Генерал NATO: Толькі Украіна мае права вызначаць будучыню сваіх тэрыторый

ЗША спрабуюць знайсці розныя варыянты вырашэння тэрытарыяльнага пытання для ўрэгулявання вайны Расіі супраць Украіны. Аднак не ва ўсіх такія крокі выклікаюць ухваленне нават у асяроддзі саюзнікаў Штатаў. А Расія, падобна, сапраўды зацягвае перамовы, прапаноўваючы абмеркаваць тое, што Украіны амаль не тычыцца. Ідуць 1723-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

541784328_1130890172557393_8178911980292516091_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 167 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 лістапада.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 14 атак у раёне Канстанцінаўкі, Раскошнага, Тарэцкага, Сафіеўкі, Вольнага і ў бок населеных пунктаў Мікалаеўка, Кучараў Яр.

На Пакроўскім кірунку адбылося толькі шэсць атак непадалёк населеных пунктаў Новы Данбас, Вадзянскае, Біліцкае, Маладзецкае, Навамікалаеўка і ў бок Сяргееўкі.

На Гуляйпольскім і Ліманскім кірунках расійцы здзейснілі па пяць атак на кожным.

* * *

Агенцтва Bloomberg са спасылкай на канфідэнцыйныя даныя «Расстата» паведаміла пра гібель у ходзе вайны Расіі супраць Украіны больш за 11 тысяч замежнікаў з амаль 100 краін.

Даныя былі атрыманыя беларускай групай «Кіберпартызаны BY» і ўкраінскай хакерскай групай «Silent Crow». Гэтыя даныя былі перададзены агенцтву і невялікай групе іншых СМІ.

Агенцтва ўказвае, што база даных змяшчае больш за 11 мільёнаў сведчанняў пра смерць, а таксама спадарожныя звесткі, такія як месца нараджэння, грамадзянства і месца смерці. З моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну амаль пяць гадоў таму Крэмль зарэгістраваў больш за 400 тысяч смерцяў, звязаных з вайной.

У гэтую статыстыку ўваходзяць 11.335 замежнікаў. «Гэтыя смерці былі зарэгістраваныя ў перыяд з 24 лютага 2022 года па канец жніўня 2026 года і наўпрост звязаныя з вайной — альбо па адпаведных кодах, альбо дзякуючы згадванню ў тэксце такіх словаў, як "ваенная аперацыя", "абстрэл" або "дроны"», — гаворыцца ў публікацыі.

Bloomberg адзначае: даныя «Расстата» сведчаць, што колькасць смерцяў замежнікаў, звязаных з вайной, вырасла больш чым у восем разоў з моманту ўварвання: з прыблізна 630 у 2022 годзе да больш чым 5.500 у 2025 годзе.

* * *

Расійскія войскі ў ноч на 12 лістапада нанеслі ўдары па энергетыцы і жыллёвым сектары Ровенскай вобласці. Па папярэдніх даных — без чалавечых ахвяр. Аднак у населеных пунктах Ровенскага і Сарненскага раёнаў назіраюцца адключэнні электраэнергіі.

У ноч на чацвер, 12 лістапада, у Кіеве і шэрагу абласцей абвясцілі паветраную трывогу з-за пагрозы расійскай балістыкі.

* * *

894699838_1648617780066955_7929411213858422645_n.jfif

* * *

Кіраўнік дэпартамента знешнепалітычнага планавання МЗС Расіі Аляксей Драбінін агучыў ідэі расійскага боку адносна новай архітэктуры бяспекі Еўропы, прапанаваўшы заключыць пагадненні пра ненапад з дзяржавамі-членамі NATO, піша Reuters.

Уладзімір Мядзінскі, галоўны перамоўшчык ад Расіі на перамовах па Украіне, якія на гэтым тыдні аднавіліся ўпершыню з лютага, заявіў, што новая сістэма бяспекі Еўропы была цэнтральнай тэмай двухдзённых перамоў у Абу-Дабі. У той жа час ён не ўдакладніў, што менавіта абмяркоўвалі ўдзельнікі сустрэчы.

Драбінін прадставіў на канферэнцыі па пытаннях бяспекі ў Маскве шэраг падрабязных прапаноў па гэтай ідэі. Адным з варыянтаў з'яўляюцца двухбаковыя пакты пра ўзаемны ненапад.

«Пагадненні такога кшталту маглі б заключацца з асобнымі дзяржавамі-членамі NATO, якія тады атрымалі б, скажам, дадатковыя індывідуальныя гарантыі бяспекі ад Расійскай Федэрацыі», – заявіў Драбінін на канферэнцыі.

Некаторыя еўрапейскія палітыкі выступаюць супраць любых абмеркаванняў агульнай архітэктуры бяспекі Еўропы, падкрэсліваючы, што спачатку неабходна дасягнуць дамоўленасцей пра прагрэс ва ўрэгуляванні вайны ва Украіне, у прыватнасці пра спыненне агню. Амерыканскія чыноўнікі далі зразумець, што адкрытыя для такіх абмеркаванняў.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі расказаў, што амерыканскі бок спрабуе знайсці розныя варыянты вырашэння тэрытарыяльнага пытання для ўрэгулявання вайны, але ў любым выпадку яго варта абмяркоўваць на ўзроўні лідараў.

