Дональд Трамп «не бачыць», як Расія падтрымлівае Іран

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп кажа, што ў яго няма інфармацыі пра тое, што Расія падтрымлівае Іран ў вайне з ЗША і Ізраілем. У той час  расійскія амбасадары наўпрост заяўляюць, што РФ не з'яўляецца нейтральнай у гэтым канфлікце. А ва Украіне працягваецца пазіцыйная вайна. Ідуць 1474-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота rian.ru

Фота rian.ru

У цэлым на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 121 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 сакавіка.

На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 20 штурмаў расіян ў раёнах Новага Данбасу, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Котліна, Удачнага, Ніканораўкі, Шаўчэнка, Пакроўску і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак паблізу Канстанцінаўкі, Пляшчыеўкі, Шчарбінаўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі, Навапаўлаўкі.

На Славянскім і Гуляйпольскім кірунках абаронцы Украіны спынілі па 12 атак расіян на кожным

* * *

Расійскія войскі акупавалі вёску Сопіч у Сумскай вобласці, дзе раней паведамлялася пра выкраданне мясцовых жыхароў, паведамляе аналітычны праект DeepState. Таксама гаворыцца пра прасоўванне расіян у Папоўцы, Высокім, у Камароўцы.

* * *

Расійскае ваеннае камандаванне перакідвае «элітныя» падраздзяленні паветрана-дэсантных войскаў і марской пяхоты на паўднёвы ўчастак фронту пасля поспехаў Узброеных сіл Украіны, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Паводле звестак аналітыкаў, расійскія сілы вывелі частку падраздзяленняў з Пакроўскага кірунку і раёна Дабраполля на ўсходзе Украіны. Гэтыя падраздзяленні, верагодна, былі перадыслакаваныя на паўднёвую лінію фронту пасля актывізацыі ўкраінскіх дзеянняў на Запарожскім і Днепрапятроўскім кірунках. У прыватнасці, гаворка ідзе пра 76-ю дывізію ПДВ, якая ў сакавіку 2022 года ўвайшла ў Бучу.

У ISW лічаць, што рашэнне звязана з нядаўнімі поспехамі ўкраінскай арміі, якія прымусілі расійскае камандаванне аператыўна ўзмацняць найбольш уразлівыя ўчасткі.

Падобная тактыка ўжо прымянялася раней. Расійскае камандаванне неаднаразова перакідала «адносна элітныя» падраздзяленні марской пяхоты на прыярытэтныя кірункі ў адказ на ўкраінскія контратакі.

* * *

У ноч на 8 сакавіка беспілотнікі атакавалі лінейную вытворча-дыспетчарскую станцыю «Армавір» у Краснадарскім краі Расіі, у выніку чаго на аб'екце ўзнік буйны пажар.

Лінейная вытворча-дыспетчарская станцыя (ЛПДС) «Армавір» з'яўляецца вузлавым аб'ектам трубаправоднай лагістыкі нафтапрадуктаў, дзе паліва перапампоўваецца па магістральным трубаправодзе, назапашваецца ў рэзервуарным парку і адгружаецца па чыгунцы. ЛПДС з'яўляецца адным са звёнаў энергетычнага ланцуга, таму яе пашкоджанне ўплывае не на асобны аб'ект, а на ўсю сістэму транспартавання нафтапрадуктаў на гэтым участку.

Губернатар Белгарадскай вобласці РФ заявіў, што ў ноч на 8 сакавіка па энергетычных аб'ектах у Белгарадзе і Белгарадскім раёне быў нанесены ракетны ўдар. Пад удар патрапілі электрападстанцыя «Белгарад», размешчаная на вуліцы Старажавой, і падстанцыя «Фрунзенская» ў раёне вёскі Драгунскае Белгарадскай акругі. У выніку ўзніклі перабоі з электра-, вода- і цеплазабеспячэннем.

