай Афрыкі. Яшчэ за некалькі тыдняў да гэтага ён выходзіў на палі ЧС. Адамс згуляў ва ўсіх трох матчах групавога этапу і дапамог сваёй зборнай упершыню прабіцца ў плэй-оф.

Асабліва цяжкім для яго стаў матч супраць Чэхіі, бо напярэдадні памерла ягоная бабуля, але футбаліст усё роўна выйшаў у стартавым складзе. Паўднёвая Афрыка пакінула турнір 28 чэрвеня пасьля паразы ад Канады. А ўжо праз два тыдні міністар спорту краіны назваў Адамса адным з самых яркіх маладых талентаў, якіх страціў паўднёваафрыканскі футбол.

Джэйдэн Адамс

Джэйдэн Адамс

Паліцыя адкрыла расьсьледаваньне, але дагэтуль не паведаміла прычыну сьмерці. Бацька футбаліста казаў, што сям’я чакае вынікаў ускрыцьця. Улады асобна папрасілі мэдыя і заўзятараў не распаўсюджваць здагадкі, пакуль няма заключэньня экспэртаў. Перад чвэрцьфінальным матчам Англіі і Нарвэгіі памяць Адамса ўшанавалі хвілінай маўчаньня.

Судзьдзя, якога не пусьцілі на ЧС

Праз два дні пасьля паведамленьня пра сьмерць Адамса футбольны сьвет атрымаў яшчэ адну трагічную навіну. 13 ліпеня Нідэрляндзкая футбольная асацыяцыя паведаміла пра сьмерць 38-гадовага судзьдзі Роба Дыпэрынка. Ягонае імя ўжо фігуравала ў адным з самых змрочных скандалаў напярэдадні чэмпіянату. Дыпэрынк мусіў працаваць відэаасістэнтам судзьдзі на ЧС, але ў траўні FIFA выключыла яго са сьпісу арбітраў.

Глядзіце таксама

Прычынай стала затрыманьне ў Лёндане. 9 красавіка паліцыя атрымала паведамленьне пра магчымы сэксуальны напад на падлетка. У той дзень Дыпэрынк працаваў на матчы «Крыстал Пэлас» – «Фіярэнтына». Судзьдзю затрымалі паводле падазрэньня, праверылі запісы камэраў назіраньня і электронныя прылады.

Аднак доказаў для працягу справы паліцыя не знайшла, расьсьледаваньне закрылі, абвінавачаньняў Дыпэрынку не выставілі. Сам ён казаў, што быў абвінавачаны памылкова, цалкам супрацоўнічаў з паліцыяй і раскрыў FIFA, UEFA ды Нідэрляндзкай футбольнай асацыяцыі ўсю інфармацыю.

«Вядома, я расчараваны, што FIFA вырашыла больш не прызначаць мяне на чэмпіянат сьвету», – казаў ён пасьля закрыцьця справы.

Роб Дыпэрынк

Роб Дыпэрынк

У сацыяльных сетках гэтую гісторыю хутка скарацілі да формулы «судзьдзю адхілілі за пэдафілію». Але такая фармулёўка скажае факты. Яго затрымлівалі паводле падазрэньня ў сэксуальным нападзе на непаўнагадовага, аднак справа не дайшла ані да абвінавачаньня, ані да суду.

Прычына ягонай сьмерці таксама на сёньняшні дзень не агучаная. Нідэрляндзкая асацыяцыя назвала Дыпэрынка паважаным міжнародным арбітрам і добрым калегам. За сваю кар’еру ён правёў 284 прафэсійныя матчы, працаваў на Эўра-2024 і Алімпійскіх гульнях.

Чырвоная картка, якую адмяніў тэлефонны званок

Калі выпадкі Адамса і Дыпэрынка сталі трагедыямі мундыялю, дык гісторыя Фаларына Балагуна паставіла пад сумнеў саму незалежнасьць футбольных правілаў. У матчы 1/16 фіналу паміж ЗША і Босьніяй амэрыканскі нападнік наступіў на шчыкалатку суперніку. Спачатку судзьдзя не паказаў чырвоную картку, але зьмяніў рашэньне пасьля прагляду VAR. Балагун аўтаматычна мусіў прапусьціць наступную гульню супраць Бэльгіі.

Фаларын Балагун атрымлівае чырвоную картку

Фаларын Балагун атрымлівае чырвоную картку

Аднак у справу ўмяшаўся прэзыдэнт ЗША. Дональд Трамп патэлефанаваў кіраўніку FIFA Джані Інфантына і папрасіў перагледзець рашэньне. Неўзабаве дысцыплінарны камітэт FIFA прыпыніў дыскваліфікацыю на год і дазволіў Балагуну згуляць. Сытуацыю рабіла амаль абсурднай прызнаньне самога Трампа. Спачатку ён нават ня ведаў, што азначае чырвоная картка і якія яна мае наступствы. Даведаўшыся пра аўтаматычны пропуск матчу, прэзыдэнт вырашыў патэлефанаваць кіраўніку сусьветнага футболу.