Па яго словах, амерыканцы рэгулярна падымаюць тэму Данбаса на перамовах.

«Вядома, яны засяроджваюць на гэтым сваю ўвагу. Яны думаюць, што для таго, каб спыніць гэтую вайну, мы павінны сысці з нашай тэрыторыі. З намі немагчыма гаварыць такім чынам, калі гаворка ідзе пра незалежнасць нашай краіны. Яны спрабуюць знайсці нейкія варыянты гэтага. І я чуў розныя рэчы» — сказаў Зяленскі.

Ён дадаў, што не будзе казаць пра падрабязнасці, паколькі спатрэбяцца гадзіны, «каб абмеркаваць усе гэтыя варыянты».

* * *

Намеснік вярхоўнага галоўнакамандуючага аб'яднанымі ўзброенымі сіламі NATO генерал Джон Стрынгер у інтэрв'ю тэлеканалу Euronews заявіў, што толькі Украіна мае права вызначаць будучыню сваіх суверэнных тэрыторый.

Стрынгер выказаў сумнеў у шчырасці намераў Крамля падчас перамоваў у Абу-Дабі. Па яго словах, на дадзены момант мала доказаў таго, што Уладзімір Пуцін адмовіўся ад сваіх максімалісцкіх мэт узору 2022 года, якія прадугледжвалі анексію ўкраінскіх тэрыторый.

«Гэта шкодзіць Пуціну. Ён думаў, што зараз умяшаецца, створыць новую архітэктуру бяспекі ў Еўропе, якая пачалася ва Украіне ў пачатку 2022 года, і яго ў гэтым вельмі расчаравалі. Тое, чаго Украіна змагла дасягнуць дзякуючы натхненню, інавацыям і волі, проста неверагодна, і мы павінны аддаць гэтаму належнае» — сказаў Стрынгер.

На пытанне пра магчымы ціск на Украіну з мэтай адмовы ад часткі Данецкай і Луганскай абласцей Стрынгер заявіў, што толькі Украіна мае права вызначаць будучыню сваіх суверэнных тэрыторый. «Што тычыцца тэрыторый, гэта выключна пытанне для ўкраінцаў», — заявіў ён.

* * *

Паслы краін Еўрасаюза на пасяджэнні Камітэта пастаянных прадстаўнікоў (Coreper) 11 лістапада папярэдне ўзгаднілі ўнясенне ў санкцыйныя спісы супраць Расіі 145 фізічных і юрыдычных асоб, датычных да расійскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама да кібератак і гібрыднай дзейнасці, піша «Еўрапейская праўда».

Канчаткова зацвердзіць новыя санкцыйныя спісы павінен Савет ЕС па замежных справах, пасяджэнне якога адбудзецца ў Бруселі ў панядзелак, 16 лістапада.

«У санкцыйныя спісы за дзеянні супраць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны будуць уключаны 12 фізічных і 101 юрыдычная асоба. Сярод гэтай сотні — 50 расійскіх банкаў», — паведаміў суразмоўца «ЕўраПраўды».

Таксама санкцыі будуць уведзены супраць шэрагу кампаній, якія спрыяюць дзейнасці ценявога флоту РФ.

* * *

Амерыканскія перамоўшчыкі Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер раніцай 12 лістапада прыбылі ў Маскву, дзе павінны сустрэцца з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным.

Кушнер заяўляў, што яны з Уіткафам плануюць абмеркаваць з Пуціным тэмы, закранутыя ў ходзе трохбаковых перамоваў Украіны, ЗША і Расіі ў Абу-Дабі. Пасля Масквы амерыканскія перамоўшчыкі маюць намер адправіцца ў Дублін на сустрэчу з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы гэты візіт, сказаў, што «амерыканцы паляцелі з канкрэтнымі прапановамі да Пуціна. Мне б вельмі хацелася, каб яны прыляцелі з канкрэтнымі прапановамі ў Дублін. Я не вельмі ў гэта веру, але надзея ёсць».

Кіраўнік Украіны разлічвае атрымаць рэакцыю расійскага боку на пытанні, якія былі паднятыя падчас перамоваў у Абу-Дабі.

«Перш за ўсё быў закрануты гуманітарны трэк. Бакі абмяркоўвалі магчымасці абмену ваеннапалонных 1000 на 1000, можа, атрымаецца 1200 на 1200. Гэта было б вельмі пазітыўна. Я не бачу прычын, чаму Расія павінна адмовіць, але ўсё бывае. А другое пытанне — гэта гарантыі бяспекі. Абмяркоўвалі некалькі фарматаў гарантый бяспекі для Украіны. І мы таксама атрымаем адказ рускіх амерыканцам. Яны атрымаюць іх бачанне гэтага пытання», — сказаў Зяленскі.