Магія афрыканскага футбола

Футбольны турнір — Кубак афрыканскіх нацый, што адбыўся нядаўна, — выклікаў незвычайныя дэбаты аб ролі містыкі і вядзьмарства ў мясцовым футболе.

sports.ru

sports.ru


Расходнае слова «магія футбола» ў Афрыцы мае свой падтэкст. Справа ў тым, што магія ў розных праявах з'яўляецца сталым атрыбутам мясцовых футбольных баталій. Адзін з футбалістаў расказваў, што яшчэ на ўзроўні школьнага футбола трэнер прымушаў яго і іншых хлопчыкаў мазацца нейкай чароўнай маззю, якая, маўляў, павінна надаць ім дадатковых сіл на полі.

Увогуле існуюць самыя разнастайныя містычныя практыкі, якія выкарыстоўваюць футбалісты, футбольныя клубы і нават нацыянальныя зборныя: ад змяшчэння кавалка кары дрэва ў шчыток на галёнку, як своеасаблівага «лека», да здзяйснення сапраўднага крывавага ахвярапрынашэння з забойствам жывёлаў — з мэтай нанясення ран супернікам.

Калі на мясцовым узроўні рознага роду замовы, чароўныя мазі і г. д. — звыклая справа, то на міжнародным такая практыка выклікае часцяком шок. Напрыклад, шмат хто ў свеце не зразумеў незвычайны фокус егіпецкіх футбольных чыноўнікаў. Па ходзе нядаўняга чэмпіянату Афрыкі егіпецкая футбольная асацыяцыя прынесла ў ахвяру карову, каб забяспечыць поспех нацыянальнай зборнай. Цуда, дарэчы, не атрымалася: Егіпет у выніку быў выбіты са спаборніцтва зборнай Дэмакратычнай Рэспублікі Конга.

Выклікае ў іншаземцаў таксама здзіўленне, што рэцыдывы футбольнага вядзьмарства, нягледзячы на імклівую ўрбанізацыю ў Афрыцы, пранікненне інтэрнэту, мабільных тэлесістэм, не толькі не слабеюць, а наадварот колькасна растуць. Як з сумам адзначыў адзін каментатар, «з таго часу, як існуе футбол у Афрыцы, прывід вядзьмарства пануе над гэтай спартыўнай дысцыплінай».

Што рабіць? Безумоўна, хапае жадаючых закруціць гайкі ў гэтай галіне. Тым больш, што часцяком вядзьмарства наўпрост забівае спартыўны прынцып, калі гульцы выкарыстоўваюць магічныя прыёмы для атрымання несправядлівай перавагі.

Як прыклад — абставіны матча паміж камандамі руандыйскай Прэм'ер-лігі «Mukura Victory» і «Rayon Sports» у 2016 годзе. Па яго ходзе адзін з футбалістаў «Mukura Victory» здзейсніў вядзьмарскі рытуал каля варот суперніка. У выніку галкіпер, які абараняў вароты «Rayon Sports», ад страху перад чарамі проста ўцёк з поля. Праціўнік маментальна скарыстаўся казусам і забіў у пустыя вароты пераможны гол.

Пасля гэтага выпадку Руандская федэрацыя футбола ўвяла «конскі» штраф супраць футбалістаў, якія практыкуюць магію, — прыкладна сто долараў за кожны падобны выбрык.

Аднак на фоне цяперашняй моды на талерантнасць гучаць і іншыя галасы. Прапануецца, замест таго, каб стыгматызаваць пэўныя ідэалістычныя перакананні, пачаць адкрытую размову аб ролі духоўнасці ў спорце і яе ўплыве на псіхічны і фізічны дабрабыт футбалістаў-афрыканцаў.

Па-першае, існуе думка, што футбольнае «чарадзейства» дадае фарбаў і ўнікальнасці гульні ў мяч на «чорным кантыненце». Тэзіс, трэба сказаць, спрэчны. Напрыклад, у Паўднёвай Афрыцы папулярна кідаць у каманду праціўніка труп дохлага ката. Чамусьці кот лічыцца сярод тубыльцаў жывёлай, якая выклікае адмоўныя з’явы.   

Па-другое, прапануецца паглядзець на магію як на вынік маргіналізацыі Афрыкі ў глабальнай эканоміцы і выключэння з выгод навуковых дасягненняў. 

Адзін са спартыўных назіральнікаў адзначае: «Пра афрыканскі футбол часта кажуць, што яму характэрныя архаічныя  забабоны. Але дэбаты аб футбольным "чараўніцтве"  адлюстроўваюць глабальную практыку. Агульнавядома, што многія еўрапейскія футбалісты прымаюць прэпараты і допінг, каб палепшыць свае вынікі. Афрыканскія футбалісты нават не мараць пра доступ да дарагіх прэпаратаў. Для іх стымулятарам служыць вера ў сілу містычных рытуалаў. Больш за тое, у дадзеным выпадку магія — гэта таксама сімвалічная спроба зрынуць сістэмную няроўнасць на адрас Захаду з дапамогай метафізічнага ўмяшання».

У гэтым плане гучыць заклік перагледзець стэрэатыпы і прыняць багатую разнастайнасць культур, якія складаюць сусветную футбольную супольнасць. «Прыйшоў час разглядаць вядзьмарства ў афрыканскім футболе не проста як перажыткі, а хутчэй як праяву глабальнай структурнай няроўнасці. Духоўнасць і рэлігія ў футболе — гэта нешта большае, чым забабоны, перакананні або псіхалагічная падрыхтоўка», — піша адзін з адвакатаў на права футбалістаў практыкаваць астральную байду.

Спрэчкі наконт магічна-рэлігійных практык у футболе наўрад будуць хутка скончаныя. Аднак у кантэксце цяперашняй рэвізіі ўсіх прынятых аксіём і правілаў не варта выключаць, што неўзабаве ведзьмакі і шаманы будуць такімі ж штатнымі супрацоўнікамі ў афрыканскіх футбольных камандах, як трэнеры і масажысты.

Чур мяне!