* * * 

648096767_1279499071029835_1970639062525972456_n.jfif

* * *

Наступная сустрэча перамоўнай групы ў трохбаковым фармаце Украіна-ЗША-Расія можа адбыцца на наступным тыдні, паведамляе Украінская праўда са спасылкай на крыніцу, набліжаную да ўкраінскай дэлегацыі.

У цяперашні час вызначаецца месца такой сустрэчы. Перамовы павінны былі адбыцца 5 сакавіка ў Абу-Дабі, аднак праз сітуацыю ў Іране іх перанеслі. У якасці альтэрнатывы дэлегацыі абмяркоўваюць Жэневу або Стамбул.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас прэс-канферэнцыі пракаментаваў інфармацыю пра магчымую падтрымку Ірана Расіяй на фоне амерыкана-ізраільскай аперацыі на Блізкім Усходзе.

Журналісты спыталі прэзідэнта, ці вядома яму пра тое, што Масква якім-небудзь чынам падтрымлівае Іран. Трамп адказаў, што «не мае ніякіх падстаў так лічыць».

Ён дадаў, што нават калі Расія і перадае Ірану якую-небудзь інфармацыю, «яны не вельмі добра выконваюць сваю працу, паколькі Іран не надта добра спраўляецца». Трамп сказаў, што Расія можа надаваць Ірану «ўсю інфармацыю, якую хоча», аднак падкрэсліў, што тыя, хто яе атрымлівае, «перагружаныя», і гэта зніжае эфектыўнасць падтрымкі.

* * *

Расія афіцыйна падтрымлівае Іран у канфлікце з Ізраілем і лічыць дзеянні заходніх краін у гэтай сітуацыі несправядлівымі, заявіў у эфіры Sky News пасол Расіі ў Вялікабрытаніі Андрэй Келін.

Андрэй Келін падкрэсліў, што Расія не займае нейтральную пазіцыю ў вайне з Іранам. Паводле яго слоў, Масква салідарная з Тэгеранам і рэзка негатыўна ацэньвае дзеянні супрацьлеглага боку.

Дыпламат адзначыў, што заходняя логіка, згодна з якой Іран з'яўляецца адзіным вінаватым, з'яўляецца памылковай. «Ніхто не кажа, што ЗША і Ізраіль пачалі атаку на Іран. А Іран толькі адказвае на гэту атаку. Гэта проста несправядліва», — заявіў пасол.

На думку расійскага прадстаўніка, аптымальным сцэнарыем развіцця падзей павінна стаць неадкладнае спыненне баявых дзеянняў і вяртанне да дыпламатычнага ўрэгулявання і пошуку мірнага рашэння праз перамовы.

* * *

Расія выкарыстоўвае аэрастаты з разведвальным абсталяваннем для кругласутачнага сачэння за стратэгічнымі энергетычнымі аб'ектамі Эстоніі ў прыгранічных раёнах, паведамляе ўкраінскі Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі (ЦСД).

Расійскія дырыжаблі ажыццяўляюць маніторынг электрастанцый і сланцавых кар'ераў канцэрна Eesti Energia ў прыгранічным павеце Іда-Вірумаа. Выкарыстанне аэрастатаў дазваляе РФ збіраць даныя, фармальна не парушаючы паветраную прастору краін НАТА. Як адзначаюць у ЦСД, гэта сведчыць пра «эвалюцыю гібрыдных метадаў Крамля, накіраваных на выяўленне ўразлівасцяў энергасістэмы Балтыі».

Эксперты падкрэсліваюць, што сістэмны інфраструктурны шпіянаж з'яўляецца часткай стратэгіі дэстабілізацыі Еўропы і спробай павысіць «палітычную і эканамічную цану падтрымкі Украіны для ўрадаў краін ЕС».

Цікава, што выкарыстанне дырыжабляў вяртае да вопыту Першай сусветнай вайны, калі нямецкія цэпеліны атакавалі Лондан і Парыж, маючы значны псіхалагічны ўплыў. Праз развіццё СПА іх роля з часам абмежавалася марской разведкай, аднак цяпер РФ адаптуе гэтыя састарэлыя інструменты для сучасных гібрыдных аперацый.