У Беларусі праводзяць ператрусы ў атрымальнікаў стыпендый EU4Belarus — SALT. Хронікі рэпрэсій

 У Беларусі працягваецца ціск на людзей, звязаных з незалежнымі ініцыятывамі і грамадзянскай супольнасцю. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», КДБ праводзіць ператрусы ў атрымальнікаў стыпендый EU4Belarus — SALT і нават у людзей, якія маглі толькі атрымліваць рассылку праграмы. Тым часам беларуса завочна асудзілі на 12 гадоў калоніі, анархіста Дзмітрыя Разановіча на месяц змясцілі ў ШІЗА, а ўлады абвясцілі ўмовы новай амністыі, якая не закране асуджаных за «экстрэмісцкія» злачынствы.

1_1097_1.png

У Беларусі праводзяць ператрусы ў атрымальнікаў стыпендый EU4Belarus — SALT і іх сваякоў

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у Беларусі праводзяць ператрусы ў людзей, якія атрымлівалі стыпендыі праграмы EU4Belarus — SALT, а таксама ў іх сваякоў. Ператрусы праводзяць узброеныя аператыўныя групы КДБ.

Пад увагу сілавікоў трапілі не толькі былыя стыпендыяты, але і людзі, якія маглі проста атрымліваць інфармацыйную рассылку праграмы.

Як паведамляе выданне, у траўні 2026 года адміністратар EU4Belarus — SALT разаслаў бюлетэнь, у якім электронныя адрасы ўсіх атрымальнікаў апынуліся ў адкрытай копіі. У спісе было 358 адрасоў. Цяпер ёсць меркаванне, што беларускія спецслужбы маглі выкарыстаць гэтыя звесткі для пошуку людзей.

Паводле «Нашай Нівы», некаторыя людзі, у дачыненні да якіх выдалі ордары на ператрус, праходзяць у крымінальнай справе паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім — як сведкі, іншыя як падазраваныя. Ператрусы адбываюцца не толькі ў жылых памяшканнях, але і ў гаспадарчых пабудовах.

Беларуса завочна асудзілі на 12 гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах

Мінскі гарадскі суд 20 лістапада вынес завочны прысуд 47-гадоваму Яўгену Разумко, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года.

Мужчыну прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам, — а таксама паводле ч. 1 арт. 14 і арт. 362 — у замаху на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Завочна Разумко прызначылі 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Анархіста Дзмітрыя Разановіча на месяц змясцілі ў ШІЗА

Дзмітрый Разановіч, які адбывае пакаранне ў турме № 1 у Гродне, правёў месяц у штрафным ізалятары. Пра гэта паведаміў канал «Права на паўстанне». Прычыны пакарання і дакладныя даты знаходжання ў ШІЗА невядомыя.

Разановіча затрымалі ў 2020 годзе па справе так званых «анархапартызан» — групы з чатырох анархістаў, якія праводзілі акцыі прамога дзеяння супраць уладаў Беларусі. У 2021 годзе яго асудзілі на 19 гадоў калоніі. Пазней тэрмін павялічылі яшчэ на дзевяць месяцаў паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса.

Падчас зняволення Разановіч неаднаразова сутыкаўся з дадатковымі пакараннямі. Яго перавялі на турэмны рэжым і рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА.

Амністыя да Года беларускай жанчыны не закране асуджаных за «экстрэмісцкія» злачынствы

26 лістапада Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў законапраект «Аб амністыі ў сувязі з Годам беларускай жанчыны».

Паводле паведамлення яго прэс-службы, у першую чаргу амністыя можа закрануць жанчын, якія ўчынілі злачынствы да 18 гадоў, шматдзетных маці, цяжарных, пенсіянерак, жанчын з інваліднасцю, а таксама асуджаных за злачынствы па неасцярожнасці. Амністыя таксама будзе распаўсюджвацца на мужчын, якія ўчынілі злачынствы ў непаўналетнім узросце.

Намесніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс патлумачыла (падрабязнасці), што амністыя не будзе ўсеагульнай. Яна не закране, у прыватнасці, асуджаных за наўмысныя забойствы пры абцяжарвальных абставінах, злачынствы супраць непаўналетніх, нявыплату аліментаў і «экстрэмісцкія злачынствы».

Такім чынам, палітвязні, асуджаныя паводле артыкулаў, якія ўлады адносяць да «экстрэмісцкіх», не змогуць разлічваць на амністыю. 

Работніка лясніцтва з-пад Мінска асудзілі за «распальванне варожасці»

47-гадовага Аляксея Яшчанку з вёскі Кайкава Мінскага раёна асудзілі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса — за распальванне іншай сацыяльнай варожасці. Дакладны тэрмін пакарання і абставіны справы пакуль невядомыя.

Мужчына працаваў у мясцовым лясніцтве, захапляўся пошукам старых манет і выказваўся ў сацыяльных сетках супраць расійскай агрэсіі ва Украіне. На апошнія публікацыі на яго старонцы звярнула ўвагу «Наша Ніва»: іх Яшчанка размясціў 21 лютага 2026 года.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» не менш за 133 кнігі і выданні

Паводле тэматычнага пераліку Беларускага ПЭНа, на 25 лістапада 2026 года ў Беларусі не менш за 133 кнігі і выданні ўнесеныя ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». 40 пазіцый дадалі толькі за 2026 год.

Агулам пасля 2020 года ў Беларусі забаранілі больш за 397 кніг і друкаваных выданняў з палітычных і ідэалагічных прычын. Гэтая лічба ўключае не толькі кнігі са спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў», але і выданні з асобнага пераліку матэрыялаў, якія, паводле версіі беларускіх уладаў, могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

Міліцыя прыходзіць да аўтараў TikTok, якія расказваюць пра мясцовыя праблемы

Шаркаўшчынская раённая газета «Кліч Радзімы» пацвердзіла, што міліцыянты наведваюць аўтараў відэа ў TikTok, якія публічна расказваюць пра бытавыя, камунальныя і сацыяльныя праблемы. На гэтую публікацыю звярнула ўвагу «Віцебская Вясна».

Раёнка называе такія візіты «новай практыкай» і тлумачыць іх імкненнем уладаў наладзіць дыялог з грамадзянамі. Паводле выдання, міліцыянты правяраюць інфармацыю, высвятляюць, ці патрэбная чалавеку дапамога, і тлумачаць, куды трэба звяртацца з афіцыйнымі скаргамі.

Аднак праваабаронцы паведамляюць, што пасля такіх візітаў у некаторых аўтараў відэа забіралі тэхніку (прыклад), а самі ролікі знікалі з TikTok. У прыватнасці, пасля выдалення відэазваротаў жанчыны з Дуброўна, якая прасіла сына вярнуцца з расійскай арміі і не ісці ваяваць супраць Украіны, на яе канале больш не з'яўлялася новых публікацый.

«Кліч Радзімы» таксама папярэджвае пра магчымыя наступствы за «злоўжыванне свабодай слова». Паводле раённай газеты, карныя меры могуць пагражаць тым, чые публікацыі ўлады палічаць эмацыйнымі перабольшаннямі, чуткамі або неправеранымі звесткамі, якія шкодзяць рэпутацыі службовых асоб, арганізацый ці грамадзян.

Рэсурсы Дзмітрыя Казлова зноў дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі YouTube-канал «Серый кот New» і старонку «Dzmitry» у сацыяльнай сетцы X. Абодва рэсурсы належаць былому палітвязню і блогеру Дзмітрыю Казлову.

Рашэнне 20 лістапада прыняў суд Полацка і Полацкага раёна, а 25 лістапада рэсурсы з'явіліся ў спісе Міністэрства інфармацыі. Раней, 16 лістапада, той жа суд прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку Казлова ў Facebook.