Зяленскі: Трамп зразумеў, хто на самай справе не хоча спыняць вайну
Як лічыць прэзідэнт Украіны, кіраўнік ЗША ўжо не лічыць, што Украіна не хоча спынення вайны. Расійскія ўлады ў той жа час заявілі, што маюць намер працягваць баявыя дзеянні. А ва Украіне з'явяцца звышдальнабойныя дроны. Ідуць 1613-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 230 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 штурмаў расіян у раёнах Дарожнага, Удачнага, Ніканораўўкі, Котліна, Новамікалаеўкі, Маладзецкага і іншых.
На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 23 разы ў раёнах Закітнага, Крывой Лукі, Рэзнікоўкі і ў бок Мікалаеўкі, Піскуноўкі і Рай-Аляксандраўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 21 атаку ў раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі і ў бок Сцяпанаўкі, Кучарава Яра, Новага Шахавага і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ 16 разоў спрабавала атакаваць у бок Дробышава, Навасёлаўкі, Ставак, Ліману, Азёрнага, Зарэчнага.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 13 атак у бок Чароўнага, Уздвіжаўкі, Косіўцава, Аленаканстанцінаўкі і Цвятковага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 10 штурмавала ў раёне Старыцы і ў бок Івашкіна, Калодзежнага, Цярновага, Ізбіцкага.
* * *
У ноч на 25 ліпеня Расія атакавала Украіну двума кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69 і 157 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана адна кіраваная авіяцыйная ракета Х-59/69 і 127 на поўначы, поўдні, сходзе і ў цэнтры краіны.
Дзесяць чалавек загінулі і каля сотні атрымалі раненні ў выніку расійскага ракетнага ўдару па палігоне ў Кіеўскай вобласці днём 24 ліпеня. Пад удар трапіла выстава ўзбраення Defense Demo Day & Defense Expo «Крытычная абарона», арганізатарам якога выступіла «АРМАДА» — Асацыяцыя вытворцаў беспілотных сістэм і спадарожных тэхналогій. Абставіны ўдару высвятляюць кампетэнтныя органы.
У ноч на 25 ліпеня расійскія войскі нанеслі ўдар з дапамогай дронаў па Запарожжы, быў пашкоджаны будынак гандлёвага цэнтра, ёсць пацярпелыя.
У ноч на 25 ліпеня беспілотнікі нанеслі ўдар па расійскім Белгарадзе. Загарэліся лагістычныя склады і аб’екты энергетычнай інфраструктуры.
У расійскім Растове пасля атакі БПЛА адбыўся маштабны пажар. У Энгельсе гарыць ваенная казарма. Пасля атакі адбыўся пажар у акупаваным Луганску.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю амерыканскай ультраправай блогерцы і блізкай прыхільніцы прэзідэнта ЗША Лоры Лумер сказаў, што яго амерыканскі калега Дональд Трамп разумее: менавіта Расія не зацікаўлена ў спыненні вайны.
«Прэзідэнт Трамп зразумеў, хто на самай справе не хоча спыняць вайну. Нават наадварот. Ён зразумеў, што мы хочам спыніць Пуціна, зразумеў, што мы сапраўды хочам міру. Таму што раней гучалі галасы, што Украіна не хоча спыняцца», — адзначыў Зяленскі.
Па яго словах, Украіна хоча перамогі. «Але перш за ўсё мы засяроджаны на чалавечых жыццях. Калі заўтра мы зможам спыніць вайну, дасягнуць перамір'я, гэта лепш, чым змагацца 10–20 гадоў дзеля перамогі і губляць нашых людзей. Перамір'е — лепшая альтэрнатыва», — заявіў Зяленскі.
* * *
Расія гатовая чакаць новых прапаноў ад ЗША па магчымым урэгуляванні вайны супраць Украіны, але не мае намеру спыняць баявыя дзеянні, заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў у інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну.
Па словах Пяскова, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нібыта «шчыра імкнецца» знайсці рашэнне для спынення вайны, таму Масква гатовая разглядаць далейшыя амерыканскія ініцыятывы. У той жа час ён заявіў, што Расія працягне вайну. «Так, баявыя дзеянні не з'яўляюцца жаданым шляхам, але, улічваючы адсутнасць перспектыў міру, мы давядзем іх да канца, да поўнай перамогі. Аднак мы будзем чакаць новых амерыканскіх прапаноў», — сказаў Пяскоў.
* * *
Украінская разведка атрымала даныя аб падрыхтоўцы Расіяй новай маштабнай хвалі мабілізацыі ўжо гэтай восенню, сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце ў Telegram.
Зяленскі падкрэсліў, што расійскае кіраўніцтва разлічвае павялічыць колькасць атак і пашырыць маштабы баявых дзеянняў. «Цяпер расіяне губляюць на фронце больш сваіх ваенных, чым набіраюць, а Пуцін яшчэ збіраецца павялічваць атакі і пашыраць гэтую вайну. Яму патрэбны яшчэ расіяне для ўдзелу ў штурмах», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Па словах Зяленскага, Украіна павінна дзейнічаць на апярэджанне і выкарыстоўваць усе даступныя інструменты, каб сарваць планы Крамля. Гаворка ідзе не толькі пра ўзмацненне абароны на лініі фронту, але і пра далейшы ціск на Расію з дапамогай дальнабойных санкцый, удараў па ваенных аб'ектах, дыпламатычнай працы і міжнароднай падтрымкі.
* * *
Наступствы новага 21-га пакета санкцый ЕС пачаліся ўжо ў першыя гадзіны пасля прыняцця абмежаванняў. Першы ўдар прыпаў на фінансавы сектар РФ, піша расійскае выданне «Агенцтва. Навіны».
Адразу пасля прыняцця санкцый у Расіі сутыкнуліся са збоямі ў міжнародных банкаўскіх пераводах. Напрыклад, спыніліся аперацыі паміж расійскім «Цыфра Банкам» і казахстанскім Freedom Bank.
Сістэма пераводаў «Залатая карона» больш не працуе ў Грузіі.
Па словах расіяніна, які пераехаў жыць у Сербію з пачаткам вайны, для яго і іншых выхадцаў з РФ санкцыі фактычна закрылі асноўны спосаб атрымання грошай з радзімы – у тым ліку даходаў ад здачы ўласнага жылля ў арэнду.
Былы расійскі віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч фактычна пазбавіўся кіраўніцтва Міжнароднай шахматнай федэрацыяй (FIDE). Па даных выдання, гэта прамы вынік новых абмежаванняў ЕС.
* * *
У бліжэйшыя два гады дальнасць украінскіх дронаў павінна вырасці з 3000 да 10 тысяч кіламетраў, сказаў прэзідэнт Украіны Уладзіміра Зяленскі амерыканскай блогерцы Лоры Лумер.
Па словах Зяленскага, развіццё ўкраінскай дальнабойнай беспілотнай праграмы ўваходзіць у новую фазу.
«Дык вось, што вельмі важна цяпер: у нас ёсць дроны на 3000 плюс кіламетраў. А ў гэтым годзе ў нас будуць на 4000 кіламетраў, у наступным годзе — ад 5 да 10 тысяч», — пахваліўся Зяленскі.
Яшчэ ў сакавіку 2025 года Зяленскі ўпершыню афіцыйна абвясціў пра паспяховыя выпрабаванні дрона на 3000 кіламетраў. Тады ён сказаў, што Украіна развівае цэлую лінейку дальнабойных сродкаў, якія «дапамогуць забяспечыць бяспеку нашай дзяржавы».