Як Мао прымусіў штурмаваць Эверэст: дзіўны «Вялікі скок» у альпінізме
У 1960 годзе Кітай па загаду Мао Цзэдуна кінуў альпіністаў на найскладанейшы маршрут Эверэста — без досведу, без абсталявання, але з вялікай патрэбай у прапагандысцкім трыумфе.

Эверэст, фота Carsten.nebel, commons.wikimedia.org
Якая дыктатура без дзіўных капрызаў дыктатара? Адзін з самых вядомых прыкладаў: ідэя Мао тэрмінова штурмаваць Эверэст.
Вырабіць 10 700 000 тон сталі ў 1958 годзе з дапамогай больш чым 600 000 дваровых мікрапечаў, пракапаць глебу на глыбіню 1–2 метры для «вызвалення карысных рэчываў», знішчыць усіх вераб’ёў у краіне для абароны ўраджаю збожжа — гэта ўсё фрагменты палітыкі «Вялікага скачка», якая праводзілася ў Кітаі ў 1950-я.
На нейкім этапе гэтага ўсяго старшыні Мао аказалася мала, і яго пераклініла — адправіць кітайскіх альпіністаў штурмаваць Эверэст.
Праект быў прадстаўлены кітайцам як «місія нацыянальнага прэстыжу, закліканая даказаць перавагу Кітая над «імперыялістычнымі альпінісцкімі дзяржавамі» (перш за ўсё Вялікабрытаніяй, альпіністы якой упершыню пакарылі вяршыню ў 1953 годзе).
Першапачаткова планавалася, што экспедыцыя будзе кітайска-савецкай. Альпіністы абедзвюх краін нават разам трэніраваліся на Каўказе. Аднак у 1959 годзе адносіны паміж КНР і СССР пагоршыліся, і пытанне аб сумеснай экспедыцыі было закрытае.
Больш за ўсё ідэя экспедыцыі ў Гімалаі шакавала мясцовых альпіністаў. Рашэнне Мао не ўлічвала адсутнасці ў Кітая досведу вышыннага альпінізму (не было папярэдніх узыходжанняў на вышыню 8000 м). Плюс самую вялікую гару ў свеце збіраліся штурмаваць з паўночнага боку — гэты маршрут быў тэхнічна больш складаны і менш вывучаны. Нарэшце, не была вырашана праблема наяўнасці кіслародных сістэмаў. Вышыннае абсталяванне было прымітыўным або адсутнічала зусім.
Зрэшты, гэтыя асцярогі былі адпрэчаныя Мао як «правы кансерватызм». Экспедыцыя атрымала зялёнае святло, а яе планаванне даручылі правераным палітычным кадрам.
Нядзіўна, што экспедыцыя была арганізавана па прынцыпе іншых кампаній у рамках «Вялікага скачка»: больш за 600 насільшчыкаў і дапаможнага персаналу былі мабілізаваныя з войска і грамадзянскага апалчэння. Альпіністы праслухалі курс палітычнай асветы, дэкламуючы, у тым ліку, цытаты Мао падчас фізічнай падрыхтоўкі.
Дапамаглі гэтыя цытаты — цяжка сказаць. Аднак 25 мая 1960 года Ван Фучжоу, Гунбу (Цюй Іньхуа) і Лю Ляньмань дасягнулі вяршыні. Не без цяжкасцяў. Адзін альпініст (Лю Ляньмань) атрымаў сур’ёзнае абмаражэнне, пазбавіўшыся ўсіх пальцаў ног. А змёрзлыя кіслародныя балоны ледзь не выраклі фінальны штурм на правал.

Дарэчы, прыкладна да 1975 года некаторыя заходнія прафесійныя альпіністы мелі сумнеў наконт праўдзівасці заяў кітайцаў. На вяршыні Эверэста зрабіць фатаграфіі не атрымалася — здымалі толькі спуск. Незалежны аналіз паказаў, што фатаграфіі спуску былі зроблены на некалькі гадзін пазней, мяркуючы па становішчы сонца і ценяў. Зрэшты, пазней эксперты палічылі ўзыходжанне кітайцаў праўдападобным.
А вось у кітайскіх прапагандыстаў ніякіх сумневаў з самага пачатку не было. Тут жа сабралі мітынг на плошчы Цяньаньмэнь з удзелам больш за 500 000 чалавек. На мітынгу віселі чырвоныя сцягі, партрэты Мао і транспаранты з надпісам «Ідэі Мао Цзэдуна асвятляюць шлях да Джамалунгмы!»
«Не адыходзячы ад касы» быў зроблены дакументальны фільм «Пакарэнне Джамалунгмы» (1960). Ён дэманстраваўся па ўсёй краіне — на заводах, у камунах і школах. Коміксы, песні і вершы ўсхвалялі гэты подзвіг як «Вялікі скок у альпінізме».
У агітацыйных матэрыялах КПК прадставіла ўзыходжанне як доказ перавагі сацыялізму, самадастатковасці Кітая і непераможнасці ідэй Мао Цзэдуна, асабліва пасля таго, як заходнія экспедыцыі (уключаючы брытанскую каманду 1953 года) адмовіліся ад маршруту з паўночнага боку, які лічыўся немагчымым.
Асобная тэма — прапаганда інтэграцыі Тыбета, які ў 1950-я гады ўключылі ў склад КНР. Паколькі маршрут пралягаў праз Тыбет, узыходжанне выкарыстоўвалася для зацвярджэння кітайскага суверэнітэту над рэгіёнам. Наяўнасць у складзе экспедыцыі этнічнага тыбетца была прадстаўлена як доказ «этнічнага адзінства пры сацыялізме». На вуліцах тыбецкіх гарадоў з’явіліся транспаранты: «Браты ханьцы і тыбетцы разам пакараюць дах свету!»
Тэма заваявання Эверэста заставалася часткай кітайскай прапаганды яшчэ вельмі доўга. Так, узыходжанне 1960 года было пераасэнсавана падчас Культурнай рэвалюцыі як зброя супраць «рэвізіянізму». Кітайскі аналаг «Саўбелкі» — «Жэньмінь жыбао» — перадрукаваў фатаграфіі з узыходжання з новым подпісам: «Альпіністы паламалі буржуазных экспертаў — гэтак жа, як мы руйнуюць рэвізіяністаў». А Ван Фучжоу прымусілі далучыцца да пекінскіх хунвейбінаў.
Пазней пра экспедыцыю 1960-га паступова пачалі забывацца. Тым больш, што ў 1974 годзе была арганізавана новая кітайская экспедыцыя на дах свету. Самае смешнае, што яна павінна была давесці кітайцам і ўсяму свету, што Кітай скончыў з анархіяй часоў Культурнай рэвалюцыі і здольны на буйныя праекты.
Таму ў гісторыю экспедыцыя 1960-га ўвайшла не як трыумф генія Мао. Нават для многіх кітайскіх гісторыкаў рашэнне Мао арганізаваць узыходжанне на Эверэст застаецца эталонам палітычнага валюнтарызму, калі ідэалагічны запал і асабістыя забабоны дыктатара дамінуюць над канкрэтнымі ўмовамі, думкамі экспертаў і магчымасцямі тэхнічнай рэалізацыі.