Масква дапамагае Ірану, а Украіна — ЗША: вайна на два франты
Іран не хавае факту, што шчыльна супрацоўнічае з Крамлём у вайне супраць ЗША і Ізраіля. Украіна дасылае на Блізкі Усход адмыслоўцаў па перахопе «Шахедаў». Падаецца, вайна ва Украіне і вайна ў Іране зліваюцца ў адно, і вялікае пытанне, якія ў гэтага будуць наступствы. Ідуць 1475-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 130 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 22 штурмы расіян у раёнах Шахава, Мірнаграду, Радзінскага, Грышына, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і іншых.
На Канстанцінаўскім і Гуляйпольскім кірунках зафіксавана па 19 атак на кожным.
На Славянскім кірунку УСУ спынілі восем атак расіян у раёнах Закітнага, Рэзнікаўкі, Платонаўкі.
* * *
Аналітыкі маніторынгавага праекта DeepState паведамілі пра прасоўванне расійскіх войскаў у Данецкай вобласці. Гаворка ідзе пра раён пасёлка Удачнае ў Пакроўскім раёне, дзе, паводле звестак экспертаў, расіяне змаглі палепшыць свае пазіцыі.
* * *
Камандзір першага асобнага штурмавога палка Дзмітрый «Пярун» Філатаў заявіў, што на гэты момант Гуляйполе Запарожскай вобласці «амаль акупаванае», аднак гэта «частка агульнай задумы, і ў найбліжэйшы час, я думаю, усе зразумеюць, чаму менавіта так ідзе ход падзей».
Падпарадкаваны Філатаву 1-ы АШП зараз знаходзіцца ў раёне контратакавальных дзеянняў УСУ на паўднёвым участку фронту, якія працягваюцца з канца студзеня гэтага года.
Ён адзначыў, што сітуацыя там «вельмі дынамічная». «Яе можна параўнаць з сітуацыяй на Дабрапольскім кірунку, якая ўжо была больш-менш стабілізаваная. Напружанне не знята цалкам, але тая задума, план, які праціўнік для сябе ставіў, ён быў разбураны цалкам. Тут прыкладна тое самае. Праціўнік разглядае Запарожскі кірунак як наступны кірунак уплыву на Узброеныя сілы», – сказаў Філатаў.
Ён патлумачыў, што задума РФ заключаецца ў тым, каб дайсці «да таго ўчастка мясцовасці, дзе можна будзе ўжо спакойна дасягаць сродкамі артылерыі, наносіць моцнае агнявое паражэнне» па Запарожжы, якое з'яўляецца магутным прамысловым горадам, «і відавочна, што ўплыў на сам горад будзе мець істотныя наступствы для прамысловасці, для нашай дзяржавы і для ўстойлівасці Узброеных сіл».
* * *
На працягу года пасля стварэння 1-га корпуса Нацгвардыі «Азоў» яму і сумежным падраздзяленням удалося спыніць армію РФ на Дабрапольскім кірунку і ліквідаваць прарыў фронту, паведаміла прэс-служба корпуса.
Указана, што да першай гадавіны са дня стварэння 1-га корпуса НГУ «Азоў» вайскоўцы атрымалі ўзнагароды ад камандавання корпуса і камандавання УВ Усход.
«Камандаванне адзначыла, што дзякуючы самаадданасці і прафесіяналізму байцоў 1-га корпуса НГУ Азоў і сумежных падраздзяленняў удалося спыніць ворага і ліквідаваць прарыў фронту шырынёй 15 км і глыбінёй 20 км. Наступальны патэнцыял 51-й і 8-й армій, а таксама групоўкі марской пяхоты праціўніка быў цалкам знішчаны, многія расіяне папоўнілі абменны фонд», – гаворыцца ў паведамленні.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сумесным брыфінгу з прэм'ер-міністрам Нідэрландаў Робам Етэнам у Кіеве заявіў, што Сілы абароны на поўдні з пачатку года вярнулі пад свой кантроль да 435 квадратных кіламетраў тэрыторыі. Такім чынам, Кіеў зрывае планы РФ на гэтым кірунку.
«На поўдні нашай дзяржавы за апошнія месяцы паўтары УСУ правялі шэраг важных дзеянняў па абароне і ў некаторых кірунках па наступленні. Дзеянні былі ў тым, каб сарваць планы РФ. Мы лічым, што дастаткова паспяховыя — аднавілі кантроль над недзе каля 400-435 км», — сказаў Зяленскі.
