Футбол пад наглядам вуду: гісторыя гаіцянскай зборнай на службе дыктатуры

 У 1974 годзе зборная Гаіці ўпершыню выйшла на чэмпіянат свету па футболе. За гэтым поспехам стаялі не толькі спартыўныя дасягненні, але і жорсткі кантроль дыктатуры Дзювалье, палітычныя рэпрэсіі і нават культ вуду. Гісторыя гаіцянскага футбола таго часу аказалася значна больш змрочнай, чым вынікі на полі.

Эрнст Жан-Жазэф (злева на газоне) у матчы чэмпіянату свету паміж зборнымі Італіі і Гаіці. Мюнхен, 15 чэрвеня 1974 года. Фота: Bundesarchiv, Bild 183-N0615-0032 / CC BY-SA 3.0 DE / Wikimedia Commons.

Эрнст Жан-Жазэф (злева на газоне) у матчы чэмпіянату свету паміж зборнымі Італіі і Гаіці. Мюнхен, 15 чэрвеня 1974 года. Фота: Bundesarchiv, Bild 183-N0615-0032 / CC BY-SA 3.0 DE / Wikimedia Commons.

Сярод удзельнікаў сёлетняга Кубка свету — зборная Гаіці. Апошні раз гаіцянцы ўдзельнічалі ў падобным турніры ў 1974 годзе, калі іх нацыянальную каманду асабіста курыраваў дыктатар Жан-Клод «Бэбі Док» Дзювалье.

Жан-Клод «Бэбі Док» Дзювалье і яго бацька Франсуа «Тата Док» Дзювалье (кіраваў краінай у 1957–1971 гадах) у прынцыпе не адкрылі Амерыку, калі пачалі актыўна выкарыстоўваць футбол у палітычных мэтах. Футбол дапамагаў умацоўваць лаяльнасць насельніцтва і адцягваць увагу гаіцян ад негатыўных бакоў жыцця: палітычных рэпрэсій, беднасці і парушэнняў правоў чалавека.

Жан-Клод Дзювалье. Фота: Marcello Casal Jr / Agência Brasil / Wikimedia Commons (CC BY 3.0 BR).

Жан-Клод Дзювалье. Фота: Marcello Casal Jr / Agência Brasil / Wikimedia Commons (CC BY 3.0 BR).

Неўзабаве пасля прыходу да ўлады Франсуа Дзювалье ўстанавіў фактычны кантроль над гаіцянскім футболам: узяў пад кантроль клубы і нацыянальную федэрацыю (FHF), інвеставаў у футбольную інфраструктуру, палепшыў харчаванне і трэніровачны працэс, а таксама забараніў пераходы вядучых гульцоў за мяжу, каб стварыць згуртаваную нацыянальную каманду.

Пры гэтым рэжым спалучаў інвестыцыі ў спорт не толькі з кантролем над спартыўнымі ўстановамі, але і з выкарыстаннем містыцызму рэлігіі вуду. Дыктатар пазіцыянаваў сябе як жрэц вуду, звязаны з духамі, якія нібыта маглі ўплываць і на вынікі футбольных матчаў.

Глядзіце таксама

Адначасова адбываўся пераслед гульцоў, якіх падазравалі ў сімпатыях да апазіцыі. Нападаючы Джо Гаетжэнс — ураджэнец Гаіці, вядомы дзякуючы пераможнаму голу ў матчы чэмпіянату свету 1950 года паміж ЗША і Англіяй, — у 1964 годзе быў выкрадзены Тонтан-макутамі, палітычнай паліцыяй рэжыму. Прычынай сталі сувязі членаў яго сям'і з апазіцыяй. Пасля гэтага футбаліст знік без вестак, а яго цела так і не было знойдзена. Гэта стала своеасаблівым пасланнем усяму спартыўнаму асяроддзю.

