CBS News: Напружанасць у Чорным моры стварае пагрозу ўцягвання NATO і ЗША ў вайну

Чорнае мора з-за атак паветраных і марскіх беспілотнікаў стала больш небяспечным, чым Армузскі праліў. У той жа час Расія не згаджаецца ўводзіць там «рэжым цішыні». Дональд Трамп заклікаў РФ не распаўсюджваць вайну далей, а ў Еўропе згодныя на гарантыі бяспекі Украіне, але пакуль не канкрэтна. Ідуць 1738-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Працягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 136 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 лістапада.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 14 атак у раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Грузкага, Кучарава Яру і Вольнага.

На Пакроўскім кірунку адбылося 16 атак у бок населеных пунктаў Ганнаўка, Новы Данбас, Дабраполле, Чарнігаўка, Шаўчэнка, Навафёдараўка, Гулівае і Сяргееўка.

На Ліманскім кірунку расійцы праводзілі шэсць атак. На Гуляйпольскім і Славянскім кірунках зафіксавана па пяць атак на кожным.

* * *

У ноч на 27 лістапада расіяне атакавалі Ізюм у Харкаўскай вобласці, пацярпелі 6 чалавек, былі пашкоджаны шматкватэрныя і прыватныя жылыя дамы, адміністрацыйныя будынкі.

Вечарам 26 лістапада рускія войскі атакавалі Запарожжа. Пад удар трапіў аб'ект інфраструктуры, у вытворчым будынку ўспыхнуў пажар.

Уночы 27 лістапада ў горадзе Яфрэмаў у Тульскай вобласці Расіі беспілотнікі нанеслі ўдар па Яфрэмаўскім заводзе сінтэтычнага каўчуку, прадукцыя якога выкарыстоўваецца ў вытворчасці цвёрдага ракетнага паліва для тактычных і балістычных ракет, у прыватнасці «Іскандэраў».

У ноч на 27 лістапада Ленінградскую вобласць і Санкт-Пецярбург атакавалі беспілотнікі. Выбухі чулі не менш чым у васьмі раёнах горада.

* * *

926875759_1515744404079443_7879049201821405262_n.jfif

* * *

Па даных «Еўрапейскай праўды», лідары Еўрапейскага Саюза на пазачарговым саміце ў Бруселі 26–27 лістапада абмяркоўваюць фінансаванне Украіны ў 2027 годзе і ў рамках наступнага доўгатэрміновага бюджэту ЕС.

Дасягнення канчатковай дамоўленасці па гэтых пытаннях не чакаецца — прыняцце рашэння перанясуць на снежань.

Што тычыцца новага крэдыту Украіне на 45 млрд еўра на 2027 год, то застаецца пераканаць тры дзяржавы ЕС — Венгрыю, Славакію і Чэхію — далучыцца да яго.

«Існуюць рознагалоссі ў поглядах на тое, як да гэтага падысці. Але гэта, безумоўна, тое пытанне, па якім усе ведаюць, што яно павінна быць урэгулявана да канца года, паколькі гаворка ідзе пра патрэбы Украіны на 2027 год, якія нам неабходна пакрыць», — паведаміў адзін з суразмоўцаў «ЕўраПраўды».

У ЕС разлічваюць, што размежаванне ваеннага і бюджэтнага складнікаў крэдыту дапаможа прыцягнуць да яго ўсе 27 дзяржаў Еўрасаюза. Пры гэтым гаворка ідзе не пра два асобныя крэдыты, а пра магчымасць для асобных дзяржаў фінансаваць неваенныя выдаткі ў межах аднаго крэдыту.

Па прагнозах суразмоўцаў «ЕўраПраўды», рашэнне пра новы крэдыт для Украіны можа быць прынята на наступным пасяджэнні Еўрапейскага савета, якое адбудзецца ў Бруселі 17–18 снежня. Да гэтага часу будуць працягвацца кансультацыі з краінамі-членамі ЕС.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю BBC сказаў, што сувязь Starlink і Starshield вярнулася ў норму на падкантрольнай Украіне тэрыторыі, але на акупаваных тэрыторыях абмежаванні застаюцца.

«Мы не можам дагнаць рэактыўныя "шахеды" перахопнікамі на часова акупаванай тэрыторыі. Мы можам рабіць гэта на кантраляванай, але часта ўжо бывае позна. Яны наносяць удары па нашай інфраструктуры, энергетычных аб'ектах», — растлумачыў Зяленскі.

На пытанне, ці з'яўляецца гэта рашэннем Белага дома, Зяленскі адказаў, што тэхнічна абмежаванні ўвяла SpaceX. Хто прыняў палітычнае рашэнне, ён не ведае. «Гэта як пінг-понг, мы пытаемся ў аднаго боку, яны кажуць, гэта іншыя, мы пытаемся ў іншых, яны кажуць, што гэта не яны», — расказаў прэзідэнт.

