Уладзімір Зяленскі: Расія зноў будзе спрабаваць уцягнуць у вайну Беларусь

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі са спасылкай на даныя выведкі паведаміў, што ў памежжы Беларусі адбываецца будаўніцтва дарог да тэрыторыі Украіны і наладжванне артылерыйскіх пазіцый. Гэта азначае, што Расія зноў можа рыхтаваць напад з тэрыторыі РБ. Тым часам ЕС праводзіць вучэнні, каб бараніцца без NATO. Ідуць 1515-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

639647162_1269599165353159_4525406289966597548_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 151 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 33 штурмы расіян у раёнах Радзінскага, Чырвонага Ліману, Новааляксандраўкі, Грышына, Пакроўску, Котліна, Мірнаграду, Маладзецкага, Шаўчэнка, Мураўкі, Удачнага, Новапаўлаўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 22 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру, Сцяпанаўкі, Сафіеўкі, Новапаўлаўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 12 атак у бок Гуляйпольскага, Зялёнага, Дабраполля, Аленаканстанцінаўкі, Залізнічнага, Стараўкраінкі, Святапятроўкі.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі 10 разоў у бок Калінаўскага, Вербавага, Злагоды, Вароніна і Аляксандраграда.

* * *

У ноч на 18 красавіка расійскія войскі ўдарылі беспілотнікам па жылым доме ў горадзе Багадухаў у Харкаўскай вобласці. У выніку ўдару пашкоджаны тры жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы, пацярпелі 42-гадовы мужчына і 63-гадовая жанчына.

У выніку начной атакі расійскіх войскаў на энергетычную інфраструктуру Чарнігаўшчыны без электразабеспячэння засталіся 380 тысяч абанентаў у гарадах Чарнігаў, Прылукі, Нежын, Славуціч, у Чарнігаўскім, Нежынскім і Прылуцкім раёнах.

У Самарскай вобласці Расіі беспілотнікі атакавалі Навакуйбышаўскі нафтаперапрацоўчы завод, на прадпрыемстве ўспыхнуў пажар.

У ноч на 18 красавіка, беспілотнікі здзейснілі атаку на нафтабазу ў раёне Казачай бухты, у часова акупаваным Крыме. У сацсетках распаўсюджаны кадры, якія зафіксавалі маштабны пажар каля мясцовага порта.

* * * 

673852603_992937806423345_173755198750798936_n.jfif

* * *

ЗША на 30 дзён адмянілі санкцыйныя абмежаванні на куплю расійскай нафты і нафтапрадуктаў, якія транспартуюцца морам, насуперак папярэднім публічным заявам не аднаўляць адпаведныя ліцэнзіі.

Як паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША, «Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША выдае генеральную ліцэнзію № 134B "Аб дазволе на пастаўку і продаж сырой нафты і нафтапрадуктаў расійскага паходжання, загружаных на судны па стане на 17 красавіка 2026 года».

Новая ліцэнзія будзе дзейнічаць да 16 траўня і заменіць выключэнне з санкцый у дачыненні да расійскай нафты, тэрмін дзеяння якога скончыўся 11 красавіка.

16 красавіка міністр фінансаў ЗША Скот Бесент на брыфінгу ў Белым доме заявіў, што Злучаныя Штаты «не будуць аднаўляць генеральную ліцэнзію на расійскую нафту».

* * *

Еўрапейскі Саюз правядзе вучэнні для праверкі механізму ўзаемнай дапамогі ў выпадку агрэсіі супраць адной з дзяржаў-членаў на фоне напружанасці ў адносінах з NATO, піша Bloomberg.

Паводле слоў высокапастаўленага чыноўніка ЕС, гэтыя вучэнні будуць імітаваць працэс прыняцця рашэнняў у выпадку, калі адна з краін-членаў звернецца да астатніх краін ЕС за ваеннай падтрымкай. Вучэнні пройдуць з удзелам паслоў краін ЕС у Бруселі, а затым на сустрэчы міністраў абароны ў маі на Кіпры.

Згодна з артыкулам 42.7 дамовы аб ЕС, калі дзяржава-член становіцца «ахвярай узброенай агрэсіі на сваёй тэрыторыі», іншыя дзяржавы-члены абавязаны «аказваць дапамогу і садзейнічанне ўсімі наяўнымі ў іх распараджэнні сродкамі».

* * *

Расія зноў будзе спрабаваць уцягнуць у сваю вайну Беларусь, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, у памежжы Беларусі, паводле даных разведкі, адбываецца будаўніцтва дарог да тэрыторыі Украіны і наладжванне артылерыйскіх пазіцый.

«Фіксуем спробы акупацыйнага кантынгенту правесці перагрупоўку сіл — хутчэй за ўсё з мэтай кампенсаваць дэфіцыт асабовага складу. У сувязі з гэтым становіцца больш відавочным, навошта на тэрыторыі Беларусі павысілі актыўнасць узброеных сіл», — адзначыў ён.

Зяленскі даручыў адпаведнымі каналамі папярэдзіць фактычнае кіраўніцтва Беларусі аб гатоўнасці Украіны абараняць сваю зямлю і незалежнасць. «Характар і наступствы нядаўніх падзей у Венесуэле павінны стрымліваць кіраўніцтва Беларусі ад памылак», — падкрэсліў Зяленскі.

Раней Лукашэнка заявіў, што Беларусь рыхтуецца да вайны, а комплексная праверка арміі Беларусі, паводле слоў самаабвешчанага прэзідэнта, была неабходная для таго, каб праверыць, як ва ўмовах ваеннага часу будуць дзейнічаць падраздзяленні, прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць.

* * *

Расія вымушана фарміраваць новыя ваенныя падраздзяленні для абароны сваіх стратэгічных нафтавых портаў ад атак беспілотнікаў. Улады Ленінградскай вобласці абвясцілі тэрміновы набор рэзервістаў для абароны тэрміналаў Усць-Луга і Прыморск, піша Independent.

Губернатар Аляксандр Драздзенка пацвердзіў, што новыя падраздзяленні будуць разгорнуты «на тэрыторыі прадпрыемстваў і крытычна важнай інфраструктуры». Ён пазбягае згадак пра Украіну, аднак заявіў, што на нарадзе федэральных і сілавых структур было «вырашана, што абарона неба над Ленінградскай вобласцю ад атак дронаў павінна быць узмоцнена».

Рэзервістам прапануюць падпісаць кантракт ад двух месяцаў да некалькіх гадоў і галоўнай іх задачай будзе «выяўленне і знішчэнне паветраных мэтаў над портамі». Аднак насамрэч любы кантракт з МА РФ аўтаматычна падаўжаецца да моманту заканчэння так званай «частковай мабілізацыі», якую Пуцін так і не адмяніў. Акрамя таго, месца службы кантрактніка вызначае камандаванне, і «абарона неба над портамі» можа стаць штурмавым батальёнам у Данбасе.