Украіна дапаможа ЗША ў супрацьстаянні іранскім «Шахедам» на Блізкім Усходзе

У той час, як у Дональда Трампа наспяваюць новыя прэтэнзіі да Уладзіміра Зяленскага, прэзідэнт Украіны дапамагае ЗША супрацьстаяць іранскім «Шахедам» на Блізкім Усходзе — шэраг спецыялістаў, падрыхтаваных Украінай, туды ўжо выправіліся, і выправяцца яшчэ. ЕС не зменіць свае прынцыпы адносна пратаколу ўступлення ў Саюз, а Фінляндыя дазволіць ядзерную зброю. Ідуць 1472-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з wikipedia.org

Фота з wikipedia.org

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 136 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 сакавіка.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 28 атак расійцаў у раёнах Гуляйполя, Зяленага, Мірнага і ў бок Залізнічнага, Варвароўкі, Стараўкраінкі, Цвятковага.

На Пакроўскім кірунку нашы абаронцы Украіны спынілі 21 штурм расіян ў раёнах Радзінскага, Котліна, Новамікалаеўкі, Удачнага, Філіі і ў бок Біліцкага, Новапаўлаўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак у раёнах Пляшчыеўка, Іванаполля, Русінага Яру, Сафіеўкі.

На Ліманскім і Славянскім кірунках зафіксавана па шэсць боесутыкненняў на кожным.

* * *

У ноч на 6 сакавіка Расія атакавала Украіну 141 ударным БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 111 БпЛА.

Кіраўнік Савета абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул у ноч на 6 сакавіка паведаміў пра чарговую масіраваную атаку расійскіх дронаў на горад, у выніку чаго, сярод іншага, пацярпеў 9-павярховы жылы дом і прадпрыемства інфраструктуры. У выніку атакі дронаў пацярпелых няма, аднак пашкоджана каля 30 дамоў.

* * *

648644884_1277993254513750_8115373729882012565_n.jfif

* * *

Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп у інтэрв'ю Politico зноў выказаў прэтэнзіі ў адрас Украіны з-за безвыніковасці перамоў па завяршэнні расійска-ўкраінскай вайны і заявіў, што цяпер у прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага «яшчэ менш карт».

Трамп, каментуючы перамовы Украіны і РФ пры пасярэдніцтве ЗША сказаў, што прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму «час дзейнічаць, і ён павінен забяспечыць заключанае пагадненне».

«Думаю, Пуцін гатовы заключаць пагадненне», — зноў паўтарыў Трамп.

Амерыканскі прэзідэнт не даў яснага тлумачэння, у чым ён бачыць перашкоды ў перамоўным працэсе з боку Зяленскага, але заявіў, што той «не дэманструе дастатковай гатоўнасці да перамоў» і «недапушчальна, што ён з'яўляецца перашкодай».

«У яго цяпер яшчэ менш карт», — сказаў Трамп, не тлумачачы, чаму так лічыць.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў указанні па падрыхтоўцы і адпраўцы ўкраінскіх спецыялістаў на Блізкі Усход для дапамогі ЗША ў супрацьстаянні іранскім «Шахедам», піша Reuters.

ЗША звярнуліся да Украіны па дапамогу для абароны сваіх баз і вайскоўцаў у пэўных краінах Блізкага Усходу — гаворка ішла пра барацьбу з іранскімі дронамі-камікадзэ «Шахед». Украінцы маюць вялікі вопыт у супрацьстаянні «Шахедам» за чатыры гады вайны, і Зяленскі не адмовіў Вашынгтону ў дапамозе. У чацвер ён заявіў, што Кіеў адправіць сваіх спецыялістаў на дапамогу амерыканскім вайскоўцам.

«Мы атрымалі запыт ад Злучаных Штатаў адносна канкрэтнай падтрымкі ў абароне ад "Шахедаў" у рэгіёне Блізкага Усходу... Я даў указанні падаць неабходныя сродкі і забяспечыць прысутнасць украінскіх спецыялістаў, якія могуць гарантаваць патрэбны ўзровень бяспекі», — заявіў Зяленскі.

Паводле слоў крыніцы, знаёмай з пытаннем, украінскія спецыялісты пачнуць працу «на працягу бліжэйшых некалькіх дзён».

Выданне нагадвае, што Зяленскі прапанаваў шмат схем дапамогі — напрыклад, абмяняць дроны-перахопнікі на зенітныя ракеты ад саюзнікаў на Блізкім Усходзе, якія маюць уласныя запасы сістэм Patriot.