Абмежаванні хуткасці спадарожнікавай сувязі Starshield на часова акупаваных тэрыторыях Украіны дзейнічаюць з першай дэкады лістапада. Ні Пентагон, ні кампанія SpaceX не растлумачылі прычын такіх абмежаванняў.

* * *

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц на прэс-канферэнцыі ў Бруселі заявіў, што ўдзельнікі Кааліцыі ахвотных і ЗША маюць агульную пазіцыю па наданні Украіне гарантый бяспекі, падобных да 5-га артыкула NATO, аднак гаварыць пра іх канкрэтныя механізмы яшчэ рана.

«У мінулы чацвер, калі я запрасіў Кааліцыю ахвотных у Берлін, мы менавіта так гэта і сфармулявалі – гарантыі бяспекі, падобныя да прадугледжаных артыкулам 5. І па гэтым пытанні мы ў Кааліцыі ахвотных маем згоду таксама з амерыканцамі. Гаварыць сёння пра тое, які канкрэтна выгляд гэта будзе мець, яшчэ занадта рана», — сказаў Мерц.

У той жа час, Мерц не даў прамога адказу на пытанне, ці неабходная прысутнасць амерыканскіх войскаў ва Украіне для забеспячэння дзейснасці такіх гарантый.

Ён таксама вітаў заклік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа да кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна спыніць баявыя дзеянні.

Нагадаем, Трамп і генеральны сакратар NATO Марк Рутэ сустрэліся ў маёнтку Мар-а-Лага ў Фларыдзе. Па выніках яны апублікавалі сумесную заяву, якую размясцілі і Белы дом, і NATO, у якой гаварылася, што бакі «абмеркавалі важнасць таго, каб Расія пазбягала любых дзеянняў, якія наўмысна або ненаўмысна пашыраюць вайну, і важнасць хутчэйшага мірнага ўрэгулявання».

Праз некалькі гадзін Трамп перапісаў гэтую фразу ў Truth Social. У яго версіі ўстрымлівацца ад такіх дзеянняў павінны «Расія і Украіна».

Чыноўнік NATO паведаміў выданню Politico, што афіцыйна ўзгоднена менавіта першая версія. То бок Трамп змяніў тэкст самастойна.

* * *

Колькасць інцыдэнтаў у Чорным моры ў 2026 годзе вырасла амаль у дзесяць разоў. Напружанасць у акваторыі падышла ўшчыльную да граніц Альянсу, ствараючы прамую пагрозу ўцягвання NATO і ЗША ў вайну, паведамляе CBS News.

Па словах ваеннага прадстаўніка NATO палкоўніка Марціна О'Донэла, калі ў 2025 годзе ў акваторыі фіксавалі менш за 50 інцыдэнтаў, то ў гэтым годзе іх колькасць дасягнула 400-500.

Чорнае мора стала больш небяспечным для маракоў, чым Армузскі праліў на фоне супрацьстаяння ЗША і Ірана — з пачатку года ў Чорным моры загінулі па меншай меры 40 членаў экіпажаў, супраць 25 у Армузскім праліве.

О'Донэл падкрэсліў, што для сусветнага гандлю — перш за ўсё, паставак збожжа і паліва — гэты рэгіён мае крытычнае значэнне, а любыя збоі ў патоках харчавання і энерганосьбітаў будуць мець глабальныя наступствы, якія ўдараць і па Злучаных Штатах.

На фоне росту пагроз на ўсходнім флангу NATO — у прыватнасці, нядаўняга падзення расійскіх крылатых ракет на паўднёвым усходзе Польшчы і рэгулярных парушэнняў паветранай прасторы Альянсу беспілотнікамі — у Бруселі запэўніваюць у гатоўнасці абараняць саюзнікаў у адпаведнасці з артыкулам 5 статута NATO.

«Я б сказаў, што не павінна быць ніякіх сумненняў у гатоўнасці і здольнасці NATO дзейнічаць», — падкрэсліў спікер Альянсу Марцін О'Донэл.

Пытанне бяспекі суднаходства і ўстанаўленне спынення агню ў чарнаморскай акваторыі застаецца адным з самых складаных у перамоўным працэсе. У Кіеве заяўлялі, што Украіна чакае ціску з боку шэрагу дзяржаў, якія непасрэдна залежаць ад марскіх паставак, каб тыя падахвочвалі Расію да ўстанаўлення «рэжыму цішыні» ў Чорным моры.

Міністр замежных спраў Турцыі Хакан Фідан заявіў, што Расія адмаўляецца заключаць асобнае перамір'е ў Чорным моры без падпісання поўнага і доўгатэрміновага мірнага пагаднення з Украінай, а сам працэс перамоваў фактычна заблакаваны з-за тэрытарыяльнага пытання Данбаса.