1300 жыццяў альбо асабістая бяспека: няпросты выбар для Лукашэнкі

Лукашэнка маўчаў наконт Блізкага Усходу пяць дзён. Не проста маўчаў — ён нават не выказаў ніякіх спачуванняў з нагоды гібелі Хаменеі (за яго гэта прыйшлося рабіць Качанавай). А калі кіраўнік Беларусі раскрыў рот, мы зразумелі, што лаўры «перамоўшчыка» не даюць яму спакою.

Фота з spring96.org

Фота з spring96.org

Гэтым разам Лукашэнка марыць памірыць з аднаго боку Іран, з другога — ААЭ і з Аманам. Гэта і не дзіўна — Блізкі Усход часта згадваецца ў расследаваннях пра «чорную касу» Лукашэнкі і яго сям'і.

Кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў па даручэнні Лукашэнкі пагаварыў са сваім калегам з Амана Бадрам бін Хамадам бін Хамудам Аль-Бусаідзі. Беларускі бок «выказаў падтрымку намаганням Амана па ўсталяванні трывалага міру ў рэгіёне, а таксама ўсім пасярэдніцкім крокам, якія ім прадпрымаюцца», і Беларусь, як заяўляецца, «пацвердзіла гатоўнасць прыкладаць усе неабходныя намаганні, якія будуць спрыяць дээскалацыі канфлікту».

А ўжо на наступны дзень Лукашэнка прыняў пасла Ірана ў Беларусі Алірэзу Санеі. Лукашэнка прама заявіў паслу — яго «насцярожвае той факт, што дзяржавы Заліва могуць уцягнуцца ў гэтую вайну і стаць удзельнікамі гэтай дзікай вайны».

Лукашэнка чарговы раз спрабуе стаць пасярэднікам і перамоўшчыкам. Што, зноў жа, не дзіўна — за «перамоўніцкую місію» ў 2015-м годзе, за «Мінскія пагадненні» паміж Расіяй і Украінай, з Лукашэнкі знялі значную колькасць санкцый. З тых часоў беларускі кіраўнік марыць паўтарыць гэты поспех. Незлічоную колькасць разоў ён прапаноўваў свае «міратворчыя» паслугі — у вайне Расіі супраць Украіны, і ў Палесціне, і паміж Мадура і ЗША… Атрымалася, праўда, толькі адно — урэгуляваць канфлікт паміж Прыгожыным і Пуціным. Ды й тое не цалкам: гарантыі бяспекі, якія абяцаў Прыгожыну Лукашэнка, аказаліся «надзьмутымі» і невыканальнымі.

Так, вядома, Лукашэнка хоча зноў адчуць сябе ў ролі міратворцы далёка не бясплатна — гэта Трамп марыць пра Нобелеўскую прэмію міру. А беларускі кіраўнік рэальна хоча вярнуцца ў 2015-ты. Бо пра санкцыі яму не даюць забыць.

Нядаўна падмікіціла Украіна. Услед за ёй Польшча ўспомніла часы «Салідарнасці» і пацікавілася ў вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас аб увязцы гандлёвых адносін ЕС з Беларуссю з захаваннем працоўных правоў і свабоды асацыяцый. І падцягнула да праблемы беларускіх прафсаюзаў, якія Лукашэнка знішчыў, еўрадэпутатаў з 11 краін.

Камітэт па абароне журналістаў (CPJ) выступіў з патрабаваннем да ўладаў Беларусі неадкладна вызваліць былых кіраўнікоў баранавіцкага незалежнага навінавага партала bar24.by (раней незалежная газета і сайт Intex-Press) Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленку. Іх нядаўна прысудзілі да 14 і 12 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. «Гэты прысуд закліканы падтрымліваць атмасферу тэрору вакол незалежных СМІ ў краіне. Улады павінны неадкладна вызваліць Янукевіча і Пакаленку разам з усімі зняволенымі журналістамі», — адзначыла прадстаўніца арганізацыі.

Намеснік саветніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Эндру Бэйкер сустрэўся на тыдні з экс-прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта, былым кіраўніком Парка высокіх тэхналогій і экс-паслом Беларусі ў ЗША Валерыем Цапкалам. Цапкала абмяркоўваў з Бэйкерам вайну ва Украіне, і падчас гэтага абмеркавання было прапанавана, каб пры падрыхтоўцы будучай мірнай дамовы па Украіне Беларусь была ўключана ў яе як «дзяржава, якая прыняла ўдзел у вайне, надаўшы для ваеннай кампаніі Расіі сваю тэрыторыю і інфраструктуру».

То-бок, Лукашэнку «ціснуць» па ўсіх франтах, нагадваючы не толькі яму, але і ўсяму свету, за што ў дачыненні да яго былі ўведзены санкцыі, і заклікаючы да іх узмацнення. А спосабаў нават змякчыць (а не тое што адмяніць) гэтыя санкцыі, у яго няшмат.

Так, ён спрабаваў абмяняць палітвязняў на змякчэнне санкцый, і ў яго гэта нават атрымлівалася. Але пра вызваленне больш чым 1000 беларускіх палітвязняў ён размаўляў з Дональдам Трампам яшчэ ў жніўні мінулага года, і за гэты час размова, якую прэзідэнт ЗША называў «цудоўнай», крыху забылася.

З тых часоў адносіны Трампа і Лукашэнкі напэўна ахалодалі — калі беларускі кіраўнік не палічыў патрэбным наведаць трампаўскі «Савет міру». І калі Трампу нагадаюць пра тое, што Лукашэнка абяцаў і не зрабіў — хто ведае, што будзе?

Кіраўніку Беларусі застаецца толькі спадзявацца, што ён для Дональда — занадта дробная мішэнь: ядзерных праграм не распрацоўвае, наркотыкі ў ЗША не пастаўляе, і нават быццам усіх амерыканскіх грамадзян з турмаў выпусціў, уключаючы супрацоўнікаў «Радыё Свабода». А тое, што ён закідвае Еўропу мігрантамі і «мацае» па ўказанні Расіі неба над Еўропай і саўдзельнічае ў вайне — тут наўпрост інтарэсы ЗША не закранутыя.

Вось толькі непрадказальны Трамп можа думаць па-іншаму. І калі Трамп падумае па-іншаму, баюся, нават «друг Валодзя Пуцін» Лукашэнку не дапаможа. Ужо вельмі любіць сённяшні гаспадар Белага дому караць тых, хто яго «кідае».

Спачатку ў тупік зайшлі перамовы Трампа з Мадура — вынік вядомы. Потым у тупік зайшлі перамовы ЗША і Ірана па ядзернай праграме — вынік вядомы. І Лукашэнку трэба было б пастарацца і выканаць сваё абяцанне адміністрацыі ЗША пра вызваленне 1300 палітвязняў з беларускіх турмаў, нават не думаючы пра тое, на то ён абямяняе гэтых закладнікаў.

А то як бы Трамп не вырашыў, што і гэтыя перамовы зайшлі ў тупік…