Таксама Вялікабрытанія адправіла на Блізкі Усход элітных экспертаў па барацьбе з беспілотнікамі для абароны баз ад атак Ірана. У рэгіён былі накіраваны салдаты, якія разам з украінцамі прайшлі навучанне найноўшым тактыкам барацьбы з расійскімі беспілотнікамі.

* * *

Большасць краін Еўрапейскага саюза не падтрымалі ідэю «ўступлення авансам» або «зваротнага пашырэння», якую прапанавалі ў Еўракамісіі для Украіны, піша Politico са спасылкай на свае крыніцы.

Гаворка ідзе пра беспрэцэдэнтную ідэю «ўступлення авансам» для Украіны, якая забяспечыла б частковае сяброўства ў ЕС ужо ў 2027 годзе — але не азначала б паслаблення патрабаванняў па прынцыповых асноватворных пытаннях.

На рабочай вячэры паслоў ЕС у Бруселі шэраг паслоў нібыта паведамілі камандзе прэзідэнткі Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, што іх сталіцы не гатовыя падтрымаць рэвалюцыйную ідэю з хуткім прыняццем Украіны ў ЕС.

Адзін з прысутных на сустрэчы дыпламатаў апісаў атмасферу вячэры як «нармальную», але і адзначыў, што сігнал ад сталіц краін-членаў быў адназначным. «Мы хочам замацаваць будучыню Украіны ў ЕС... але не можам адступіць ад нашых працэдур і ад сістэмы прагрэсу, заснаванай на заслугах. Сутнасць у тым, што трэба знайсці рэалістычны шлях наперад», — паведаміў адзін з дыпламатаў.

* * *

Міністэрства фінансаў ЗША выдала Індыі часовае вызваленне на 30 дзён купляць расійскую нафту, якая стаіць у танкерах у порце або ў моры, напісаў міністр фінансаў ЗША Скот Бесент у сетцы Х.

«Каб забяспечыць працяг паступлення нафты на сусветны рынак, Міністэрства фінансаў ЗША выдае часовае 30-дзённае вызваленне, якое дазволіць індыйскім нафтаперапрацоўчым заводам купляць расійскую нафту», — напісаў Бесент.

Міністр адзначыў, што «гэтая наўмысна кароткатэрміновая мера не прынясе значнай фінансавай выгады расійскаму ўраду», паколькі яна дазваляе толькі аперацыі з нафтай, якая загразла ў моры, але пры гэтым «палегчыць ціск, выкліканы спробай Ірана ўзяць сусветную энергетыку ў закладнікі».

У той жа час ЗША маюць намер папрасіць Кітай скараціць закупкі нафты ў Расіі, і купляць яе больш у Штатаў. Згода ў тым ліку можа аслабіць пазіцыі РФ у вайне супраць Украіны, піша The Wall Street Journal.

* * *

Фінляндыя мае намер адмяніць шматгадовую забарону на размяшчэнне ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі, паведамляе Reuters са спасылкай на заяву фінскіх уладаў.

Як адзначае агенцтва, змены тычацца закона аб ядзернай энергетыцы, прынятага ў 1987 годзе. Ён забараняе імпарт, вытворчасць, захаванне і выкарыстанне ядзерных выбуховых рэчываў.

Міністр абароны Фінляндыі Анці Хяканен адзначыў, што прапанаваная рэформа з'яўляецца неабходным крокам для інтэграцыі краіны ў абаронную структуру NATO. «Гэтая папраўка неабходная для таго, каб Фінляндыя магла ажыццяўляць ваенную абарону як частка Альянсу і ў поўнай меры скарыстацца перавагамі стрымлівання і калектыўнай абароны NATO», — сказаў ён.

Як адзначае The Straits Times, рашэнне Хельсінкі шмат у чым было абумоўлена поўнамаштабнай агрэсіяй Расіі супраць Украіны, а таксама сумеснымі ініцыятывамі Францыі і Германіі па ўмацаванні ядзернага стрымлівання ў Еўропе. Улічваючы, што Фінляндыя мае з Расіяй агульную мяжу працягласцю 1340 км і ўжо надала ЗША доступ да 15 сваіх ваенных аб'ектаў, дазвол на разгортванне ядзерных сродкаў, напрыклад, знішчальнікаў Rafale з ядзернымі зарадамі, стане дзейсным сігналам Маскве, якая працягвае ўзмацняць стратэгічную прысутнасць у Арктыцы і развівае ваенныя аб'екты ўздоўж мяжы з Фінляндыяй.