Эмілія Плятэр: натхніла на многае і стала сімвалам

Зямное жыццё самай знакамітай паўстанкі Эміліі Плятэр было досыць кароткім — усяго 25 год. За гэты час яна не толькі праславілася вайсковай мужнасцю, але і дала мноству людзей імпульс сапраўднага патрыятызму. Яе імя стала легендарным.

00_emilija_pljater.__kaetan_volski_.jpg

Некалькі слоў з жыццяпісу

215 гадоў таму, 13 лістапада 1806 года, у час калі прадстаўнікі айчыннай эліты з надзеяй на вызваленне азіраліся ў бок Напалеона Банапарта, у сям’і Францішка Ксаверыя Плятэра і Ганны з дому фон Моль нарадзілася дачка. Дзяўчынку назвалі Эмілія.
У 1815 годзе, калі на еўрапейскім кантыненце ўжо суцішылася полымя напалеонаўскіх войнаў, бацькі Эміліі разышліся і дзяўчына з матуляй перабіраюцца да далёкіх сваякоў у Латгалію: маёнтак Ліксна ў ваколіцах Дынабурга. Там, у кампаніі кніг і стрыечных братоў, яна сталела, Эмілію выхоўвалі нямецкія рамантыкі Гётэ і Шылер. З Вільні да яе траплялі раннія творы сяброў-філаматаў, якія натхнілі яе на збор мясцовага фальклору. Была панна Плятэр завочна знаёмая і з Адамам Міцкевічам праз яго эпічную паэму «Гражына», прысвечаную моцнай духам жанчыне. Паэт яшчэ адыграе каласальную ролю ў напісанні легенды пра саму Эмілію.

Ліксненскі палац (Н. Орда). У гэтых мясцінах Плятэр правяла дзіцячыя гады

Ліксненскі палац (Н. Орда). У гэтых мясцінах Плятэр правяла дзіцячыя гады

Паваротным годам у жыцці дзяўчыны лічыцца 1823-ці, калі адзін з яе стрыечных братоў быў гвалтоўна прызваны ў расійскае войска за дзёрзкую акцыю памяці падзей 3 мая: у адным з класаў гімназіі ён напісаў на дошцы «Слава Канстытуцыі». Так з’явіліся асабістыя рахункі Эміліі Плятэр з захопнікамі роднага краю. Час паквітацца не прымусіў сябе доўга чакаць: як толькі ў лістападзе 1830 года выбухнула паўстанне, Плятэр далучаецца да яго.

Паўстанка Плятэр са слоў відавочца  

Эмілія Плятэр камандавала даволі шматлікім, добра абмундзіраваным, узброеным пікамі і палашамі кавалерыйскім атрадам. Суправаджала яго шмат цывільнай моладзі і пешых паўстанцаў. Ад’ютантам Плятэр была таксама паненка Марыя Рашановіч — дзяўчына прыстойная, вясёлая і ўсім сімпатычная.

Партрэт Эміліі Плятэр (Лейпцыг)

Партрэт Эміліі Плятэр (Лейпцыг)

Вакол постаці Эміліі, як удзельніцы паўстання, сфармавалася шмат міфаў: што праўда, а што дапасавалася пазней натхнёнымі рамантыкамі — разабрацца ўжо цяжка. З вялікай доляй праўды і аб’ектыўнасці аб Плятэр напісаў у сваіх успамінах паўстанец і эмігрант Ігнат Дамейка: іх паўстанцкія шляхі перакрыжаваліся. У занатаваных ім радках, прысвечаных графіні, маецца шмат цікавых акалічнасцей, звязаных з ёй.
Ва ўспамінах Дамейка кажа: усе паўстанцы цудоўна ведалі, што побач з імі ваюе паненка, і ставіліся да яе з адпаведнымі манерамі. Эмілія Плятэр была досыць сур’ёзная, у абыходжанні больш суровая, чым прыветная, негаваркая, ужо позіркам яна давала зразумець, што патрабуе адпаведнага стаўлення і прыстойнасці. Адзін з правадыроў паўстання генерал Хлапоўскі прывітаў графіню ветліва і далікатна, ніхто сярод паўстанцаў не дазваляў сабе сказаць у яе прысутнасці што-небудзь недарэчнае ці жартаўлівае.
Пакінуў Дамейка і апісанне знешнасці Эміліі. Дамейка прадстаўляе нам вобраз Плятэр як невысокай, бялявай, круглатварай, з прыемным сімпатычным тварыкам, з блакітнымі вачыма, зграбнай, але слабага целаскладу. Апранутая яна была ў шарачковы да кален сурдуцік з чырвоным каўняром і карункавым каўнерыкам вакол шыі. Валасы былі каротка падстрыжаныя, на галаве мужчынская шапка, за поясам кінжал, збоку кароткая шабля, на боціках срэбныя шпоры. Яна была сціплая, на кані трымалася стройна. Усім паказвала адпаведнае вышэйшаму свету выхаванне і абыходжанне.

