«Я яму што, чамадан, ці што?» Зяленскі не паляціць з Лукашэнкам у Маскву

Лукашэнка паспрабаваў выставіць сябе «гарантам бяспекі» Уладзіміра Зяленскага. Прэзідэнт Украіны ў адказ абвінаваціў Лукашэнку ў засмечванні інфармацыйнай прасторы недарэчнымі ініцыятывамі. У той жа час ЗША заявілі, што «не ўстанаўлівалі тэрмінаў» заканчэння вайны ва Украіне. Ідуць 1736-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з rbc.ru

Фота з rbc.ru

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 203 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 лістапада.

На Ліманскім кірунку адбіта 12 атак расіян у раёнах Платонаўкі, Грэкаўкі, Новаягораўкі, Лімана, Зарэчнага і Дзібровы.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 16 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Навапаўлаўкі, Доўгай Балкі, а таксама ў кірунку Мікалаеўкі.

На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 28 атак у раёнах Сяргееўкі, Маладзецкага і Навапаўлаўкі, а таксама ў кірунках Кучарава Яру, Грузкага, Стэпаў, Чарнігаўкі, Краснападолля, Навагрышынага, Мірнага і Каменкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбіта 11 атак у раёнах Новага Запарожжа, Злагоды, Ваздзвіжаўкі, Роўнага, Капаняў, Верхняй Тэрсы, Навасёлаўкі і Гуляйпольскага.

* * *

У выніку расійскіх удараў па Адэскай вобласці загінулі два чалавекі: 41-гадовы мужчына і 17-гадовы юнак. Яшчэ трое чалавек атрымалі раненні.

Вечарам 24 лістапада ў Кіеве абломкі расійскага беспілотніка трапілі ў 16-павярховы дом: узнік пажар.

Расійскія войскі нанеслі ўдар беспілотнікам па маршрутцы ў Чугуеўскім раёне Харкаўскай вобласці, адзін чалавек загінуў, ёсць пацярпелыя.

Расійскія ваенныя ў ноч на 25 лістапада нанеслі ўдар па Белай Царкве, у выніку чаго загінуў чалавек. Пашкоджаны мясцовы будаўнічы супермаркет «Эпіцэнтр» і аддзяленне «Новай пошты».

Беспілотнікі атакавалі адразу два НПЗ у Самарскай вобласці РФ — Новакуйбышаўскі і Сызранскі нафтаперапрацоўчыя заводы.

* * *

926123526_1459605142222197_3956258059919954551_n.jfif

* * *

Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю французскаму часопісу Le Point прапанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму стаць яго «гарантам бяспекі» і разам паляцець у Маскву.

«Мы з Валодзем Зяленскім маглі б сесці і прыляцець у Маскву. Удвух. Я, як гарант яго бяспекі, мог бы з ім сесці і прыляцець у Маскву» — заявіў Лукашэнка.

На заўвагу журналіста пра тое, што Зяленскі не пагодзіцца на такі фармат перамоваў, Лукашэнка адказаў: «Не пагодзіцца — няхай ваюе. Няхай сам адпраўляецца на фронт з аўтаматам і ваюе. Вайна працягваецца, яе трэба спыніць. І мы маглі б дамовіцца».

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на прапанову самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра сумесны пералёт у Маскву: «Ён прапануе мяне ўзяць. Я яму што, чамадан, ці што?»

Ён таксама запрасіў Лукашэнку і Пуціна ў Кіеў: «Ён можа ўзяць Пуціна і прыляцець з Пуціным разам тады ў Кіеў, тады мы дакладна таксама гарантуем ім бяспечны прыём, калі ласка, гэта ж перамовы».

Кіраўнік Украіны дадаў, што лічыць гэтыя прапановы несур'ёзнымі размовамі.

«Мы знаходзімся ў стане вайны, мы не можам сустракацца ў Маскве, не можам сустракацца ў Кіеве. Мы ўсе гэта выдатна разумеем. Калі хтосьці так кажа, гэта проста несур'ёзная размова. То-бок чалавек не набліжае нас да заканчэння вайны», — заявіў Зяленскі і дадаў, што Лукашэнка засмечвае інфармацыйную прастору недарэчнымі і неканструктыўнымі прапановамі, якія дакладна не прывядуць да заканчэння вайны.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп з усмешкай адрэагаваў на заяву Уладзіміра Зяленскага пра тое, што амерыканскія пасланцы імкнуцца дасягнуць мірнага пагаднення паміж Украінай і РФ да студзеня. Пра гэта паведамляе New York Post.

Журналісты спыталі Трампа пра словы Зяленскага. У адказ амерыканскі прэзідэнт перапытаў: «Хто гэта сказаў? Што ён хоча, каб я зрабіў?»

Гаворка ідзе пра інтэрв'ю Зяленскага Bloomberg, у якім ён заявіў, што спецпасланнікі Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер спадзяюцца дасягнуць дамоўленасцей да студзеня.

Трамп падкрэсліў, што не ўстанаўліваў тэрмінаў заканчэння вайны, хоць і хацеў бы ўрэгуляваць яе як мага хутчэй.

«У мяне няма жорсткіх тэрмінаў. Проста хацелася б, каб гэта скончылася. Разумееце, гэта нас не тычыцца. Я б з задавальненнем закончыў гэта сёння, але для танга патрэбныя двое. Так што паглядзім, што будзе.

Часам здаецца, што Пуцін гатовы, а Зяленскі — не. Часам Зяленскі вельмі хацеў бы гэта закончыць, а Пуцін не гатовы. Залежыць ад дня», — сказаў Трамп.

* * *

Украіна да гэтага часу чакае перадачы 48 ракет для Patriot ад ЗША. Працэс можа паскорыць адзін подпіс, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Венгрыі Петэрам Мадзьярам.

«Гэты ліст знаходзіцца ў ЗША, і там, хлусіць не буду пра 60, ну хацелася б, але дакладна ёсць адзін дагавор на 48 ракет. На жаль, Хегсет пакуль гэта не падпісаў, таму гэта залежыць выключна ад яго», — сказаў Зяленскі.

Ліцэнзіі на вытворчасць ракет для Patriot Украіна пакуль не мае.

«Мы на словах атрымалі ад Белага дома пацвярджэнне, атрымалі ад прэзідэнта Трампа, і затым пацвярджэнне атрымалі ад яго каманды, якая адказная за гэта, і станоўчую рэакцыю атрымалі ад кампаній, якія вырабляюць PAC-2 і PAC-3, але не атрымалі ў рэальнасці гэтыя ліцэнзіі», — сказаў ён.