«Дызельная здзелка» Трампа з Расіяй аказалася нікому не патрэбная

Адзіны танкер з расійскім дызельным палівам, які даплыў да берагоў ЗША, не можа разгрузіцца — ніхто не хоча набываць расійскі дызель. У самой РФ з’явіліся вялікія праблемы з бюджэтам, а ў Абу-Дабі працягваюцца мірныя перамовы, на якіх Расія выкарыстоўвае фэйкавыя мапы баявых дзеянняў. Ідуць 1722-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйны малюнак з odt.co.nz

Ілюстрацыйны малюнак з odt.co.nz

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 125 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 лістапада.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 15 атак у раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Дружкоўкі, Іллінаўкі, Мікалаеўкі, Русінага Яру, Грузскага і Вольнага.

На Пакроўскім кірунку адбылося 11 атак у бок населеных пунктаў Новы Данбас, Біліцкае, Дабраполле, Васільеўка, Сяргееўка і Маладзецкае.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі сем атак расійцаў у раёне Ціхага і ў бок населеных пунктаў Чайкаўка, Ахрымаўка, Валахоўка, Мікалаеўка, Бакшэеўка і Малая Воўча.

* * *

Старшыня Савета абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул паведаміў, што ў выніку атакі расійскіх беспілотнікаў горад часткова застаўся без электрычнасці. Таксама пашкоджаны шматкватэрныя дамы, школы і дзіцячыя сады.

Вечарам 10 лістапада расійская армія нанесла ўдар па адной з вёсак Запарожскага раёна, у выніку чаго пацярпелі 6 чалавек.

У ноч на 11 лістапада, расійская армія нанесла двайны ракетны ўдар па Харкаву. Наступствы атакі ўдакладняюцца.

У ноч на 11 лістапада Ленінградская вобласць Расіі падверглася атакам беспілотнікаў, у выніку ўзнік пажар у порце Усць-Лугі, а таксама адбылося аварыйнае адключэнне трансфарматарнай падстанцыі.

* * *

903825776_4531914397023045_7215682177277412911_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі заявіў, што на перамовах у Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў абмеркавалі магчымасць правядзення маштабнага абмену ваеннапалоннымі.

«Сёння абмеркавалі магчымасць абмену, хочуць зрабіць 1000 на 1000, магчыма 1500 на 1500. З парадкам дня пра якісьці буйны абмен амерыканцы адправяцца ў Расію. Другое пытанне тычылася тэрыторый, яно падымалася з боку расіян. Гэта пытанне ўзроўню лідараў — такі мандат ёсць у нашых перамоўшчыкаў. Вельмі важна, што прысутнічалі прадстаўнікі Еўропы», — паведаміў Зяленскі.

На сераду прэзідэнт Украіны анансаваў больш пытанняў пра меры па дээскалацыі, энергетыцы, Чорным моры і пра трохбаковую сустрэчу на ўзроўні лідэраў.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі паведаміў, што ў ходзе перамоў высветлілася, што расіяне лічаць акупаваную тэрыторыю большай, чым яна ёсць на самой справе.

«Расіяне заявілі, што яны акупавалі палову тэрыторыі Данбаса, якую мы кантралюем. Дакладна палову, гэта не проста, ведаеце, адна вёска, а гэта вялікая, сапраўды вялікая тэрыторыя, і яны, — то-бок ваенныя і разведчыкі з расійскага боку, — вельмі сур'ёзна пра гэта казалі», — распавёў Зяленскі.

Украінская каманда абвяргала гэтыя даныя, заяўляючы, што ёсць відэазапісы, на якіх ясна бачна, што Украіна кантралюе гэтую тэрыторыю. Галоўнакамандуючы Аб'яднанымі сіламі НАТА ў Еўропе Алексус Грынкевіч, які прысутнічаў на сустрэчы, пацвердзіў, што ўкраінская карта баявых дзеянняў бліжэй да рэальнасці.

«Праблема ў тым, што Пуцін жыве некалькі ў іншай інфармацыйнай прасторы — гэта іншая рэальнасць, і, вядома, ён заяўляе Амерыцы: "Паслухайце, мне патрэбна адзін, два, тры месяцы, і мы цалкам акупуем усходнюю частку Украіны". Вядома, я таксама магу намаляваць яму такую карціну, што адбудзецца поўная акупацыя, але гэта няпраўда», — сказаў Зяленскі.

* * *

Першы «дызельны» танкер з Расіі прыбыў у ЗША, але ніхто не хоча купляць яго груз. Танкер спыніўся каля ўсходняга ўзбярэжжа краіны, а яго аператар паведаміў, што пункт прызначэння яшчэ не вызначаны, піша Reuters.

22 кастрычніка ў расійскім балтыйскім порту Прыморск на танкер Agioi Fanendes пад сцягам Мальты загрузілі 40 тысяч тон дызельнага паліва, а чаканай датай дастаўкі ў ЗША было 7 лістапада.

Аднак грэцкая кампанія Eastmed, якая кіруе Agioi Fanendes, паведаміла, што судна працягвае рух у чаканні загаду, а порт разгрузкі яшчэ не вызначаны і не зацверджаны.

«Што тычыцца пункта прызначэння судна, нічога не змянілася, яно па-ранейшаму чакае загаду», — паведамілі 10 лістапада агенцтву Reuters у Eastmed.

Раней СМІ паведамлялі, што ў канцы кастрычніка тры танкеры адправіліся з Расіі ў ЗША прыблізна з 140 тысячамі тон дызелю. Аднак ніводзін з іх пакуль не дасягнуў амерыканскіх партоў. Talisman змяніў курс у бок Міжземнага мора і стаў на якары ў Александрыі. Leruo накіраваўся ў Бразілію і адключыў перадачу каардынат. Цяпер і апошні танкер не можа разгрузіцца ў ЗША.

* * *

Дэфіцыт федэральнага бюджэту РФ па выніках кастрычніка зноў вырас, нягледзячы на рост цэн на расійскую нафту да рэкордных за 12 гадоў узроўняў, піша The Moscow Times.

Як паведаміў Мінфін РФ, за студзень–кастрычнік выдаткі бюджэту апынуліся вышэй за даходы на 5,23 трлн рублёў (63,36 млрд долараў), або 2,3% ВВП. За месяц дзірка ў казне РФ павялічылася на 48 млрд рублёў (581,5 млрд долараў), хоць у верасні і жніўні бюджэт зводзіўся з прафіцытам.

У параўнанні з тым жа перыядам мінулага года дэфіцыт бюджэту павялічыўся на траціну, або на 1,292 трлн рублёў (15,53 млрд долараў), а яго бягучыя памеры амаль у паўтара разы перавышаюць першапачатковы план на ўвесь год.

Сітуацыя з бюджэтам для РФ пагаршаецца па меры росту цаны вайны, адзначае Яніс Клюге, эксперт нямецкага Інстытута праблем міжнароднай бяспекі.

За 2022–2025 гады Крэмль выдаткаваў на армію і вытворчасць зброі 47 трлн рублёў (568,7 млрд долараў) — 26 гадавых бюджэтаў усёй сістэмы вышэйшай адукацыі ў краіне. У бюджэт на бягучы год на «нацыянальную абарону» было закладзена 12,9 трлн рублёў (152,2 млрд долараў), але фактычныя выдаткі складуць каля 17 трлн (204,39 млрд долараў), паведамлялі крыніцы Bloomberg.