Ён адзначыў, што планы Крамля на вясновае наступленне не змяніліся. «Галоўныя мэты — гэта ўсход нашай дзяржавы, захоп Данецкай і Луганскай абласцей. У прынцыпе, іх планы не змяніліся, ідзе адтэрміноўка з-за таго, што яны не здольныя гэта зрабіць тымі сродкамі і сіламі, якія ў іх на сёння ёсць і з-за дзеянняў, адпаведна, нашых Узброеных сіл», — рэзюмаваў Зяленскі.
* * *
У ноч на 9 сакавіка Расія атакавала Украіну дзвюма балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М», а таксама 197 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіты/задушаны 161 БпЛА.
Расійскія войскі ў ноч на 9 сакавіка нанеслі ўдар па Запарожжы, у выніку атакі пашкоджаны прыватны дом.
Расіяне ўжо другія суткі запар масавана атакуюць дронамі газаздабычу ў Палтаўскай вобласці, паведамляе афіцыйны сайт групы «Нафтагаз». У кампаніі праінфармавалі, што з-за абстрэлаў работа шэрага аб'ектаў крытычна важнай інфраструктуры спынена, зафіксаваны пашкоджанні, абышлося без пацярпелых.
* * *
* * *
Прэс-сакратар дыктатара Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што нормы і прынцыпы міжнароднага права фактычна больш не дзейнічаюць. У каментары расійскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну, апублікаваным у Telegram, Пяскоў адзначыў, што «мы ўсе страцілі тое, што мы называем міжнародным правам. Я, шчыра кажучы, зараз нават не разумею, як кагосьці заклікаць выконваць нормы і прынцыпы міжнароднага права. Яго фактычна больш няма. Дэ-юрэ яно ёсць, але дэ-факта яго больш няма. А якое права прыйшло на месца міжнароднага – наўрад ці хтосьці зараз можа сфармуляваць».
* * *
Міністр замежных спраў Ірана Абас Арагчы ў інтэрв'ю NBC News афіцыйна пацвердзіў шчыльнае партнёрства з Расіяй і адхіліў магчымасць перамір'я з Ізраілем. Ён абвінаваціў ЗША і Ізраіль у парушэнні папярэдніх пагадненняў, заявіўшы, што пры такіх умовах перамовы не маюць сэнсу.
Міністр пацвердзіў шчыльнае ўзаемадзеянне з Масквой, назваўшы гэта партнёрства «не сакрэтам», хоць і пазбег канкрэтыкі адносна прадастаўлення Расіяй разведданых пра перамяшчэнне амерыканскага флоту.
Таксама брытанская разведка расследуе магчымы след Крамля ў інцыдэнце з дронамі, якія атакавалі брытанскую авіяносную групу.
Пры гэтым пасол Масквы заявіў, што РФ не з'яўляецца «нейтральным бокам», падтрымлівае Іран у канфлікце з Ізраілем і лічыць дзеянні заходніх краін у гэтай сітуацыі несправядлівымі.
* * *
Украіна накіруе групу ваенных спецыялістаў на Блізкі Усход для перадачы практычнага вопыту процідзеяння іранскім ударным беспілотнікам. Гаворка ідзе пра байцоў, якія маюць рэальны вопыт знішчэння дронаў тыпу «Шахед», паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія спецыялісты валодаюць значным баявым вопытам барацьбы з беспілотнікамі «Шахед», крылатымі ракетамі і іншымі паветранымі пагрозамі. Адзначаецца, што 9 сакавіка з Украіны адправіцца «нявызначаная колькасць украінскіх экспертаў і вайскоўцаў», якія будуць навучаць краіны Блізкага Усходу метадам знішчэння дронаў.
Таксама паведамляецца, што некалькі дзяржаў рэгіёна праяўляюць цікавасць да ўкраінскіх распрацовак у сферы процідзеяння беспілотнікам. У прыватнасці, гаворка ідзе пра магчымасць набыцця ўкраінскіх перахопнікаў «Шахедаў».
«Інстытуцыянальныя веды Украіны дазволілі ўкраінскім фірмам хутка развіваць і ўдасканальваць магчымасці, спецыяльна распрацаваныя для процідзеяння зброі іранскага паходжання, а пастаянныя інвестыцыі ў абаронна-прамысловую базу Украіны важныя не толькі для бяспекі Украіны, але і для Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў», — рэзюмуюць у ISW.