На працягу шасці гадоў: літоўская разведка ацаніла, калі Расія можа напасць на NATO

Пры ўмове стабільнага функцыянавання эканомікі і абыходу санкцый Крэмль дасягне поўнай баявой гатоўнасці да «звычайнага ваеннага канфлікту з NATO» праз шэсць гадоў, лічаць у разведцы Літвы. Гэта больш аптымістычна, бо раней адмыслоўцы казалі пра магчымы канфлікт да 2030 года. Украіна працягвае стрымліваць Крэмль на фронце, ідуць 1473-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 148 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 сакавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 24 штурмы расіян у раёнах Шахава, Зацішак, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Грышына, Котліна, Удачнага, Мураўкі, Маладзецкага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 23 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Пляшчыеўкі, Яблонаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і іншых.

На Гуляйпільскім кірунку адбылося 19 атак у раёнах Мірнага, Гуляйполя і ў бок Залізнічнага, Крынічнага, Варвароўкі.

На Славянскім кірунку УСУ спынілі дзевяць атак у кірунку Рай-Аляксандраўкі, Рэзнікаўкі і ў раёне Закітнага.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі восем разоў ў раёнах Твердахлебава, Дэрылава, Калодзежаў і іншых.

* * *

У ноч на суботу, 7 сакавіка, расійскія войскі атакавалі Запарожжа ракетамі і беспілотнікамі. Падчас удару раненне атрымала немаўля.

Мэр Харкава Ігар Церахаў заявіў пра прамое траплянне балістычнай ракеты ў шматпавярховы дом у Кіеўскім раёне. Атака РФ прывяла да чатырох загінулых, зменшага дзесяць атрымалі раненні.

Расійскія войскі атакавалі балістычнымі ракетамі Кіеў. Абышлося без пацярпелых, як мінімум тры ракеты былі збітыя.

Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы заявіла, што праз маштабную начную атаку РФ на Украіну паднімала ў паветра ваенную авіяцыю.

* * * 

648992185_1278715694441506_8211791822003833173_n.jfif

* * *

Расія дае Ірану разведданыя пра месцазнаходжанне амерыканскіх ваенных караблёў і самалётаў на Блізкім Усходзе, піша The Washington Post.

У прыватнасці, з пачатку ваеннай аперацыі Расія перадала Ірану інфармацыю пра месцазнаходжанне амерыканскіх ваенных аб'ектаў, уключаючы ваенныя караблі і самалёты, заявілі выданню тры афіцыйныя асобы, якія выказаліся на ўмовах ананімнасці праз далікатнасць пытання.

«Падобна на тое, што гэта даволі комплексныя намаганні», — сказаў адзін з суразмоўцаў.

Міністр абароны ЗША Піт Хегсет у інтэрв'ю тэлеканалу CBS News заявіў, што прэзідэнт Дональд Трамп цалкам праінфармаваны пра кантакты паміж Расіяй і Іранам на фоне паведамленняў СМІ пра тое, што Расія дае Ірану разведданыя для нанясення ўдараў па амерыканскіх войсках на Блізкім Усходзе.

«Амерыканскі народ можа быць упэўнены, што яго галоўнакамандуючы (Дональд Трамп – рэд.) добра ведае, хто з кім размаўляе. Усё, чаго не павінна адбывацца, ці то публічна, ці то праз нефармальныя каналы, сустракае рашучае супрацьдзеянне. Мы адсочваем усё і ўлічваем гэта ў планах баявых дзеянняў», — сказаў ён.

Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт у эфіры Fox News заявіла, што «шчыра кажучы, гэта не мае асаблівага значэння, паколькі прэзідэнт Трамп і амерыканскія вайскоўцы цалкам знішчаюць злачынны іранскі тэрарыстычны рэжым».

* * *

Міністр фінансаў ЗША Скот Бесент у інтэрв'ю тэлеканалу Fox Business заявіў, што адміністрацыя разглядае магчымасць адмены санкцый з расійскай нафты, каб павялічыць прапанову на сусветным рынку і пазбегнуць дэфіцыту.

Паводле яго, ЗША вымушаныя рэагаваць на крытычны недахоп сыравіны. Напярэдадні Штаты ўжо далі Індыі 30-дзённы дазвол на куплю расійскай нафты, якая знаходзіцца на танкерах у моры.

«Мы можам зняць санкцыі з іншай расійскай нафты. Мінфін можа зрабіць яшчэ сёе-тое: на вадзе знаходзяцца сотні мільёнаў барэляў падсанкцыйнай сырой нафты. Па сутнасці, зняўшы з іх санкцыі, Казначэйства можа стварыць прапанову. І мы разглядаем гэта. Мы будзем працягваць абвяшчаць меры для палягчэння сітуацыі на рынку падчас гэтага канфлікту», — сказаў Бесент.

* * *

РФ стварае новыя ваенныя падраздзяленні каля межаў НАТА і рыхтуецца да магчымага маштабнага сутыкнення з Альянсам на працягу наступных шасці гадоў. Пра гэта паведамілі літоўскія спецслужбы, перадае Reuters.

Адзначаецца, што Масква актыўна ўкараняе вопыт, атрыманы ў вайне супраць Украіны, для рэфармавання сваіх узброеных сіл. Чакаецца, што пасля завяршэння баявых дзеянняў расійская армія стане значна больш шматлікай і мадэрнізаванай.

«Расія, верагодна, створыць не толькі на 30-50 працэнтаў большую армію, чым тая, што была да вайны, але і адносна сучасную. Стратэгічныя рэзервы ўзбраення і боепрыпасаў будуць цалкам адноўлены», — гаворыцца ў справаздачы.

Аналітыкі падкрэсліваюць, што пры ўмове стабільнага функцыянавання эканомікі і абыходу санкцый Крэмль дасягне поўнай баявой гатоўнасці да «звычайнага ваеннага канфлікту з НАТА» праз шэсць гадоў.

Таксама адзначаецца, што важным фактарам узмацнення РФ стала дапамога Кітая, якая дазволіла расійскаму ВПК знізіць залежнасць ад заходніх тэхналогій.