Войцэх Косак, Эпізод Паўстання 1830

Войцэх Косак, Эпізод Паўстання 1830

Шляхі Дамейкі і графіні разышліся пад Куршанамі (недалёка ад Шаўляя), калі полымя паўстання амаль было загашаным. Большая частка паўстанцаў накіравалася ў Прусію, Эмілі ж лічыла гэта ганьбай і засталася на радзіме. Разам з невялікай купкай паплечнікаў яна хацела прабіцца ў Варшаву, дзе змаганне яшчэ трывала. Але ж… Голад, стома, знясіленне ўзялі верх. У выніку Эмілія цяжка захварэла, аднавіцца дзяўчына ўжо не здолела. Яна паспела яшчэ сустрэць 25-ты дзень нараджэння, але да Раства 1831 года яна ўжо не дажыла. 23 снежня 1831 года Эмілія Плятэр памерла і была пахаваная ў горадзе Капцёва.

Адам Міцкевіч бярэцца за пяро…

Перамесцімся ў Дрэздэн. Гэты нямецкі горад стаў прытулкам для хвалі эмігрантаў з зямель былой Рэчы Паспалітай. Некалькі месяцаў у кампаніі выгнанцаў з радзімы тут жыў і Адам Міцкевіч, які з’ехаў у замежжа яшчэ ў 1829 годзе.

Дрэздэн, 1830-я гг. Месца, дзе быў напісаны верш Адама Міцкевіча «Смерць палкоўніка»

Дрэздэн, 1830-я гг. Месца, дзе быў напісаны верш Адама Міцкевіча «Смерць палкоўніка»

Усю зіму–вясну 1832 года Міцкевіч бавіў з паўстанцамі, сярод якіх быў і Ігнат Дамейка. Праўдападобна, што падчас сяброўскіх пасядзелак за кавай ці віном ад іх ён пачуў і эпічную гісторыю пра маладую адважную ліцвінку, якая ўзялася за шаблю і стала ў шыхты патрыётаў, загінуўшы за нашу свабоду. Гэта ўразіла паэта. Нарадзіўся верш, а з ім і легенда пра Эмілю Плятэр, якая зрабіла яе неўміручай.
Адам Міцкевіч напісаў верш «Смерць палкоўніка». Яго галоўны герой ці, як высвятляецца ў канцы твора, гераіня — «то ліцвінка Эмілія Плятэр!». У сваім вершы Міцкевіч стварыў вобраз ідэальнага вайсковага правадыра, надзяліў яго неверагоднымі навыкамі, салдацкай пашанай, талентам камандзіра… І ўсім гэтым паэт узнагародзіў Эмілію Плятэр, хоць гэта ўсё было далёка ад рэчаіснасці. Шмат пытанняў і да вобразу паўстанкі. Вобраз Эміліі Плятэр з верша стаў кананічным. З яго вынікае, што гераічнай жанчыне прыйшлося таемна пераапрануцца ў юнака, каб сабраць атрад паўстанцаў і далучыцца да барацьбы. Маўляў, ніхто не ведаў, што Плятэр — жанчына. Але са слоў таго ж Дамейкі, усё напісанае Міцкевічам аддалена адпавядае рэальнасці.

