ISW: Крэмль рыхтуецца да мабілізацыі і патэнцыйных масавых хваляванняў
Крэмль стварае ўмовы для абвяшчэння новай мабілізацыі і патэнцыйнага ўвядзення ваеннага стану ў самой Расіі, бо прадбачыць грамадзянскія беспарадкі — паколькі мабілізацыя застаецца вельмі непапулярнай. Але ці здолеюць завезці мабілізаваных на фронт ва ўмовах паліўнага крызісу, які дасягнуў і арміі РФ? Ідуць 1611-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 261 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 42 штурмаў расіян у раёнах Сафіеўкі, Тарэцкага, Шахава, Ніканораўкі, Грышына, Васільеўкі, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.
На Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках расійцы атакавалі па 25 разоў на кожным.
На Ліманскім кірунку армія РФ 15 разоў атакавала ў раёнах Новаміхайлаўкі, Навасёлаўкі і ў бок Лімана, Дробышава, Ставак і Азёрнага.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 13 атак у бок Уздвіжаўкі, Дабраполля, Стараукраінкі, Горкага, Цвятковага і Чароўнага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 11 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёне Фігалаўкі і ў бок, Прыліпак, Графскага, Куцькоўкі, Малага Бурлука.
* * *
У ноч на 23 ліпеня расійскія войскі амаль бесперапынна атакавалі Адэсу, пашкодзіўшы інфраструктуру, офісныя памяшканні, аўтамабілі і прыватныя дамы. Пацярпелых няма.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга паведаміў, што Расія на працягу апошніх дзён абстраляла як мінімум тры грамадзянскія судны. У выніку загінулі і пацярпелі дзясяткі членаў экіпажа. «Гэта наўмысны эканамічны і гуманітарны тэрор», — сказаў Сібіга і заявіў, што Украіна звярнулася з просьбай аб скліканні экстраннага пасяджэння Савета Бяспекі ААН 27 ліпеня, каб запатрабаваць ад Расіі спыніць атакі на свабоду суднаходства ў Чорным моры.
Узмацненне расійскіх атак на суды прымусіла частку ўладальнікаў суднаў устрымацца ад заходу ў порты Украіны: яны пераглядаюць фрахтавыя пагадненні ці адмяняюць браніраванні. Кампанія Maersk прыпыняе аказанне паслуг у чарнаморскім порце з-за ўзмацнення расійскіх удараў па портавай інфраструктуры.
У Наваспаскім раёне Ульянаўскай вобласці РФ дроны ўразілі аб’ект паліўна-энергетычнага комплексу. У сацсетках паведамлялі аб атацы на базу звадкаванага газу ТАА «НС-Ойл» у Навапаску.
Расійскі Варонеж знаходзіўся пад масіраванай атакай беспілотнікаў. Па даных маніторынгавых каналаў, адной з мэтаў мог стаць лагістычны хаб Wildberries.
* * *
* * *
Пасля масіраваных удараў УСУ па расійскіх НПЗ у арміі РФ таксама пачаўся паліўны крызіс. Расіяне скардзяцца, што запраўляць тэхніку няма чым, піша «Верстка».
Некалькі ваеннаслужачых паведамілі журналістам пра скарачэнне паставак бензіну і дызелю і ўвядзенні абмежаванняў на запраўку баявой тэхнікі. Па словах аднаго з ваенных, калі раней паліва выдавалі ў аб’ёме, неабходным для выканання задач, то цяпер — не больш за 20 літраў на машыну ў суткі.
«Усім выдаюць мала. Бензіну катастрафічна не хапае», — сказаў салдат.
Іншыя ваеннаслужачыя таксама паведамілі аб скарачэнні паставак. Адзін з мабілізаваных ацаніў зніжэнне ў 30%. Абмежаванні закранулі не толькі баявыя машыны, але і тыя, якія выкарыстоўваюцца для дастаўкі боепрыпасаў і харчавання.
Расійскі салдат з Запарожскага кірунку расказаў, што раней на пазіцыю прывозілі каля 20 літраў бензіну, а цяпер — па 10–15. З-за нястачы паліва яму і яго саслужыўцам прыходзіцца пераадольваць пешшу 11 км, каб дастаўляць ваду, ежу і іншыя рэсурсы. Ён заявіў, што не разумее, як ваяваць у такіх умовах: «Чым далей, тым горш».
