СМІ: Расія рыхтуецца запусціць у космас спадарожнік з ядзернай боегалоўкай
ЗША зноў заклікалі Расію і Украіну як мінімум да перамір’я ў Чорным моры, а як максімум — да спынення вайны. Але РФ, падобна, рыхтуе не мір, а эскалацыю супрацьстаяння з усім светам. Таму ЕС вырашыў «вызваліць» ад SWIFT 60 расійскіх банкаў. Ідуць 1735-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Малюнак з ixbt.com
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 161 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 лістапада.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Доўгая Балка, Вольнае і ў бок Асікава, Аляксеева-Дружкоўкі, Мікалаеўкі, Кучарава Яру.
На Пакроўскім кірунку адбылося 15 атак непадалёк населеных пунктаў Чарнігаўка, Дабраполле, Навагрышына, Васільеўка, Мірнае, Маладзецкае і ў кірунку Сяргееўкі.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне 13 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Ягораўка, Новае Запарожжа, Раздзянка і ў раёнах Дабраполля, Ваздзвіжаўкі, Гуляйпольскага, Чароўнага.
На Ліманскім і Славянскім кірунках расійцы праводзілі па чатыры атакі на кожным.
* * *
На працягу мінулых выходных некаторыя СМІ і Telegram-каналы распаўсюджвалі інфармацыю пра нібыта «новае наступленне УСУ ў Курскай вобласці». Усе паблікі спасылаліся на публікацыю амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Але сам ISW у сваім паведамленні ўказвае, што гэтыя даныя не сведчаць пра аднаўленне ўкраінскай аперацыі ў Курскай вобласці.
У 8-м корпусе Дэсантна-штурмавых войскаў УС Украіны афіцыйна заявілі, што на самой справе баі ўздоўж граніцы ў Сумскай вобласці працягваюцца штодня.
«Найбольш верагодна, хтосьці няправільна патлумачыў інфармацыю пра паляпшэнне тактычнага становішча на адным з участкаў фронту. Такое паляпшэнне ніякім чынам не азначае ні "аперацыі", ні "наступлення" ў паласе адказнасці 8-га корпуса ДШВ на Паўночна-Слабажанскім кірунку», — гаворыцца ў паведамленні.
У камандаванні растлумачылі, чаму такія «перамогі» шкодзяць фронту: пацвярджэнне або абвяржэнне асобных дэталяў можа дапамагчы расіянам і падвергнуць украінскіх абаронцаў небяспецы. Пра рэальныя аперацыі Сіл абароны паведамляюць толькі тады, калі гэта дазваляе сітуацыя з бяспекай.
* * *
Выступаючы 23 лістапада ў брытанскім пасольстве ў Кіеве міністр абароны Вялікабрытаніі Уэс Стрытынг перапыніўся з-за выбуху ад збіцця расійскага БПЛА, піша The Telegraph.
Міністр абароны, які прамаўляў прамову ў пасольстве Вялікабрытаніі, сказаў: «Несумненна, супрацьпаветраная абарона застаецца галоўнай праблемай і крыніцай значнага ціску...», – пасля чаго раздаўся гучны выбух. Пасля паўзы Стрытынг працягнуў: «Якраз своечасова...».
Дрон РФ трапіў у двор жылога дома і рэстаранны комплекс па вуліцы Архітэктара Гарадзецкага. Гэтае месца размешчана прыкладна ў 10 хвілінах хады ад пасольства.
24 лістапада расійскія войскі атакавалі Запарожжа. Быў разбураны прыватны жылы дом і часткова — пяціпавярховік. Двое чалавек загінулі, яшчэ 30 атрымалі раненні, сярод іх немаўля, 6-гадовы хлопчык і 16-гадовая дзяўчынка.
Расійскія войскі атакавалі беспілотнікамі тры раёны Днепрапятроўскай вобласці, у выніку ў Паўлаградзе двое мужчын атрымалі раненні.
У Вінніцы 24 лістапада ў выніку збіцця расійскага беспілотніка ўспыхнуў пажар. Ніхто не пацярпеў.
Падчас атакі на заходнія вобласці Украіны ў ноч на 24 лістапада расійскі беспілотнік парушыў паветраную прастору Польшчы. Ваенныя адсачылі яго, але не збівалі, паколькі гэта магло стварыць пагрозу для грамадзянскага насельніцтва.