Смерць Эміліі Плятэр з урыўкам верша Адама Міцкевіча. Юзэф Куроўскі

Смерць Эміліі Плятэр з урыўкам верша Адама Міцкевіча. Юзэф Куроўскі

Але ж не варта ўпікаць Міцкевіча за празмерную ідэалізацыю вобразу панны Эміліі, ён усё ж — паэт-рамантык, шчыры патрыёт і выгнанец. Міцкевіч зрабіў вялікую справу: ён даў Эміліі Плятэр вечнае жыццё ў гістарычнай памяці. Ці магла падумаць 25-цігадовая мужная ліцвінка, ідучы ў паўстанцкія шыхты, што яе імя будзе жыць у стагоддзях?  
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што не толькі Міцкевіча чын Плятэр натхніў на годны тэкст. Шмат літаратурных твораў было ёй прысвечана, што праўда, выходзілі яны не на радзіме змагаркі, а ў асноўным у колах эміграцыі і з-пад пяра замежнікаў. І на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны: было б вельмі дзіўна, калі б у тыпаграфіі Расійскай імперыі аддрукавалі твор, прысвечаны ўхваленню ўдзельніцы «польского мятежа».  

…а мастакі бяруцца за пэндзлі

Подзвіг і смерць Эміліі Плятэр, дзякуючы ў тым ліку і Адаму Міцкевічу, атрымалі шырокую агалоску ў прэсе. Гэта спрыяла росту яе славы. Дзяўчына, якая змагалася за сваю Радзіму, — Плятэр — стала адным з сімвалаў паўстання, хоць і пацярпелага паразу. Яе вобраз набыў вялікую папулярнасць на землях былой Рэчы Паспалітай і ў колах эміграцыі.
Эмілія натхніла не толькі майстра слова Міцкевіча і яго калег па літаратурнаму цэху, яна дала эпічны матэрыял для жывапісу. Мастакі бяруцца за алоўкі і пэндзлі, ствараюць дзясяткі непаўторных і непадобных да сябе, а часам і далёкіх ад рэчаіснасці, мастацкіх вобразаў графіні Плятэр. Парадокс сітуацыі ў тым, што ніхто з тых, хто пісаў карціны з Эміліяй, яе не бачыў ужывую. Верх бярэ бязмежнае ўяўленне творцаў!
Кананічны графічны вобраз паўстанкі стварыў Ян Розэн. На яго гравюры Эмілія Плятэр, уздымаючы штандар, конна едзе на чале сялян-касінераў. Фактычна, з абрысаў, якія накрэсліў Розэн, перапісваўся візуальны вобраз Эміліі. Напрыклад, яе постаць досыць падобная да той, якая выяўлена на карціне знакамітага баталіста Войцеха Косака «Эмілія Плятэр у перастрэлцы ў Шаўлях».

Эмілія Плятэр сярод касінераў (Ян Розэн)

Эмілія Плятэр сярод касінераў (Ян Розэн)


Эмілія Плятэр у перастрэлцы ў Шаўлях (Войцэх Косак)

Эмілія Плятэр у перастрэлцы ў Шаўлях (Войцэх Косак)

Паглядзім на Эмілію Плятэр, выяўленую ў серыі гравюр Георга Бенедыкта Вундэра, прысвечаных паўстанню 1830-га. Тут графіня ў ампірнай сукенцы, паверх якой накінуты жаўнерскі мундзір, ваяўніча ўздымае шаблю і вядзе ў бой конную ватагу паўстанцаў. А побач з ёй — верная інтэндантка Марыя Рашановіч.

Эмілія Плятэр падчас бітвы, карціна Георга Бенедыкта Вундэра

Эмілія Плятэр падчас бітвы, карціна Георга Бенедыкта Вундэра

У падобнай манеры Плятэр адлюстраваная Юліяй Мельцарэвіч. Відавочна, пад уплывам Міцкевіча твор называецца «Палкоўнік Эмілія Плятэр», хоць яна і не была палкоўнікам. На карціне Эмілія ў двайным уборы: дзявочая сукенка, кавалерскі мундзір. І — бялявая, як паўстанку апісваў Дамейка.