* * *
Крэмль стварае ўмовы для магчымай мабілізацыі і рыхтуецца да патэнцыйных хваляванняў у Расіі, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
22 ліпеня расійская Дзярждума прыняла законапраект, які дазваляе грамадзянам з непагашанай судзімасцю — у тым ліку за кантрабанду наркотыкаў і ўдзел у арганізаваных злачынных групоўках — заключаць кантракты з Мінабароны РФ падчас фармальных перыядаў мабілізацыі.
Намеснік міністра абароны Расіі, начальнік Галоўнага ваенна-палітычнага ўпраўлення Мінабароны генерал арміі Віктар Гарамыкін заявіў, што закон пашырыць колькасць расіян, прыдатных да ваеннай службы, і палегчыць намаганні па наборы байцоў для вайны супраць Украіны ў 2026 годзе.
21 ліпеня Расгвардыя, мілітарызаваная структура ўнутранай бяспекі Расіі, апублікавала прапанаваныя папраўкі, якія пашыраюць рэгламенты грамадзянскай абароны — нібыта для абароны расійскага грамадства ад нявызначаных «небяспек» падчас мабілізацыі, ваеннага становішча і ва ўмовах вайны.
Па ацэнцы ISW, Крэмль стварае ўмовы для абвяшчэння фармальнай мабілізацыі і патэнцыйнага ўвядзення ваеннага становішча ў самой Расіі, рыхтуючыся да магчымых грамадзянскіх беспарадкаў — паколькі мабілізацыя застаецца вельмі непапулярнай сярод расійскага грамадства.
* * *
Ваенныя ЗША імкнуцца да перамогі Украіны ў вайне супраць Расіі. Для поспеху Кіева неабходна істотна абмежаваць фінансавыя даходы Масквы, заявіў кіраўнік Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генерал Дэн Кейн у ходзе слуханняў у Сенаце ЗША, перадае C-SPAN.
На пытанне, каго менавіта Вашынгтон хоча бачыць пераможцам у расійска-ўкраінскай вайне, Кейн адказаў: «Я хачу, каб перамагла Украіна». На пытанне пра тое, ці можна лічыць Расію сябрам Амерыкі, генерал адказаў, што так не думае.
Амерыканскі генерал падкрэсліў, што ключавым фактарам поспеху Украіны з’яўляецца пазбаўленне Расіі рэсурсаў для вядзення вайны. Па яго словах, Украіне дапаможа перамагчы перакрыцце фінансавых патокаў Расіі, у тым ліку абмежаванне даходаў ад продажу нафты на сусветных рынках.
* * *
Поспехі Украіны на фронце і ўдарах па Расіі ствараюць вакол Пуціна таксічную атмасферу. Яго блізкае асяроддзе гэта прызнае, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце вечарам 22 ліпеня.
«Цяпер, вядома, сітуацыя на фронце і сітуацыя з нашымі дальнабойнымі ўдарамі і мідл-страйкамі стварае новую атмасферу вакол Пуціна — вельмі таксічную атмасферу», — сказаў ён.
«Толькі Пуцін з’яўляецца прычынай страт, якія нясуць расіяне», — адзначыў Зяленскі і паведаміў, што асяроддзе Пуціна гэта разумее, і «сігналізуе нам, сігналізуе нашым партнёрам. Расійскае грамадства ўсё больш пачынае гэта адчуваць».
Прэзідэнт Украіны заклікаў да рашэнняў, якія прынясуць мір. «Украіна даўно да гэтага гатовая. Цяпер робім усё, каб завяршэнне гэтай вайны было дастойным», — рэзюмаваў Зяленскі.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абмеркаваў з пасланнікамі амерыканскага прэзідэнта Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам аднаўленне перамоў з Расіяй для паскарэння заканчэння вайны ў Украіне.
Зяленскі назваў размову «добрай» і адзначыў, што абмяркоўвалася актывізацыя дыпламатыі і набліжэнне міру.
«Мір патрэбны — мір з годнасцю, і Украіна ўжо даўно да гэтага гатовая. Нашы каманды застаюцца ў цесным кантакце, у прыватнасці, каб працягнуць працу над усім, што абмеркавалі», — расказаў Зяленскі.