FIFA ў сваю чаргу настойвала, што дысцыплінарныя органы дзейнічалі незалежна. Інфантына сьцьвярджаў, што асабіста не прымаў канчатковага рашэньня. Футбольная іронія ўсё ж спрацавала: Балагун выйшаў на поле, але ЗША прайгралі Бэльгіі 1:4 і пакінулі турнір.

Стаўкі на жоўтую картку

Элі Ваі

Элі Ваі

На чэмпіянат сьвету прыехаў і футбаліст, імя якога ўзьнікла ў расьсьледаваньні магчымага дамоўнага эпізоду. Француская футбольная ліга зьвярнула ўвагу на незвычайна вялікую колькасьць ставак на тое, што нападнік зборнай Кот-д’Івуару Элі Ваі атрымае жоўтую картку ў матчы францускага чэмпіянату паміж «Ніцай» і «Мецам». Картку тады ён сапраўды атрымаў.

29 траўня, менш чым за тры тыдні да першага матчу Кот-д’Івуару на ЧС, 23-гадовага гульца ўзялі пад варту ў межах расьсьледаваньня магчымага арганізаванага махлярства, карупцыі ў спорце і адмываньня грошай.

Пасьля допыту яго вызвалілі (магчыма, часова), пасьля чаго футбаліст згуляў тры матчы на ЧС.

Расізму стала больш

У слоганах FIFA гэты мундыяль мусіў аб’яднаць больш краінаў, чым калі-небудзь. У сацыяльных сетках пашырэньне турніру прынесла іншы рэкорд. За адзін толькі групавы этап сыстэма абароны сацыяльных сетак арганізацыі выявіла каля 89 тысячаў абразьлівых паведамленьняў. Гэта ў трынаццаць разоў больш, чым на аналягічным этапе ЧС-2022. Каля 11% выяўленых паведамленьняў мелі расісцкі характар. Сотні эпізодаў рыхтаваліся для перадачы праваахоўным органам.

Асабліва жорсткай атацы падвергліся цёмнаскурыя футбалісты зборнай Нідэрляндаў Джастын Клюйвэрт, Квінтэн Тымбэр і Крысэнсіа Самэрвіл, якія не забілі пэнальці ў матчы супраць Марока. Замест крытыкі за няўдалыя ўдары іхныя старонкі запоўнілі расісцкімі абразамі.

Праблема выйшла і за межы ананімных камэнтароў. Трэнэра Бэльгіі Рудзі Гарсію крытыкавалі за словы пра афрыканскія зборныя як каманды, што нібыта губляюць тактычную структуру і ня ўмеюць кантраляваць перавагу. Дасьлечыкі нагадалі, што ў футбольных трансляцыях цёмнаскурых гульцоў значна часьцей хваляць за фізычную сілу, а белых за інтэлект, характар і тактычнае мысьленьне.

Кіліян Мбапэ

Кіліян Мбапэ

Асобна дасталося і лідару зборнай Францыі Кіліяну Мбапэ, якога ў так званай недастатковай францусказьці па паходжаньні абвінавачвалі такія высокія асобы, як сэнатарка Парагвая і былы прэм'ер Гішпаніі.

Мальвінскі банэр і бойка пасьля фіналу

Палітыка ўвайшла на поле і падчас вырашальных матчаў. Пасьля перамогі над Англіяй у паўфінале аргентынскія футбалісты Лісандра Мартынэс і Джавані Лё Чэльса разгарнулі банэр «Las Malvinas Son Argentinas» – «Мальвінскія выспы належаць Аргентыне».

Гаворка ідзе пра Фалклэндзкія, або Мальвінскія, выспы, за якія Аргентына і Вялікая Брытанія ваявалі ў 1982 годзе. У той вайне загінулі 649 аргентынскіх і 255 брытанскіх вайскоўцаў. Жыхары саміх выспаў на рэфэрэндуме амаль аднагалосна выказаліся за захаваньне статусу брытанскай заморскай тэрыторыі, але Буэнас-Айрэс працягвае лічыць архіпэляг сваім.

Правакацыя аргентынскіх футбалістаў «Las Malvinas Son Argentinas»

Правакацыя аргентынскіх футбалістаў «Las Malvinas Son Argentinas»

Правілы FIFA забараняюць палітычныя лёзунгі на стадыёнах. Брытанскі ўрад запатрабаваў расьсьледаваньня, а FIFA пачала вывучаць эпізод.

Пасьля фіналу аргентынская зборная дала FIFA яшчэ адну падставу для праверкі  пасьля таго, як на полі адбылася масавая бойка. Леандра Парэдэс схапіў гішпанца Эрыка Гарсію за горла, у канфлікт уцягнуліся іншыя футбалісты і прадстаўнікі трэнэрскага штабу. Асістэнт галоўнага трэнэра Аргентыны Рабэрта Аяла ўдарыў гішпанскага футбаліста Дані Ольма.

FIFA ў выніку прызначыла дысцыплінарнага пракурора і пачала расьсьледаваньне. Аргентынскія гульцы тым часам павярнуліся сьпінамі да подыюму, калі новая каманда-чэмпіён атрымлівала кубак.