Палкоўнік Эмілія Плятэр. Юлія Мельцарэвіч

Палкоўнік Эмілія Плятэр. Юлія Мельцарэвіч

На адной з нямецкіх гравюр мы бачым Эмілію Плятэр на белым кані, цалкам ва ўланскім абмундзіраванні. Дзяўчына ўпэўнена і трывала сядзіць у сядле, вядзе ў бой роўныя шэрагі паўстанцаў.

 Эмілія Плятэр ва ўланскім строі

 Эмілія Плятэр ва ўланскім строі

Не толькі ў баі, але і ў побыце. Такой паўстае Эмілія Плятэр на гравюры французскага жывапісца Адама Жана Віктора. У лясным гушчары, пры вогнішчы, у грамадзе паўстанцаў за вясёлай гамонкай удумлівай Эміліі нешта ў кубку працягвае вусаты ўлан. Але і ў такой, зусім не свецкай абстаноўцы, графіня Плятэр застаецца сапраўднай паненкай: у адрозненне ад мужчын, якія паселі на зямлі, яна грацыёзна сядзіць на камені, засланым нечым утульным.

 Літоўскі бівак. Адам Жан Віктор

 Літоўскі бівак. Адам Жан Віктор

Ёсць у графічным шэрагу прац, прысвечаным Эміліі Плятэр, зусім і не мілітарныя выявы. Жаўнерскі канон «парушыў» мастак Міхал Эльвіра Андрыёлі. Ён прадставіў Эмілію ў сімвалічнай выяве: маладая дзяўчына ў вобразе анёла, апранутага ў лёгкую туніку, філігранна сядзіць побач з целам забітага жаўнера. Ці гэта анёл жыцця, ці ўсё ж — смерці?..
Маецца ў калекцыі выяваў і класічны рамантычны партрэт прывабнай дзяўчыны Эміліі: ампірныя кучары, строгі нос, высокія бровы, гарэзліва аголеныя плечы… Так і не скажаш што гэта — тая самая ліцвінка, правадыр паўстанцаў. Вось толькі казаць, што на партрэце менавіта Эмілія Плятэр, можна з вялікай доляй гіпатэтычнасці.

 Эмілія Плятэр у вобразе анёла (Міхал Эльвіра Андрыёлі) і класічны партрэт  (Lukoševičius Tadas)

 Эмілія Плятэр у вобразе анёла (Міхал Эльвіра Андрыёлі) і класічны партрэт (Lukoševičius Tadas)


Ад пастановачных здымкаў да гераіні анімэ

Калі думаць, што Эмілію Плятэр пісалі на карцінах толькі рамантыкі і патрыёты XIX стагоддзя, значыць — моцна памыляцца. Вобразы паўстанкі ствараліся і ў ХХ стагоддзі, ствараюцца і ў стагоддзі XXI.
Як толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя сталі масава з’яўляцца фотаздымкі, пашырыліся і фотавыявы Эміліі Плятэр. Не, канечне, гаворка ідзе не пра сапраўдны здымак: тут пастаноўка і інтэрпрэтацыя на тэму гераічнай жанчыны. Невядомы фота-майстар у 1860-я (дарэчы, час таксама паўстанцкі!) зрабіў фотарэпрадукцыю: профіль дзяўчыны ў канфедэратцы, аздобленай мехам гарнастая і такі ж каўнер. Манаршыя амбіцыі, не менш!

Эмілія Плятэр. Фотаграфічная рэпрадукцыя, 1860-я

Эмілія Плятэр. Фотаграфічная рэпрадукцыя, 1860-я

Прыкладна ў той жа час вобраз Плятэр становіцца… гандлёвым брэндам. Невядомы штукар стварыў піўны куфаль і змясціў на яго вечку партрэт Эміліі. Пасыл тут такі: «З Эмількай вып’ем і яшчэ раз нальём!..»

