Футбаліст, які не пакланіўся дыктатуры. Гісторыя Хабіба Хабіры, расстралянага ў Іране

 Ён быў капітанам зборнай Ірана, героем нацыянальнага футбола і мог зрабіць вялікую кар'еру. Але пасля Ісламскай рэвалюцыі Хабіб Хабіры адкрыта выступіў супраць новага рэжыму. За свае перакананні ён прайшоў праз турму, катаванні і быў расстраляны ва ўзросце 29 гадоў.

photo_2026_07_14_19_15_15.jpg

Гэтая гісторыя — пра ўзлёт, падзенне і неўміручую спадчыну спартсмена, які заплаціў найвышэйшую цану за свае перакананні.

Яго звалі Хабіб Хабіры. Ён нарадзіўся ў Тэгеране ў 1954 годзе, хоць частка крыніц называе 1957-ы. Нягледзячы на невялікі рост — усяго 158 сантыметраў — ён вылучаўся выдатнай тэхнікай, хуткасцю і незвычайным разуменнем гульні, што зрабіла яго адным з самых таленавітых футбалістаў свайго пакалення.

Таму не здзіўляе, што ўжо ў 20 гадоў, у 1974-м, Хабіры пачаў прафесійную кар'еру ў сталічным клубе «Хома». Хутка яго гульня прыцягнула ўвагу трэнераў моладзевай зборнай Ірана. У 1975 годзе ў складзе юнацкай каманды ён выйграў чэмпіянат Азіі — гэта быў яго першы буйны поспех на міжнароднай арэне.

Праз два гады, у 1977-м, Хабіры дэбютаваў у асноўнай нацыянальнай зборнай Ірана. Ён хутка замацаваўся ў аснове і стаў адным з творцаў гістарычнага дасягнення іранскага футбола — каманда ўпершыню атрымала пуцёўку на чэмпіянат свету 1978 года. Яго кар'ера набірала абароты, і ў 1980 годзе ён стаў капітанам зборнай.

Асаблівую сімпатыю заўзятараў выклікала прынцыповасць Хабіба. Будучы выхаванцам сталічнага клуба «Хома», ён наадрэз адмаўляўся пераходзіць у багацейшыя каманды, захоўваючы вернасць роднаму клубу.

Здавалася, будучыня Хабіры ў футболе бясхмарная. Але лёс распарадзіўся інакш.

Ісламская рэвалюцыя 1979 года карэнным чынам змяніла жыццё краіны і кожнага іранца. Хабіб Хабіры, як і многія яго суайчыннікі, спачатку вітаў перамены. Аднак неўзабаве яго погляды разышліся з палітыкай новага ісламскага рэжыму.

Хабіры далучыўся да Арганізацыі муджахідаў іранскага народа — апазіцыйнай арганізацыі, якая спачатку падтрымлівала рэвалюцыю, але пасля была абвешчаная па-за законам.

Па меры абвастрэння канфрантацыі паміж муджахідамі і рэжымам аяталы Хамейні Хабіб Хабіры неаднаразова публічна пратэставаў супраць уладаў. Ён уступаў у канфлікты з іншымі, больш лаяльнымі да рэжыму футбалістамі, якія пісалі на яго даносы як на здрадніка «лініі імама» і «ісламскай рэвалюцыі».

Найбольш вядомы і фатальны выпадак адбыўся ў сакавіку 1982 года падчас паўфінальнага матчу Кубка Ірана паміж камандамі «Хома» і «Персепаліс». Паводле сведчанняў былых партнёраў па камандзе, яшчэ перад выхадам на поле Хабіры перавярнуў дагары нагамі фатаграфію аяталы Хамейні, якую ў абавязковым парадку раздалі ўсім гульцам. Гэта прывяло да бойкі з некалькімі футбалістамі «Персепаліса», якія падтрымлівалі новыя ўлады.

На самім стадыёне Хабіры таксама адмовіўся фатаграфавацца з партрэтам Хамейні. Пасля гэтага ні пра якую далейшую кар'еру не магло быць і гаворкі: Хабіры выгналі з каманды, а неўзабаве абвясцілі ў вышук як контррэвалюцыянера.

Вядомаму футбалісту давялося сысці ў падполле: спачатку ён хаваўся па кватэрах футбольных заўзятараў, потым — на канспіратыўных кватэрах муджахідаў. Але восенню 1983 года яго арыштавалі. Улады абвінавацілі Хабіры ў прыналежнасці да апазіцыі і «варожасці да Бога». Паводле сведчанняў былых зняволеных, у турме ён падвяргаўся жорсткім катаванням.

У чэрвені 1984 года Хабіба Хабіры прыгаварылі да смяротнага пакарання. Праз некалькі дзён яго расстралялі.

Пахаванне прайшло таемна: нават родным не дазволілі на ім прысутнічаць. У адрозненне ад звычайнай практыкі, калі прысуды «рэвалюцыйнага ісламскага правасуддзя» шырока асвятляліся ў дзяржаўных СМІ, інфармацыю пра расстрэл вядомага футбаліста забаранілі распаўсюджваць.

Гісторыя Хабіба Хабіры — гэта больш, чым проста біяграфія спартсмена. За час існавання Ісламскай Рэспублікі Іран да смяротнага пакарання былі прыгавораныя і іншыя спартсмены, абвінавачаныя ў палітычных злачынствах. Але менавіта імя Хабіба Хабіры для многіх іранцаў стала сімвалам грамадзянскай мужнасці. Ён стаў чалавекам, які не абмяняў свае перакананні на бяспеку, славу ці грошы. Як адзначыў адзін з сучасных іранскіх журналістаў, сваёй пазіцыяй Хабіры расплюшчыў іранцам вочы на сапраўдную сутнасць новай сістэмы.