Яшчэ далей пайшоў сын «Таты Дока». Пасля прыходу да ўлады Бэбі Док асабіста фінансаваў і кантраляваў зборную, ставячыся да яе як да ўласнай цацкі. Ён наведваў трэніроўкі, тэлефанаваў гульцам, а падчас матчаў нацыянальнай каманды арганізоўваў на трыбунах масоўку з бюджэтнікаў — да 30 тысяч чалавек.

Гэтым справа не абмежавалася. Падчас адборачнага турніру да Кубка свету 1974 года ўзніклі падазрэнні ў падкупе арбітраў у матчах з удзелам гаіцян. Найбольш вядомым стаў матч супраць Трынідада і Табага, які гаспадары выйгралі з лікам 2:1. Падчас гульні суддзі адмянілі некалькі галоў у вароты зборнай Гаіці.

Так ці інакш, Гаіці ўпершыню ў сваёй гісторыі прабілася на чэмпіянат свету, які праходзіў у Заходняй Германіі. Для рэжыму гэта была добрая магчымасць палепшыць міжнародны імідж краіны, хоць гаіцяне трапілі ў вельмі складаную групу з Італіяй, Польшчай і Аргенцінай.

У першым матчы зборная Гаіці саступіла Італіі з лікам 1:3, але заслужыла добрыя водгукі ў прэсе. Нападаючы Эмануэль «Мано» Санон перарваў серыю «сухіх» матчаў легендарнага італьянскага галкіпера Дзіна Дзофа.

Пасля гульні супраць Італіі двое гаіцянскіх футбалістаў, у тым ліку Эрнст Жан-Жазэф, былі адабраны для допінг-кантролю. У яго арганізме выявілі забаронены стымулятар. ФІФА неадкладна дыскваліфікавала гульца, і ён стаў першым футбалістам у гісторыі чэмпіянатаў свету, адхіленым за допінг.

Скандал моцна ўдарыў па прэстыжы рэжыму. На базу зборнай тэрмінова прыбылі прадстаўнікі гаіцянскіх спецслужбаў. Паводле шэрагу сведчанняў, Жан-Жазэфа выцягнулі з нумара і публічна збілі, пасля чаго адправілі назад на Гаіці. Астатнім футбалістам пачалі пагражаць расправай. Для запалохвання выкарыстоўваліся і містычныя праклёны, звязаныя з вуду.

Магчыма, усё гэта паўплывала на псіхалагічны стан каманды. У наступных матчах гаіцяне пацярпелі цяжкія паразы ад Польшчы і Аргенціны.

Што да лёсу Жан-Жазэфа, то звесткі пра яго пакаранне на Гаіці застаюцца супярэчлівымі: адны крыніцы згадваюць турэмнае зняволенне, іншыя — катаржныя працы цягам двух гадоў або катаванні. Пры гэтым кіраўніцтва ФІФА ніяк публічна не адрэагавала на гэтую гісторыю.

Нягледзячы на скандал 1974 года, рэжым Дзювалье не збіраўся адмаўляцца ад эксплуатацыі футбольнай тэмы. Аднак ужо ў другой палове 1970-х імідж Гаіці як краіны, якой кіруе эксцэнтрычны дыктатар, пачаў усё мацней біць па эканоміцы. Заняпад турызму, скарачэнне замежных інвестыцый і абмежаванне дапамогі з боку ЗША пры прэзідэнце Джымі Картэры праз парушэнні правоў чалавека паглыблялі беднасць і карупцыю.

Усё гэта натуральна перашкаджала развіццю футбола на нізавым узроўні. Гаіцянскі футбол стаў больш фрагментаваным, турніры праводзіліся нерэгулярна, а магчымасці для прафесійнага росту заставаліся абмежаванымі. Дасягненне 1974 года сапраўды выклікала вялікую цікавасць да футболу, але аўтарытарны кантроль, рэпрэсіі і палітычная нестабільнасць перашкодзілі яго доўгатэрміноваму развіццю.

Застаецца дадаць, што палітычная нестабільнасць на Гаіці ўзмацнілася ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Маштабныя вулічныя пратэсты прымусілі Жан-Клода Дзювалье ў лютым 1986 года ўцячы з краіны.