Піўны куфаль з выявай Эміліі Плятэр

Піўны куфаль з выявай Эміліі Плятэр

У 1930-я, калі Польшча аднавіла сваю незалежнасць, на сцэне гарадскога тэатра ў горадзе Быдгошч была пастаноўка — «Эмілія Плятэр». Як ні як, тады адзначалася стагоддзе паўстання. Стары якасны фотаздымак захаваў для нас той сцэнічны вобраз, які быў створаны праз стагоддзе пасля паўстання тэатраламі. Што ж, ён досыць падобны да вобразу карціннага. У той жа Польшчы, але ўжо ў XXI стагоддзі быў створаны і кінематаграфічны вобраз Эміліі. Увасобіла яго маладая актрыса Магдалена Асіньская ў 2017 годзе.

Эмілія Плятэр на тэатральнай сцэне і вобраз у кіно

Эмілія Плятэр на тэатральнай сцэне і вобраз у кіно

 Але ж далей — болей! Эмілія Плятэр стала і гераіняй японскай анімацыі. Эмілія Плятэр — гэта жанчына з вялікай сілай і ўплывам на цэлы свет Магіі; яна з’яўляецца адной з вядучых сіл у знішчэнні Цёмных гільдый па ўсёй краіне, якія ўзраслі ў геаметрычнай прагрэсіі пасля Вялікіх Магічных Гульняў. Так праз стагоддзі мужную літвінку ўявілі ў далёкай Японіі. І, пагадзіцеся, штосьці ў гэтым вобразе ёсць.

Гераіня анімэ Эмілія Плятэр

Гераіня анімэ Эмілія Плятэр

Кветка, параход, батальён… імя Эміліі Плятэр

Не толькі вобраз, але і само імя Эміліі Плятэр стала сімвалам, які ўвасобіўся і выявіўся шмат у якіх сферах, часам досыць непрадказальных.
Напрыклад, яе імя носіць гатунак дэкаратыўнай кветкі з лацінскай назвай Clematis viticella Emilia Plater. Гэта краска са светла-блакітнымі з фіялетавым адценнем пялёсткамі і крэмавымі тычынкамі ўпрыгожвае клумбы.

Clematis viticella Emilia Plater

Clematis viticella Emilia Plater

Як сімвал і прадстаўніца пантэону герояў Эмілія Плятэр трапіла на грошы ў нашых суседзяў. Партрэт дзяўчыны быў змешчаны на банкноце 20 злотых узору 1931 і 1936 гадоў, а таксама на 20 і 50 злотых узору 1940 года. Не адсталі ў гэтай справе і літоўцы: да 200-годдзя Плятэр была выпушчана памятная срэбная манета наміналам 50 літаў. Застаецца толькі чакаць, калі на памятных беларускіх манетах з’явіцца выява гераіні паўстання…

Літоўская манета з выявай Эміліі Плятэр

Літоўская манета з выявай Эміліі Плятэр

Натуральна, што імем паўстанкі названы і вуліцы, і плошчы, і школы… А яшчэ і караблі. У міжваенны час у ваколіцах Аўгустова курсіраваў параход «Эмілія Плятэр», а пасля Другой Сусветнай вайны з’явілася больш важкае судна з імем Эміліі. Гаворка пра акіянічны грузавы лайнер, які спусцілі на ваду ў Гданьску ў 1959 годзе. Ажно да 1984 года цяжкагрузны карабель «Эмілія Плятэр» перавозіў грузы паміж Польшчай і далёкімі краінамі.

 Параход Эмілія Плятэр

 Параход Эмілія Плятэр

Грузавы лайнер Эмілія Плятэр

Грузавы лайнер Эмілія Плятэр


Падчас Другой Сусветнай вайны Эмілія Плятэр зноў была ў страю жаўнерак. У 1943 годзе, калі была сфармаваная 1-я пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі, у яе склад увайшоў 1-шы асобны жаночы батальён імя Эміліі Плятэр. Жанчын, якія служылі ў фармаванні, называлі «плятэраўкі». Дзве роты аўтаматчыц добра паказалі сябе на полі бою, былі вартыя сваёй апякункі пані Плятэр.

Плятэраўкі падчас Другой Сусветнай вайны

Плятэраўкі падчас Другой Сусветнай вайны

Плятэраўкі. Сучасная вайсковая рэканструкцыя

Плятэраўкі. Сучасная вайсковая рэканструкцыя