Футбол не забывае: як стадыёны ў Аргенціне вяртаюць памяць пра ахвяр дыктатуры

 Акцыя El fútbol no olvida стала адной з самых моцных грамадзянскіх ініцыятыў у Аргенціне: праз футбол тут успамінаюць ахвяр дыктатуры і супрацьстаяць спробам перагледзець гісторыю.

argentina_clubes_22032026.jpg

Акцыя El fútbol no olvida («Футбол не забывае») стала адной з самых яркіх і эмацыйных грамадзянскіх ініцыятыў у рамках ушанавання 50-й гадавіны ваеннай дыктатуры ў Аргенціне (1976–1983).

Трэба сказаць, што 50-годдзе перавароту — а адбыўся ён у сакавіку 1976-га — прайшло ў краіне пад знакам глыбокага расколу: грамадства і праваабаронцы імкнуцца захаваць гістарычную памяць, тады як дзяржаўная ўлада робіць спробы яе перагляду.

Адміністрацыя прэзідэнта Мілея афіцыйна аспрэчвае лічбу ў 30 000 ахвяр дыктатуры, прапаноўваючы свае дадзеныя — менш за 9 000 зніклых. Прэзідэнт і яго лагер таксама настойваюць на тым, што ў 1970-я ў Аргенціне ішла «вайна», дзе «эксцэсы дапускалі абодва бакі» — і ваенныя, і левыя партызанскія групоўкі. Праваабаронцы ў сваю чаргу называюць гэта спробай апраўдаць дзяржаўны тэрор.

Глядзіце таксама

Нягледзячы на фактычнае супраціўленне ўлады, грамадства актыўна ўшаноўвае памяць пра злачынствы і ахвяраў рэжыму. Свой уклад унеслі і футбольныя клубы — і гэта невыпадкова. Падчас дыктатуры футбол выкарыстоўваўся ваеннай хунтай як інструмент сацыяльнай легітымацыі. Каласальныя сродкі былі ўкладзеныя ў правядзенне чэмпіянату свету 1978 года. Не скупіліся генералы і на хабары суддзям.

Але футбольная палітыка мела адваротны бок. Аргенцінскі футбольны свет адначасова падвяргаўся рэпрэсіям. Многія балельшчыкі былі выкрадзены і забіты. Прапаганда дыскрэдытавала клубы, гістарычна звязаныя з перанізмам, прафсаюзным ці левым рухам.

Так, клуб Racing гістарычна быў цесна звязаны з перанізмам і рабочым класам. Не выпадкова стадыён клуба носіць імя прэзідэнта Перона — таго самага Перона, які быў абраны ганаровым прэзідэнтам клуба, тады як яго жонка, знакамітая Эвіта, стала ганаровай членкай. Гэтая глыбокая ідэнтыфікацыя з перанізмам зрабіла клуб аб’ектам падазрэння ў вачах ваеннай хунты. Вядома, што 11 балельшчыкаў клуба былі выкрадзены і забіты.

Пераследавалі ў тыя гады і футбалістаў. Наглядны прыклад — гісторыя Клаўдыё Тамбурыні, варатара клуба другога дывізіёна Almagro. Паралельна з футболам ён быў студэнтам-філосафам з левымі поглядамі. За гэта 23 лістапада 1977 года атрад сілавікоў выкраў Тамбурыні пры вяртанні дадому і адвёз у тайны цэнтр утрымання Mansión Seré.

Там ён правёў чатыры месяцы. Яго ўвесь час катавалі: збівалі, ужывалі электрашок (picana) і практыкавалі «падводную лодку» (катаванне вадой). У камеры ён знаходзіўся ў кайданках і часцяком аголеным — каб зламаць волю і годнасць.

Зразумеўшы, што іх усё роўна заб’юць, Тамбурыні і трое таварышаў па бядзе вырашыліся на адчайныя ўцёкі. 24 сакавіка 1978 года — роўна праз два гады пасля перавароту — зняволеныя зламалі акно і збеглі праз лес, голыя, з дапамогай вяроўкі з завязаных прасцінаў. Пазней Тамбурыні ўдалося нелегальна пакінуць краіну.

Глядзіце таксама

Менавіта пра такіх, як Тамбурыні, згадваюць сёння на аргенцінскіх стадыёнах у межах акцыі El fútbol no olvida. Многія клубы размясцілі на футболках сімвалы і лозунгі, далучаючыся да патрабаванняў «памяці, праўды і справядлівасці» ў адрас ахвяр дыктатуры.

Сваякам зніклых балельшчыкаў урачыста ўручылі адноўленыя клубныя членскія карткі іх блізкіх. Гэтыя карткі атрымалі асаблівы статус: хаця чалавека ўжо няма, яго месца ў клубе і на трыбуне захоўваецца назаўсёды. Адначасова статусу ганаровых членаў клубаў пазбавілі лідараў дыктатуры.

Крыніца фота: акаунт Club Godoy Cruz у Х

Крыніца фота: акаунт Club Godoy Cruz у Х

Значнай грамадскай падзеяй стала адкрыццё «Месца памяці» (Sitio de Memoria) на былым спартыўным полі клуба River Plate. Гэты ўчастак у свой час уваходзіў у комплекс сумна вядомай ESMA (Вышэйшай школы механікаў ВМС) — аднаго з галоўных цэнтраў катаванняў і знішчэння людзей.

Ваенныя выкарыстоўвалі спартыўнае поле для ліквідацыі цел тых, хто паміраў пад катаваннямі або быў забіты пры інсцэніраваных «перастрэлках». Гэтую практыку каты цынічна называлі asadito — ад asado, традыцыйнага аргенцінскага барбекю. Былыя афіцэры і прызыўнікі, якія давалі паказанні на судах, пацвярджалі, што бачылі з тэрыторыі ESMA велізарныя вогнішчы, якія было відаць за некалькі кварталаў.

Пасля падзення дыктатуры гэтая тэрыторыя была наўмысна засыпаная будаўнічым смеццем і друзам. Гэта моцна ўскладняе любыя раскопкі і робіць стандартны пошук парэшткаў практычна немагчымым. Таму адкрыццю «Месца памяці» папярэднічалі гады раскопак у супрацоўніцтве з судовымі органамі і Аргенцінскай камандай судовай антрапалогіі (EAAF).

Падводзячы вынікі акцыі El fútbol no olvida, можна сказаць: футбол у Аргенціне пачаў выконваць незвычайную функцыю — стаў сімвалам таго, што спорт можа быць прасторай памяці і супраціву забыццю. Не выпадкова Аргенцінская футбольная асацыяцыя (AFA) з нагоды гадавіны перавароту заявіла: праз пяцьдзесят гадоў пасля тых падзей «аргенцінскі футбол пацвярджае сваю прыхільнасць памяці, праўдзе і справядлівасці — найважнейшым каштоўнасцям дэмакратычнага суіснавання і развіцця нашых інстытутаў».