У Прыднястроўскім рэгіёне Малдовы вечарам 23 лістапада, верагодна, упаў і ўзарваўся беспілотнік, паведамляе NewsMaker. Па словах відавочцаў, інцыдэнт адбыўся паміж горадам Днястроўск і сялом Незавяртайлаўка, пасля чаго побач з мясцовай аўтазаправачнай станцыяй успыхнуў пажар.
* * *
* * *
Злучаныя Штаты заклікалі Украіну і Расію спыніць узаемныя атакі на энергетычную інфраструктуру і ланцужкі паставак харчавання, а таксама забяспечыць бяспеку камерцыйнага суднаходства ў Чорным моры, заявіў намеснік пастаяннага прадстаўніка ЗША пры ААН Дэн Негрэа падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН.
«Мы зноў заклікаем Расію і Украіну спыніць атакі на ўсю энергетычную інфраструктуру і ланцужкі паставак харчавання. Камерцыйнае суднаходства павінна ажыццяўляцца бяспечна і без перашкод», — сказаў дыпламат.
Негрэа падкрэсліў, што найлепшы спосаб абараніць харчовыя пастаўкі праз Чорнае мора — закончыць вайну.
Раней лідары Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі і Украіны заклікалі Расію пагадзіцца на энергетычнае перамір'е на ўвесь зімовы перыяд. Сумесная заява была прынята 19 лістапада па выніках сустрэчы Кааліцыі ахвотных у Берліне.
* * *
Прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен прадставіла 22 пакет санкцый супраць Расіі, паведаміла прэс-служба ЕК у панядзелак, 23 лістапада.
«Яго мэта — працягваць ціск на Расію, каб прымусіць яе спыніць захопніцкую вайну ва Украіне. Мы і далей будзем прапаноўваць новыя санкцыі, пакуль Расія не прадэманструе шчырае імкненне да ўстанаўлення працяглага міру ва Украіне», – заявіла фон дэр Ляен.
ЕС распаўсюдзіць забарону на транзакцыі на каля 60 расійскіх банкаў. Усе яны будуць выключаны з сістэмы SWIFT.
«Мы таксама прымаем жорсткія меры ў дачыненні да крыптавалютных і плацежных сетак. Мы засяродзімся на Расіі, але таксама ахопім трэція краіны, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць нашы санкцыі», – сказала кіраўнік Еўракамісіі.
У новым санкцыйным пакеце будзе пашырана забарона на энергетычныя паслугі — цяпер ніводная еўрапейская кампанія не зможа дапамагаць Расіі будаваць, эксплуатаваць або рамантаваць яе энергетычную інфраструктуру, у тым ліку нафтаперапрацоўчыя заводы.
Таксама закрываецца доступ расіянам да ўдзелу ў еўрапейскіх спартыўных і культурных мерапрыемствах.
* * *
Расія меркавана рыхтуецца ў найбліжэйшыя тыдні запусціць спадарожнік з ядзернай боегалоўкай. NATO паабяцала абараняць саюзнікаў і ў космасе, піша AFP.
Генеральнага сакратара NATO Марка Рутэ спыталі пра гэта падчас візіту ў Берлін. «Мы заўсёды будзем клапаціцца пра тое, каб абараніць кожую цалю тэрыторыі NATO, і гэта ўключае ў сябе нашу бяспеку, калі гаворка ідзе пра касмічны элемент», — паабяцаў Рутэ.
Выступаючы побач з ім канцлер Германіі Фрыдрых Мерц не пацвердзіў і не абверг інфармацыю медыя пра расійскую ядзерную зброю ў космасе, аднак ён выказаў занепакоенасць.
«Паведамленні пра тое, што Расія плануе размясціць ядзерную зброю ў космасе, не новыя, але ад гэтага яны не менш шакавальныя. Яны паказваюць, да якога ўзроўню эскалацыі Расія, відавочна, гатовая звярнуцца», — заявіў Мерц.
Спікер урада Германіі таксама не пацвердзіў даныя, але адзначыў, што ўлады да іх ставяцца «вельмі сур'ёзна». У той жа час ён заклікаў не ствараць «празмерную нервовасць з-за гіпатэтычных пагроз».
Паводле ацэнак навукоўцаў, адзін ядзерны выбух у космасе здольны вывесці з ладу да 10 тысяч спадарожнікаў і пакінуць людзей без GPS і спадарожнікавага інтэрнэту.